Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжой
Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжой — ваенныя саветнікі і ваенспецы з СССР, накіраваныя ў дапамогу замежным узброеным сілам. Дадзеная практыка з’яўлялася адным з ключавых напрамкаў міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва дзяржавы[1].
Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]
Да задач савецкіх вайскоўцаў за мяжой ставіліся[2]:
- распрацоўка прапаноў і рэкамендацый па пытаннях фарміравання, тэхнічнага абсталявання і прымянення нацыянальных узброеных сіл;
- аказанне дапамогі ў падтрыманні баявой гатоўнасці, арганізацыі баявой і аператыўнай падрыхтоўкі войскаў і штабоў;
- аказанне дапамогі ў засваенні ваеннай тэхнікі і ўзбраення;
- арганізацыя сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў;
- удзел у будаўніцтве аб’ектаў абароннага прызначэння.
У зонах ваенных дзеянняў яны пры неабходнасці маглі ўдзельнічаць у баях[3].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У міжваенны перыяд 1920—1930-х гадоў савецкія ваенныя спецыялісты працавалі ў Кітаі і Іспаніі.
У першым выпадку іх дзейнасць пачалася ў 1924 годзе. Замежнікі ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі Паўднёвага Кітая (НРА) і прынялі ўдзел у Паўночным паходзе. Аднак з-за грамадзянскай вайны паміж Гаміньданам і КПК савецкая вайсковая прысутнасць згорнута. У 1937—1941 гадах ваенныя саветнікі і спецыялісты вярнуліся ў Кітай, дапамагаючы ў барацьбе супраць японскага ўварвання[4].
У другім выпадку савецкія вайскоўцы адзначыліся ўдзелам у грамадзянскай вайне 1936—1939 гадоў, падтрымаўшы рэспубліканцаў у супрацьстаянні з франкістамі. Вопыт баявых дзеянняў у Іспаніі лёг у аснову падрыхтоўкі СССР да будучага сусветнага канфлікту[5].
Пасля Другой сусветнай савецкіх вайскоўцаў сталі накіроўваць у камандзіроўкі ва Усходнюю Еўропу. Першай краінай, у якой на пастаяннай аснове разгорнута група ваенных саветнікаў і спецыялістаў, была Германская Дэмакратычная Рэспубліка[1].
З сярэдзіны 50-х гадоў савецкі ўплыў нарастае ў новых незалежных дзяржавах «трэцяга свету». З гэтага часу колькасць краін, якім Масква аказвала дапамогу ў будаўніцтве Узброеных Сіл, значна ўзрастае. Шмат у чым гэтаму спрыяў XX з’езд КПСС (люты 1956 года). На ім агучаны заклік «усяляк умацоўваць брацкія адносіны, сяброўства і супрацоўніцтва не толькі з краінамі народнай дэмакратыі, але і з народамі іншых дзяржаў, якія стаяць на пазіцыі міру; падтрымліваць тыя краіны, якія не даюць уцягваць сябе ў агрэсіўныя блокі; ісці насустрач усім сілам, якія зацікаўлены ў захаванні міру». Пашырэнне геаграфіі і ўзрастанне аб’ёмаў аказання Савецкім Саюзам дапамогі абумоўлівалі вострую патрэбу ў ваенных замежных кадрах — саветніках, спецыялістах, інструктарах і перакладчыках[6].
У «гарачых кропках» работа ажыццяўлялася ва ўмовах максімальнай сакрэтнасці. Вайскоўцы не мелі магчымасці інфармаваць сваякоў нават аб характары місій. Пры выкананні баявых заданняў савецкія спецыялісты нярэдка павінны былі маскіравацца, пераапранаючыся ў чужую форму, і выдаваць сябе за байцоў мясцовых армій. З меркаванняў сакрэтнасці забаранялася насіць дакументы і знакі адрознення[7]. Удзел у чужых войнах матываваўся выкананнем інтэрнацыянальнага доўгу, абаронай каштоўнасцяў сацыялізму, дапамогай дружалюбным краінам у будаўніцтве нацыянальных узброеных сіл і адлюстраваннем агрэсіі звонку[8].
Большасць савецкіх вайскоўцаў мела вельмі смутныя ўяўленні аб замежных рэаліях – пра асаблівасці побыту, традыцыях, звычаях, псіхалогіі народаў. Без гэтых ведаў узаемадзеянне з саюзнікамі выбудоўваць было цяжка. Часам мелі месца непрыемныя інцыдэнты, якія наносілі шкоду прэстыжу СССР за мяжой[9].
Адным з практычных вынікаў аказання савецкай ваеннай дапамогі было стварэнне аб’ектаў ваеннай інфраструктуры. На працягу 1950—1991 гадоў з дапамогай ваенных саветнікаў і спецыялістаў было створана мноства аб’ектаў абароннага значэння. Да іх ліку можна аднесці авіярамонтныя прадпрыемствы ў Індыі і на Кубе, танкарамонтныя заводы на Кубе і ў Сірыі, аўтаматызаваныя палігоны на Кубе і ў Югаславіі. У шэрагу дзяржаў Трапічнай Афрыкі, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў свету ствараліся ваенныя вузлы сувязі, пункты матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, аэрадромы, парты і іншыя аб’екты[6].
Значэнне[правіць | правіць зыходнік]
У выніку актыўнай ваеннай саветніцкай дзейнасці Масква атрымлівала магчымасць глыбокага пранікнення ў палітычную, эканамічную і ваенную сферы тых ці іншых дзяржаў і рэгіёнаў. Савецкае кіраўніцтва набыло дадатковыя рычагі ўплыву на рэгіянальныя і міжнародныя адносіны, забяспечваючы тым самым высокі міжнародны статус. Акрамя таго, Крэмль атрымліваў дадатковыя крыніцы інфармацыі аб сацыяльна-палітычным і эканамічным становішчы ў дружалюбных дзяржавах[10].
Праз дзейнасць саветнікаў і спецыялістаў Савецкі Саюз атрымліваў магчымасць выпрабаваць уласнае новае ўзбраенне і ваенную тэхніку ў экстрэмальных умовах розных тэатраў ваенных дзеянняў і ацэньваць эфектыўнасць іх прымянення ў рэальнай баявой абстаноўцы. Якасны адбор асабістага складу для камандзіровак, а таксама наступная аптымальная расстаноўка кадраў, якія атрымалі каштоўныя веды і вопыт службы за межамі краіны, аказвалі пазітыўнае ўздзеянне на ўкамплектаванасць Узброеных Сіл СССР, іх баяздольнасць і ўмацаванне баявога патэнцыялу[11]. Па вяртанні з замежжа вайскоўцы, як правіла, займалі значныя пасады[2].
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б Нырков 2014, p. 160.
- ↑ а б Нырков 2014, p. 161.
- ↑ Григорьева 2019, p. 219.
- ↑ Воронкова, И.Ю. Крепкой дружбою сильны: Белорусский аспект советско-китайских отношений в 1920–1950-е годы // Беларуская думка : журнал. — 2015. — № 6. — С. 18—25.
- ↑ Бельков, Д.А. Красная армия накануне Великой Отечественной войны: использование опыта локальных войн // Новый исторический вестник: журнал. — 2005. — №2(13).
- ↑ а б Нырков 2014, pp. 160–161.
- ↑ Григорьева 2019, p. 218.
- ↑ Григорьева 2019, p. 221.
- ↑ Григорьева 2019, pp. 219–220.
- ↑ Нырков 2014, pp. 161–162.
- ↑ Нырков 2014, p. 162.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Нырков, В. Н. Роль и значение кадровой деятельности государственных и военных органов СССР в области международного военного сотрудничества (1950-1991 гг. ) // Власть : журнал. — 2014. — № 6. — С. 159—163.
- Григорьева С. В. Пространства советского влияния в воспоминаниях ветеранов локальных войн в Африке (1960–1980-е гг.) // Диалог со временем. 2019. Вып. 69. С. 216-226.