Свята-Пакроўская царква (Сцяфанполле)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Пакроўская царква
55°28′43″ пн. ш. 27°59′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Акунёва
Сцяфанполле
Канфесія Праваслаўе
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Дата пабудовы 1931 год
Асноўныя даты

сяр. XIX ст.узведзены
цяперашні будынак

1912заснаваны прыход

1931будынак царквы
перавезены з Дзісны

Стан руіны

Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Акунёва Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне колішняй вёскі Сцяфанполле, на левым беразе ракі Дзісны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Прыход заснаваны ў 1912 годзе ў сувязі з вялікай колькасцю праваслаўнага насельніцтва ў вёсцы і аддаленасці бліжэйшай царквы Святога Іаана Багаслова ў Галомысле[1].

Спачатку была ўзведзена невялікая капліца Святога Серафіма Сароўскага, асвечаная 24 студзеня 1912 года. Будынак быў драўляным, утрымліваў адзін прастол і не меў царкоўнага начыння. У прыходзе станам на 1914 год дзейнічалі тры дамы пісьменнасці ў Іванаве, Сцяфанполлі і Ямне, налічвалася 2442 вернікаў[1].

У міжваенны час гэта была найвялікшая парафія ў Дзісенскім благачынні, якая аб’ядноўвала каля 3000 прыхаджан. Пры гэтым будынак царквы быў маленькім і малаўмяшчальным, таму было вырашана перавезці былую уніяцкую Свята-Георгіеўскую царкву з Дзісны[1].

Царква, узведзеная ў сярэдзіне XIX стагоддзя, была перавезена ў 1931 годзе і перабудавана па праекце Васіля Кошаля. Яе асвячэнне адбылося 14 кастрычніка 1931 года ў час Пакрова Прасвятой Багародзіцы, таму храм, як і прыход, атрымаў назву Свята-Пакроўскага[1].

У 1958 годзе ў склад прыхода ўваходзілі 33 вёскі, аднак неўзабаве царква заняпала. У канцы 1980-х гадоў праводзіліся спробы па аднаўленні храма, якія апынуліся безвыніковымі. Працягам Сцяфанпольскай царквы цяпер лічыцца царква ў вёсцы Ямне, перабудаваная з будынка школы[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік беларускага народнага драўлянага дойлідства з рысамі неарускага стылю.

Да асноўнага прамавугольнага зруба з чацверыковым барабанам над двухсхільным дахам далучаны двух’ярусная званіца з шатровым верхам і пяцігранная апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны вертыкальнымі брусамі-сцежкамі ў прасценках прамавугольных аконых праёмаў у ліштвах. Уваход вылучаны ганкам з 2-схільнай навіссю.

Унутры апсіда вылучана драўляным іканастасам, малітоўная зала асвятляецца аконнымі праёмамі барабана. Разныя царскія вароты іканастаса змяшчалі абразы XVIII—XIX стагоддзяў: «Георгій Пераможац», «Бічаванне Хрыста», «Пацалунак Іуды» і іншыя.

Святары[правіць | правіць зыходнік]

У царкве служылі наступныя святары: протаіерэй Міхаіл Занковіч (1912—1918), іерэй Феадор Чыстоўскі (1918—1919), протаіерэй Нікіфар Майсяёнак (1921—1935), мітрафорны протаіерэй Мікалай Лапіцкі (1935—1942), Серафім Кунцэвіч (1945), мітрафорны протаіерэй Рыгор Кунцэвіч (1946—1957), дыякан Генадзь Тарарака (1950—1953), іерэй Канстанцін Бяганскі (1957—1970-я), мітрафорны протаіерэй Генадзь Ананька (служыў часова)[3].

Зноскі

  1. а б в г Вітаўт Ермалёнак. Гісторыя царквы ў Сцяфанполлі // Краязнаўчая газета № 15, красавік 2007 года. (бел.)
  2. Аляксандр Адамковіч.. Гісторыя царквы в. Стэфанполь (недаступная спасылка). Мёры: Прыход храма ў гонар Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2019. Праверана 20.04.2020.
  3. Павел Лаўрыновіч.. Сьвятары царквы в. Стэфанполь . Мёры: Прыход храма ў гонар Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне. Праверана 20.04.2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]