Страваванне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Стрававальны тракт чалавека

Страваванне — сукупнасць працэсаў, што забяспечваюць механічнае драбненне і хімічнае (пераважна ферментатыўнае) расшчапленне харчовых рэчываў на кампаненты, прыдатныя да ўсмоктвання і ўдзелу ў абмене рэчываў.

Гэта складаны фізіялагічны працэс, які забяспечвае страваванне ежы і яе засваенне клеткамі. У працэсе стрававання адбываецца пераўтварэнне макрамалекулаў ежы ў больш мелкія малекулы, у прыватнасці, расшчапленне біяпалімераў ежы на монамеры. Гэты працэс ажыццяўляецца з дапамогай стрававальных ферментаў.

Адрозніваюць 3 асноўныя тыпы. Пры ўнутрыклетачным стававанні харчовы субстрат паступае ўнутр клеткі, дзе гідралізуецца ферментамі цытаплазмы або пры ўдзеле лізасом, а таксама ва ўнутрыклетачных поласцях — страва-вальных вакуолях (пінацытоз і фагацытоз). Пашырана ў аднаклетачных, некаторых ніжэйшых мнагаклетачных і ў вышэйшых жывёл. Пазаклетачнае, або дыстантнае, стававанне характарызуецца тым, што ферменты, якія сінтэзуюцца ў клетках, выдзяляюцца ў знешняе асяроддзе і гідралізуюць харчовае рэчывы. Пашырана ў кішачнаполасцевых, ракападобных, насякомых і інш. У вышэйшых мнагаклетачных адбываецца ў поласцях стрававальна-кішачнага тракту (поласцевае стававанне). Мембраннае, або прысценачнае, стававанне ажыццяўляецца ферментамі, лакалізаванымі на структурах клетачнай мембраны, звычайна на паверхні кішэчных клетак. Уласціва многім беспазваночным і ўсім пазваночным жывёлам.

У норме ў працэсах стававання важную ролю адыгрываюць мікраарганізмы, а ў некаторых жывёл прасцейшыя, што насяляюць розныя аддзелы стрававальнай сістэмы. У роце адбываецца пераважна механічнае драбненне ежы і змочванне яе слінай; у страўніку — кіслотная дэнатурацыя бялковых кампанентаў ежы і пачатковыя стадыі гідролізу бялкоў. Найбольш інтэнсіўныя працэсы расшчаплення (з удзелам ферментаў падстраўнікавай залюзы, солей жоўцевых кіслот) і ўсмоктвання канчатковых прадуктаў — у тонкай кішцы. Асноўнымі канечнымі прадуктамі расшчаплення бялкоў з'яўляюцца амінакіслоты, тлушчаў — гліцэрын і тлустыя кіслоты, вугляводаў — монацукрыды. Пасля ўсмоктвання з іх у органах і тканках зноў сінтэзуюцца складаныя, спецыфічныя для арганізма злучэнні. У тоўстай кішцы стававанне звычайна адсутнічае, а адбываецца інтэнсіўнае ўсмоктванне вады, электралітаў, глюкозы, некаторых вітамінаў і амінакіслот, якія выпрацоўвае кішэчная мікрафлора. Па меры прасоўвання і ўшчыльнення змесціва кішэчніка фарміруецца кал, назапашванне якога выклікае акт дэфекацыі.

Дзейнасць органаў стававання кантралюецца вегетатыўнай нервовай сістэмай і гумаральнымі фактарамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Леанцюк А. Страваванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).

Шаблон:Фізіялогія стрававання Шаблон:АТХ код A09