Сіялк

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Камп'ютарная рэканструкцыя першага зікурата на паўднёвым схіле Тэпе-е-Сіялк

Сіялк — археалагічны помнік у Цэнтральным Іране на ўзгор'і Тэпе-е-Сіялк (перс. تپه سیلک) у прадмесці Кашанa.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сярод насельнікаў мясцовасці вакол Тэпе-е-Сіялку здаўна існавалі легенды пра старажытны горад, схаваны пад зямлёй. Аднак толькі ў 1933 - 1934 гг. каманда французскіх археолагаў на чале Рамана Гіршмана пачала раскопкі і амаль адразу выявіла вялізарны культурны слой, які цягнуўся ўглыб на 14 м. Пазней да раскопак далучыліся археолагі Ірана. У выніку доўгатэрміновых пошукаў былі знойдзены рэшткі развітай земляробчай культуры пач. 5 - пач. 6 ст. да н.э., у тым ліку кераміка, астаткі жылля і пахаванняў. Асабліва важная знаходка - 2 зікураты.

Сёння найбольш каштоўныя археалагічныя артэфакты знаходзяцца ў некалькіх музеях Францыі і ў Нацыянальным музее Ірана ў Тэгеране. Аднак на месцы раскопак таксама створаны музей, дзе можна ўбачыць сіялкскую кераміку і рэшткі зікуратаў.

Сіялкскія археалагічныя культуры[правіць | правіць зыходнік]

Усяго выяўлена 6 археалагічных пластоў:

Сіялк I — найбольш старажытны. Знаходзіцца ў паўночнай частцы ўзгор'я. Уяўляе сабой рэшткі паселішча перш. пал. 5 тыс. да н.э. Насельнікі гэтага перыяду былі прымітыўнымі земляробамі, якія карысталіся каменнымі і касцянымі прыладамі працы, жылі ў простых хацінах з трыснягу і гліны.

Сіялк II (друг. пал. 5 тыс. да н.э.) з'яўляецца непасрэдным працягам першага археалагічнага перыяда. Адметны жыллёвымі пабудовамі з неапаленай цэглы, прымітыўнай керамікай у форме кошыкаў, распаўсюджаннем металічных вырабаў, трупапакладаннямі з характэрнай афарбоўкай нябожчыкаў у чырвоны колер.

Сіялк III (4 тыс. да н.э.). Жыхары пакідаюць паўночную частку ўзгор'я і селяцца на паўднёвым схіле. Хаціны з добра вылепленай цэглы. Пахаванні нагадваюць Сіялк II, нябожчыкаў памяшчаюць пад полам жытлаў. Дзякуючы выкарыстанню ганчарнага кола, з'яўляюцца выдатныя ўзоры ганчарнага майстэрства - пасудзіны, значна лепшыя чым тыя, што рабіліся ў той жа час у Эламе, фігуркі людзей і жывёлін. Кавалі апрацоўваюць срэбра. Вядзецца гандль з Эламам і Паўднёвай Месапатаміяй. У канцы перыяда паселішча знішчаецца агнём. Цалкам верагодна, што яго знішчылі ворагі.

Сіялк IV (3000 - 2500 г. да н.э.). Пачатак гэтай культуры прыкладна супадае з раннедынастычным перыядам гісторыі Паўднёвай Месапатаміі і Элама. Жыхары часткова губляюць майстэрства керамікі, аднак назіраецца значны прагрэс у іншых сферах жыцця. Доказам гэтаму з'яўляюцца знаходкі апрацаванай бронзы і цыліндрычных пячатак. На паўднёвым схіле ўзводзіцца трох'ярусны зікурат. Відавочна, у канцы бронзавага веку паселішча было пакінута.

Сіялк V (1200 - 900 гг. да н.э.) належыць новым насельнікам, якія, магчыма, нават не здагадваліся, што жывуць на старажытным зікураце, бо ў гэты час частка паверхневай цэглы была ўжо знішчана эрозіяй і засыпана зямлёю. Яны расчысцілі частку паўднёвага схілу для будаўніцтва канструкцыі палацавага тыпу, была ўзведзена абарончая сцяна, нябожчыкаў хавалі на могілках у 200 м. ад паселішча. Характэрныя рысы: вырабы з жалеза, кераміка шэраватага колеру. Паселішча было знішчана заваёўнікамі, хутчэй за ўсё старажытнымі мідзянамі або персамі.

Сіялк VI (8 ст. да н.э.). Культура не звязаная з папярэднімі. Захопнікі сяліліся на вяршыні ўзгор'я, хавалі памерлых на могілках у 250 м. ад асноўнага паселішча. Пласт знакаміты доўгадзюбымі гарлачамі, якія да сёй пары жыхары ваколіц Тэпе-е-Сіялк выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. У канцы перыяда паселішча зноў было знішчана і больш не адраджалася.

Навуковыя дыскусіі[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш спрэчным пытаннем з'яўляецца вызначэнне заснавальнікаў чатырох першых сіялкскіх археалагічных культур. Імі могуць быць старажытныя індаеўрапейцы. Аднак ужо першыя даследчыкі прапаноўвалі гіпотэзу аб протаэламскім насельніцтве, якое стварыла Сіялк. У пасляваенны час таксама высоўвалася прапанова пра тое, што гэта былі блізкія сваякі проташумераў. Атаесамленне з той ці іншай старажытнай цывілізацыяй ускладняецца з-за таго, што культура Сіялка была непісьменная. Ужо насельнікі Сіялка III мелі шчыльныя сувязі з Эламам, а насельнікі Сіялка IV маглі карыстацца эламскай пісьмовай мовай. Разам з тым, усе археолагі падкрэсліваюць арыгінальны характар культуры старажытных сіялкцаў.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Каардынаты: 33°58′08″ пн. ш. 51°24′17″ у. д. / 33.968889° пн. ш. 51.404722° у. д. (G) (O) (Я)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Les Recherches Archeologiques Francaises en Iran. Nov 2001, Tehran. Institute Francais de Recherche en Iran, Musee de Louvre, ICHO.
  • The Ziggurat of Sialk, Sadegh malek Shahmirzadi, Massoud Azarnoush, Seifollah Aminian et al. 2002. ISBN 964-7483-28-7

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 5187
рус.англ.фр.