Уладар пярсцёнкаў (кінатрылогія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладар пярсцёнкаўM:
англ.: The Lord of the Rings
Постар фільма
Жанр фэнтэзійны фільм, прыгодніцкі фільм, баявік і экранізацыя[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія New Line Cinema
Бюджэт 281 000 000 $
Зборы 2 989 587 659 $[1]
Краіна
Мова англійская
Год 2001
Наступны фільм Хобіт
Афіцыйны сайт (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Уладар пярсцёнкаў» (англ.: The Lord of the Rings) — серыя з трох эпічных прыгодніцкіх фэнтэзі-фільмаў рэжысёра Пітэра Джэксана, заснаваная на аднайменным рамане Дж. Р. Р. Толкіна. Кінатрылогія складаецца з фільмаў «Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» (2001), «Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы» (2002) і «Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля» (2003).

Вытворчасцю і распаўсюджваннем фільмаў займалася кампанія «New Line Cinema» сумесна з «WingNut Films[en]». Прадзюсарамі кінатрылогіі выступілі Бары Осбарн[en], Пітэр Джэксан, Фрэн Уолш[en] і Цім Сандэрс[en], над сцэнарыем працавалі Фрэн Уолш[en], Філіпа Боенс і Пітэр Джэксан. У акцёрскі ансамбль фільма ўвайшлі Элайджа Вуд, Іэн Мак-Келен, Ліў Тайлер, Віга Мортэнсен, Шон Эсцін, Кейт Бланшэт, Джон Рыс-Дэвіс, Крыстафер Лі, Білі Бойд[en], Домінік Монаган[en], Арланда Блум, Х’юга Уівінг, Эндзі Сэркіс[en], Шон Бін і іншыя.

Падзеі кінатрылогіі адбываюцца ў выдуманым свеце Міжзем’я. Гісторыя апавядае пра Цёмнага Лорда Саўрана, які некалі згубіў Адзіны Пярсцёнак, у якім утрымлівалася частка ягонай душы і ягонай магутнасці. Цяпер ён шукае яго, каб вярнуць сабе ўладу над светам. Тым часам даўно страчаны Пярсцёнак знаходзіцца і трапляе да хобіта Фрода Бэгінса. Цяпер лёс Міжзем’я вісіць на валаску. Фрода і восем яго сутаварышаў распачынаюць небяспечнае падарожжа да Вогненнай гары[en] — адзінага месца, дзе Пярсцёнак можа быць знішчаны. Пасля распаду Брацтва, Фрода даводзіцца працягваць падарожжа са сваім верным сябрам Сэмам[en] і каварным Голумам[en]. Тым часам Арагорн, спадчыннік прастола Гондара ў выгнанні, разам з эльфам Легаласам, гномам Гімлі, хобітамі Мэры[en] і Піпінам і чараўніком Гэндальфам аб’ядноўваюцца, каб выратаваць Вольныя Народы Міжзем’я ад сіл Саўрана і згуртаваць іх у Вайне за Пярсцёнак, каб дапамагчы Фрода, адцягнуўшы ўвагу Саўрана.

Тры фільмы здымаліся адначасова, здымкі адбываліся на радзіме рэжысёра ў Новай Зеландыі з 11 кастрычніка 1999 года па 22 снежня 2000 года. Гэта быў адзін з самых маштабных і амбітных кінапраектаў за ўсе часы, бюджэт кінатрылогіі склаў 281 мільён долараў (што на 2022 год эквівалентна 494 мільёнам долараў). Прэм’ера першага фільма серыі адбылася 10 снежня 2001 года ў кінатэатры «Адэон Лестэр-сквер[en]» у Лондане; прэм’ера другога фільма адбылася 5 снежня 2002 года ў Тэатры Зігфельда[en] ў Нью-Ёрку; прэм’ера трэцяга фільма адбылася 1 снежня 2003 года ў Тэатры «Embassy»[en] ў Уэлінгтане. Пашыраныя версіі кожнага фільма выпускаліся праз год пасля выхаду ў кінатэатрах.

«Уладар пярсцёнкаў» лічыцца важнай вяхой у кінавытворчасці і значнай падзеяй у развіцці жанру фэнтэзі ў кіно. Кінатрылогія атрымала вялікі фінансавы поспех і па сённяшні дзень уваходзіць у лік самых касавых фільмаў усіх часоў з сумарнымі зборамі ў 2,991 мільярда долараў. Усе тры фільмы атрымалі шырокае прызнанне крытыкаў і гледачоў, якія высока ацанілі акцёрскую ігру, рэжысуру, сцэнарый, мастацкую пастаноўку, музычнае суправаджэнне, эмацыйную глыбіню, наватарскія спецэфекты і вернасць зыходнаму матэрыялу. Серыя атрымала мноства ўзнагарод, сярод якіх 17 прэмій «Оскар», у тым ліку за Найлепшы фільм за «Вяртанне караля». У 2021 годзе фільм «Брацтва пярсцёнка» быў абраны Бібліятэкай Кангрэса для захавання ў Нацыянальным рэестры фільмаў ЗША як «культурна, гістарычна або эстэтычна значны».

Зноскі

  1. https://www.boxofficemojo.com/title/tt0120737/ Праверана 26 красавіка 2024.