Джон Рональд Руэл Толкін
З пляцоўкі Вікіпедыя.
| Джон Рональд Руэл Толкін | |
| John Ronald Reuel Tolkien | |
![]() Толкін у 1972 годзе |
|
| Імя пры нараджэнні: | Джон Рональд Руэл Толкін |
| Дата нараджэння: | 3 студзеня 1892 |
| Памёр: | 2 верасня 1973 (81 год) |
| Грамадзянства: | Вялікабрытанія |
| Род дзейнасці: | Пісьменнік, лінгвіст, філолаг |
| Жанр: | Дзіцячая літаратура, фэнтэзі, пераклад, літаратуразнаўства |
| Дэбют: | «Хобіт» |
| Творы на сайце Knihi.com | |
ТО́ЛКІН, Джон Рональд Руэл (англ.: John Ronald Reuel Tolkien) (3 студзеня 1892 – 2 верасня 1973) — брытанскі пісьменнік і мовазнаўца.
Змест |
[правіць] Біяграфія
Джон Рональд Руэл Толкін нарадзіўся ў Блумфантэйне ў Паўднёвай Афрыцы, у сям’і банкаўскага служачага Артура Толкіна ды Мэйбл Толкін (дзявочае прозвішча Сафілд). Артур Толкін паходзіў з саксонскіх немцаў, што пераехалі ў Англію ў 18 стагоддзі. У 1894 годзе нарадзіўся малодшы брат Толкіна, Хілары Артур Руэл. У хуткім часе Мэйбл разам зь дзецьмі перабралася да сваякоў у Англію. Артур збіраўся паехаць следам за імі крыху пазней, але нечакана памёр ад інсульту. У 1900 годзе Мэйбл прыняла каталіцтва, моцна сапсаваўшы гэтым адносіны са сваімі сваякамі-пратэстантамі. Пасля яе смерці ад дыябету ў 1904 годзе апякунства над дзецьмі ўзяў яе духаўнік, айцец Фрэнсыс Ксав'ер Морган.
У школьныя гады Толкін сустрэў Эдыт Брэт і закахаўся ў яе. Яны бавілі шмат часу разам, і айцец Морган, непакоячыся, каб гэта не перашкодзіла паступленню хлопчыка ва унівэрсітэт, на доўгі час забараніў ім сустракацца. Толкін паступіў у Оксфардскі унівэрсітэт і сур’ёзна заняўся мовамі. За сваё жыццё Толкін вывучыў вялікую колькасць моваў, у тым ліку валійскую, стараанглійскую, готскую.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, Джон Толкін запісаўся ў поўк Ланкашырскіх стралкоў. Пасля Бітвы пры Соме Толкін цяжка захварэў на акопную ліхаманку і быў адпраўлены назад у Англію.
У 1916 годзе Толкін нарэшце ажаніўся з Эдыт Брэт. У 1917 у іх нарадзіўся сын Джон, у 1920 — Майкл, у 1924 — Крыстафер, у 1929 — дачка Прысцыла.
У 1920 годзе Толкін атрымаў месца выкладчыка ва Унівэрсітэце Лідса, у 1925 годзе вярнуўся ў Оксфард у якасці прафесара старажытнаанглійскай мовы. З 1945 году да выхаду на пенсію ў 1959 быў прафесарам англійскай мовы ды літаратуры ў Мертан-каледжы, Оксфард. Сярод ягоных студэнтаў быў Уістан Х’ю Одэн. Падчас выкладчыцкай працы Толкін уваходзіў у клуб Інклінгаў, пасябраваў з Клайвам Льюісам.
Памёр у Оксфардзе ў 1973, пахаваны на тамтэйшых могілках побач з жонкаю.
[правіць] Літаратурная творчасць
Толкін-пісьменнік вядомы перш за ўсё як аўтар кнігаў пра свет Сярэдзінных Земляў. Складаць гэтыя разнастайныя па форме ды памеры творы ён пачаў у юнацтве ды займаўся гэтым усё жыццё, несупытна змяняючы і рэдагуючы зробленае раней. Першыя легенды, што складалі так званую «Кнігу страчаных паданняў», Толкін напісаў падчас Першай сусветнай вайны. Але выданыя яны ў той час не былі, і знаёмства чытачоў з Сярэдзіннымі Землямі пачалося нашмат пазней, у 1937, калі пабачыў свет іншы (і зусім непадобны) твор гэтага цыклу, казка «Хобіт». Казка адразу набыла вялікую папулярнасць, і выдавец звярнуўся да Толкіна з просьбаю напісаць працяг. Той пагадзіўся, але справа зацягнулася на доўгія гады. Вынікам стаў трохтомны «Уладар пярсцёнкаў», які быў надрукаваны ў 1954–1955 і прынес аўтару сусветную славу.
Тым ня менш, вартыя ўвагі і іншыя творы Толкіна, паміж якімі казкі, вершы ды паэмы. Значная частка твораў Толкіна выйшла ўжо пасля ягонай смерці пад рэдакцыяй ягонага сына Крыстафера.
На творчасць Толкіна моцна паўплывала яго прафесійнае захапленне сярэдневечнай еўрапейскай літаратурай, у прыватнасці стараанглійскай паэзіяй. Так, у «Хобіце» і ў «Уладары пярсцёнкаў» можна знайсці адсылкі да «Беавульфа», некаторыя сюжэты «Сільмарыліяна» натхнёныя «Калевалай», шматлікія паэтычныя творы Толкіна напісаныя стараанглійскім алітэраваным вершам.
[правіць] Навуковая дзейнасць
Толкін удзельнічаў ва ўкладанні Оксфардскага слоўніка англійскай мовы і ў падрыхтоўцы выданняў шэрагу сярэднявечных паэмаў. Даследваў стараанглійскую і сярэднеанглійскую літаратуру. Ягоныя працы па паэме «Беавульф» — асабліва знакамітая лекцыя «Беавульф: пачвары і крытыкі» — шырока цытуюцца да цяперашняга часу.
[правіць] Штучныя мовы
Пішучы кнігі пра Сярэдзінныя Землі, Толкін стварыў некалькі штучных моваў для прыдуманых ім народаў. Найбольш вядомыя і прапрацаваныя з гэтых моваў — Квэнья і Сіндарын. Стварэнню моваў як роду мастацкай творчасці прысвечанае ягонае эсэ «Тайная загана» (1930).
[правіць] Бібліяграфія
[правіць] Прыжыццёва выданыя літаратурныя творы
- Песні для філолагаў (Songs for the Philologists, 1936, разам з Э.В. Горданам)
- Хобіт (The Hobbit, 1937)
- Ліст Нігля (Leaf by Niggle, 1945)
- Паэма пра Аотру ды Ітрун (The Lay of Aotrou and Itroun, 1945)
- Фермер Джайлз з Хэму (Farmer Giles of Ham, 1949)
- Вяртанне Беорхтната, сына Беорхтхельма (The Homecoming of Beorhtnoth Beorhthelm's Son, 1953)
- Уладар пярсцёнкаў (The Lord of the Rings, першыя два тамы выданыя ў 1954, трэці — у 1955))
- Прыгоды Тома Бамбадзіла (The Adventures of Tom Bombadil, 1962)
- Каваль з Вялікага Вутану (Smith of Wootton Major, 1967)
[правіць] Важныя акадэмічныя і тэарэтычныя прыжыццёвыя публікацыі
Сярэднеанглійскія і стараанглійскія словы і выразы ў назвах артыкулаў дадзеныя без перакладу.
- Сэр Гавэйн і Зялёны Рыцар (Sir Gawain and the Green Knight, выданне сярэднеанглійскай паэмы, разам з Э.В. Горданам, 1925)
- Ancrene Wisse і Hali Meiðhad (Ancrene Wisse and Hali Meiðhad, 1929)
- Імя «Нодэнс» (The Name 'Nodens', 1932)
- Sigelwara Land (Sigelwara Land, 1932–1934)
- Чосэр як філолаг: Апавяданне суддзі (Chaucer as a Philologist: The Reeve's Tale, 1934)
- Беавульф: пачвары і крытыкі (Beowulf: The Monsters and the Critics, 1937)
- Пра чароўныя казкі (On Fairy-Stories, 1939–1947)
- Сэр Арфэа (Sir Orfeo, выданне сярэднеанглійскай паэмы, 1944)
- Англійская і валійская (English and Welsh, 1963)
- Удзел у падрыхоўцы Ерузалемскай Бібліі у якасці перакладчыка і лексікографа (1966)
[правіць] Пасмяротна выданыя творы
- Лісты Каляднага дзеда (The Father Christmas Letters, 1976)
- Сільмарыліян (The Silmarillion, 1977)
- Малюнкі Дж. Р. Р. Толкіна (Pictures by J. R. R. Tolkien, 1981)
- Няскончаныя паданні (Unfinished Tales, 1980)
- Лісты Дж. Р. Р. Толкіна (The Letters of J. R. R. Tolkien, 1981)
- Містэр Бліс (Mr. Bliss, 1982)
- Гісторыя Сярэдзінных Земляў (The History of Middle-Earth, 1983 – 1996)
- Раверандам (Roverandom, 1998)
- Дзеці Хурына (The Children of Húrin, 2007)
