Феадосій Баравік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Феадосій Баравік
Дзейнасць святар, гісторык
Нараджэнне не пазней за 1550
Смерць 6 сакавіка 1652(1652-03-06)

Феадосій Баравік (польск.: Teodozy Borowik; канец XVI ст. — 6 сакавіка 1652, Жыровічы) — царкоўны дзеяч, святар уніяцкай царквы, базыльянін Літоўскай правінцыі, гісторык, прапаведнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Жыровіцкі абраз Божай Маці

Паходзіў са шляхты Менскага павета. У 15-гадовым узросце пачаў вайсковую службу. Потым уступіў да Ордэна базыльян. Прапаведнік у віленскім кляштары Святой Тройцы, у 1620 годзе — настаяцель. Удзельнічаў у капітулах базыльянскага ордэна ў Лаўрышаве (1621) і Руце (1623). Прапаведнік у Наваградку. У 1637 годзе ігумен у Збаражы. У 1644 годзе як ігумен прымаў у Жыровіцкім манастыры караля Уладзіслава Вазу і каралеву Цэцылію-Рэнату са світай дзяржаўных ураднікаў і вялікай колькасцю шляхты. Як прапаведнік у Менску (1648) падпісаў дагавор продажы базыльянскага пляца менскім францысканцам. У пачатку 1652 года зноў прызначаны ігуменам (суперпрыёрам) Жыровіцкага манастыра, але неўзабаве, 6 сакавіка 1652 года, памёр у Жыровічах[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Падчас прапаведніцтва ў Наваградку выдаў кніжку пра Наваградскае брацтва.

Не пазней за чэрвень 1621 года па даручэнні Лаўрышаўскага капітула напісаў старабеларускую «Гисториа або повѣсть людеи розных, вѣры годныхъ, о образѣ чудовномъ пренасвятеишое дѣвы маріи жировицкомъ в повѣте слонимскомъ» жыровіцкага цудатворнага абраза Маці Божай, а таксама яе польскі пераклад і выдаў яго як «Historia abo powieść zgodliwa przez pewne podánie ludźi wiáry godnych, o obrazie przeczystey Panny Mariey Zyrowickim kudotwornym». Пазней дапоўніў твор пералікам цудаў, «якія здзяйсняюцца пры абразе да сённяшняга дня». Кніга некалькі разоў выдавалася ў Вільні (1622, 1628, 1629)[2] і, магчыма, Супраслі (1653, 1714)[1], на польскай і лацінскай мовах[3]. Захаваўся тэкст Баравіка на старабеларускай народнай мовай, ён быў выдадзены ў Пецярбургу ў 1912 годзе Платонам Жуковічам[4].

Частка рукапісу, некалькі першых аркушаў гісторыі Жыровіцкай іконы Божай Маці аўтарства Феадосія Баравіка захоўваецца ў Бібліятэцы РАН (Ф. 37, воп. 1, спр. 38), астатняя, большая частка — у Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы Украіны імя Васіля Стэфаніка (Ф. 3, МВ-393)[5].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Ks. Józefat Skruteń, ZSBW. Borowik Teodozy († 1652)… — S. 344.
  2. Bibliografia Estreichera. Borowik X. Theodozy, Bazylian.; Ks. Józefat Skruteń, ZSBW. Borowik Teodozy († 1652)… — S. 344, дадае яшчэ адно выданне 1624 года.
  3. Аднак, Maria Cubrzyńska-Leonarczyk. Katalog druków supraskich. — Warszawa: Biblioteka Narodowa, 1996. — 170 s. — ISBN 83-7009-164-4 звестак пра гэта выданне ў Супрасльскай друкарні не дае.
  4. Жукович П. Н. Неизданное русское сказание о Жировицкой иконе Божией Матери // Издание отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук. — Т. XVII, кн. 2. — СПб, 1912.
  5. Апошні аркуш рукапісу БРАН (Ф. 37, воп. 1, спр. 38) і першы аркуш Львоўскага рукапісу (МВ-393). Фота Алеся Сушы . Наша Ніва. Праверана 4 кастрычніка 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ks. Józefat Skruteń, ZSBW. Borowik Teodozy († 1652) // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1936. — T. II. — S. 344. (польск.)
  • Bp. Edward Ozorowski. Borowik Teodozy // Słownik polskich teologów katolickich, pod. red. ks. Hieronima Eug. Wyczawskiego OFM. — tom 1. — Warszawa 1981. — S. 198—199. (польск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]