Хупа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хупа
(Natinixwe)
Шаманка, 1921 г.
Агульная колькасць 1500 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Каліфорнія
Мова хупа
Рэлігія шаманізм, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы ката, атабаскі Вугровай ракі, матоле, талова, тутутні

Хупа (саманазва: Natinixwe, літаральна "з вернутых шляхоў") — атабаскі народ, карэнныя жыхары поўначы Каліфорніі. Агульная колькасць (2016 г.) - 1500 чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Хупа належаць да ціхаакіянскага адгалінавання групы атабаскіх народаў, што насяляюць поўнач Каліфорніі і захад Арэгону. Ціхаакіянскія атабаскі мігрыравалі на сучаснае месца існавання з поўначы, пра што сведчыць іх фальклор[2]. Частка даследчыкаў мяркуе, што міграцыя магла адбыцца каля 1000 - 800 гадоў таму разам з паўднёвымі атабаскамі — наваха і апачы. Аднак гэта супярэчыць дадзеным лінгвістаў, якія знаходзяць істотныя адрозненні ў мовах ціхаакіянскіх і паўднёвых атабаскаў[3]. Хутчэй за ўсё, дзве галіны атабаскаў перасяліліся на поўдзень у выніку дзвюх розных міграцый.

Назва хупа была дадзена іх суседзямі-юрок па найменню адной з далін на паўночным захадзе Каліфорніі. Да сярэдзіны XIX ст. вылучаліся тры блізкія групы, якія пазней склалі сучасных хупа, — непасрэдна хупа, чылула і вілкут. У выніку кантактаў з еўрапейцамі яны пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў і зведалі значнае скарачэнне насельніцтва. У 1864 г. урад ЗША падпісаў з імі дамову, паводле якой прызнаваў іх правы на зямлю і самакіраванне. Была створана адзіная для трох груп рэзервацыя, суіснаванне ў якой садзейнічала далейшай інтэграцыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Хаціна хупа

Галоўнымі традыцыйнымі заняткамі хупа з'яўляюцца рыбалоўства, збіральніцтва, у меншай ступені — паляванне. Аснову іх існавання складалі сезонны лоў ласасёвых і збор жалудоў. Ужывалі арэхі, ягады, ядомае карэнне. З дапамогай лука і стрэл палявалі на ласёў, аленяў, зайцоў, птушак і інш.

Жылі ў сталых вёсках уздоўж ракі. Хаціны будавалі з хваёвых дошак, якія ставілі на каменны фундамент. Падлогу таксама высцілалі каменнем. Вопратку шылі са скур аленяў або кары. Скураныя макасіны апраналі толькі падчас вандровак. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся татуіроўкамі, насілі завушніцы.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вясковая абшчына. Ёй належалі навакольныя землі і права лову на рацэ. Абшчыны складаліся з нуклеарных сем'яў. На чале абшчыны стаяў стараста, звычайна самы заможны чалавек вёскі. Яго ўлада магла перадавацца па спадчыне. Хупа актыўна гандлявалі з суседнімі плямёнамі, карысталіся ракавінамі-грашыма, вельмі цанілі багацце. Звычайна яно ацэньвалася накопленымі ракавінамі, скальпамі дзятлаў, аленевымі скурамі і абсідыянам. Важную ролю ў грамадстве адыгрывалі шаманы. Часцей за ўсё яны выступалі ў якасці лекараў.

Фальклор хупа адметны казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі. Сярод святаў вылучаліся Новы год, што пачынаўся ўвесну з ходам ласасёвых, і восеньскае свята збору жалудоў. Яны суправаджаліся танцамі, цырыманіяльным чытаннем вершаў, дэманстрацыяй багаццяў. Традыцыйныя музычныя інструменты — трашчоткі, бразготкі, свістулькі,

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Траыцыйная рэлігія абапіралася на веру ў шматлікіх духаў, якія ўздзейнічалі на жыццё чалавека. Хупа верылі, што ў свеце існуюць пэўныя жорсткія правілы паводзінаў, закладзеныя з пачаткам свету, парушэнне якіх можа выклікаць непрыемнасці. Таму яны практыкавалі шматлікія забароны і табу. Лічылася, што пасля смерці душа накіроўваецца ў золкі замагільны свет, і толькі шаманы, што ведаюць цырымоніі, могуць разлічваць на існаванне на небе. Большасць шаманааў была жанчынамі. Найчасцей яны выступалі ў якасці лекараў, "высмоктвалі хваробу". За працу загаддзя бралі абавязковую плату, але вярталі яе пры няўдачы. Разам з гэтым, шаманы былі павінны арганізоўваць рытуалы, у тым ліку патаемныя.

У нашы дні многія вернікі спавядаюць хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]