Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава)
Праваслаўны храм | |
Царква Святога Дзмітрыя Салунскага | |
---|---|
| |
51°55′25,15″ пн. ш. 24°41′09,58″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Лелікава |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Брэсцкая і Кобрынская |
Благачынне | Кобрынскае |
Архітэктурны стыль | народнае дойлідства |
Дата пабудовы | XVIII стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000439 |
Стан | руіны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква́ Свято́га Дзмі́трыя Салу́нскага — праваслаўны храм у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Пабудавана ў ХVIII стагоддзі з дрэва[1] як уніяцкая[2]. У XIX стагоддзі перад царквой пастаўлена двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай.
У савецкія часы царкву зачынілі і размясцілі ў ёй калгасны склад. У 1970-я гады на гарышчы храма знайшлі кавалак рызы XVI стагоддзя[2].
10 сакавіка 2019 года ў храме адбыўся пажар[3]. Па прыбыцці на месца здарэння пажарнікі выявілі, што з-пад даху ішоў дым, дзверы былі адчыненыя і ўнутры адбывалася гарэнне. Святар, які знаходзіўся на вуліцы, распавёў, што ён прыбыў да храма пасля званка мясцовых жыхароў, трапіць унутр яму перашкодзілі дым і высокая тэмпература. Агнём знішчаны дах плошчай 75 кв.м., пашкоджаны сцены і маёмасць[4]. Прычына пажара — няспраўная электраправодка.
У выніку пажара захавалася 30 % будынка і званіца. Частка вяскоўцаў выступае за аднаўленне царквы. Аднак Беларуская Праваслаўная Царква, якая з’яўляецца ўласнікам храма, лічыць рэстаўрацыю занадта дарагой. Яна плануе ўзвядзенне новай царквы ў іншым месцы[2].
Раней абмяркоўваўся варыянт знесці царкву і збудаваць на яе месцы новую. Але выключыць будынак са спісу гісторыка-культурных кашоўнасцей немагчыма. Брэсцкая епархія паведаміла, што рэшткі згарэлай царквы закансервуюць[2].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Помнік народнага дойлідства. Мае падоўжна-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, сфарміраваную прамавугольным зрубам з трохсценнай апсідай, да якой асіметрычна далучаецца рызніца. Зруб накрыты вальмавым дахам, вільчык якога па цэнтры прарэзаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам і па ўскрайках адзначаны крыжамі. Да галоўнага фасада дабудаваны ніжэйшы працяглы, але больш нізкі прытвор пад двухсхільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
Даўжыня царквы — 19 м, шырыня — 5 м, вышыня — 6 м. Дах — металічны на драўляным лачанні. Пабудова была электрыфікавана[4].
Зноскі
- ↑ Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся ХVII — XIX стст. Мн., 1978. — С. 90.
- ↑ а б в г Станислав Коршунов.. Я живу в Леликово. Как сгоревший 300-летний храм рассорил местных друг с другом, церковью и властями (руск.)(недаступная спасылка). Tut.by (3 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2020. Праверана 11 жніўня 2020.
- ↑ У Лелікаве пад Кобрынам згарэла старая драўляная царква, строгі і элегантны палескі шэдэўр . Наша ніва (11 сакавіка 2019). Праверана 11 жніўня 2020.
- ↑ а б В Кобринском районе спасатели ликвидировали пожар в здании церкви XVIII века (руск.). Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь (11 сакавіка 2019). Праверана 11 жніўня 2020.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 258
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава) на Вікісховішчы |
- Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава) на сайце Radzima.org
- Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (Лелікава) на сайце «Архіварта»