Цімон Забароўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Цімон Забароўскі

Цімон Забароўскі (польск.: Tymon Zaborowski; 18 красавіка 1799, Лычкоўцы(укр.) бел. — 20-28 сакавіка 1828, Лычкоўцы) — польскі паэт эпохі нараджэння рамантызму. Належаў г.зв. «украінскай школе», вядомы як «Вяшчун Медабору» («Wieszcz Miodoboru»).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям'і Юзафа Забароўскага і Юльяны з Шапціцкіх. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. У 1810 г. вучыўся ў школе ва Львове. Скончыў Крамянецкі ліцэй, пад час вучобы быў сябрам літаратурнага гуртка. Таварышамі Ц. Забароўскага падчас вучобы былі Алаізій Каржанеўскі, Ян Казімір Ардынец, Францішак Кавальскі, Густаў Алізар. Па ліцэі паехаў у Варшаву, дзе ў 1816—1818 гадах займаўся паэтычнымі перакладамі, разам з таварышамі заснаваў часопісы «Ćwiczenia naukowe» (1818) і «Pamiętnik Naukowy» (1819), рэдагаваў іх літаратурную частку. Аднак, атрымаўшы колькі негатыўных рэцэнзій на свае творы, Ц. Забароўскі ў 1819 годзе вяртаецца ў Крамянец, а ў 1820 годзе ў бацькоўскі маёнтак Лычкоўцы, дзе жыў і працаваў да сваёй смерці.

Да 1821—1822 гадоў адносяць раман Ц. Забароўскага з замужняй суседкай, вядомай пад уяўным імем Альзіры, у ідэнтыфікацыі якой няма пэўнасці. М. Данілевіч-Зялінская меркавала, што пад псеўданімам схавана Ганна Развадоўская, сястра прыяцеля Цімона — У. Развадоўскага з Навасёлкі, якую выдалі замуж за барона Чаховіча з Зарубінцаў, што за 30 км ад Лычкоўцаў. Аднак, успаміны сучаснікаў прымушаюць бачыць пад псеўданімам Лауру Семяноўскую, маладую жонку суседа Забароўскіх — Юзафа Забельскага, уладальніка Гарадніцы.

Цімон хацеў ажаніцца з каханай, але маці выступіла рэзка супраць, пагражала пазбавіць спадчыны і настаяла на часовым ад'ездзе да дзядзькі У. Шапціцкага (брата маці) у Якубовіцы пад Люблінам. Лаура ж была згодная на развод нават са стратай бацькоўскага маёнтка, але не была гатовая страціць апеку над маленькім сынам. Вясной 1822 году Цімон атрымаў ліст, Лаура паведамляла пра разрыў адносін, каб захаваць сям'ю дзеля сына.

Біёграфы адзначаюць, Забароўскі падоўгу прагульваўся берагам Збруча ў ваколіцах Лычкоўцаў і ў Медаборах, замілаваны роднымі мясцінамі апяваў іх вершамі. Упадабанае Забароўскім месца для творчасці было недзе па-над Збручам паблізу скал Медабор. Побач з любоўнай і пейзажнай лірыкай, якая праславіла яго, Забароўскі спрабуе звяртацца і да гістарычнай тэматыкі. У творчасці Ц. Забароўскага заўважныя перапады настрою, калі перыяды рамантычнай жыццярадаснасці чаргаваліся з перыядамі хрысціянскай пакоры. Тэарэтычна гэта можа быць сімптомам шырока распаўсюджанага псіхічнага захворвання — маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу.

Ц. Забароўскі загінуў у 1828 г. пры няясных абставінах. Паводле плётак, вінаваты быў вышэйзгаданы раман — падазравалі, паэт утоплены слугой раўнівага мужа. Іншыя бачылі проста няшчасны выпадак. Бліжэйшыя сябры Забароўскага — Ф. Лашоўскі і Ю. Сабінскі — у некралогу неабачліва агарнулі яго смерць ў рамантычны арэол, нагадаўшы, што, паводле гётаўскага Вертэра, няшчасныя закаханыя канчаюць жыццё самагубствам. Таму, яшчэ ў 1920-х мясцовыя жыхары памяталі Ц. Забароўскага як самагубца. Аднак, сведак смерці не было, афіцыйна ён памёр ад апаплексічнага ўдару. Бацькі пахавалі Цімона каля царквы побач з астатнімі родзічамі, насуперак глухому абурэнню сялян.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў вершамі ў 1814 годзе, будучы сябрам студэнцкага Пісьменніцкага клуба (Klub Рiśmienniczy) у Крамянецкім ліцэі, між іншых вядомы верш на ўгодкі імянін Т. Чацкага па яго смерці.

У Варшаве ў «Ćwiczenia naukowe» апублікаваў даследаванне пра будову і рытміку польскага верша «O zewnętrznej budowie wiersza polskiego». У Варшаве ж напісана і гістарычна-сатырычная паэма «Пісьменніцкі клуб» («Klub piśmienniczy»), але надрукавана толькі ў 1909 годзе ў выданні «Лямус» («Lamus»). У 1817 апублікаваў пераклад трагедыі Вальтэра «Танкрэд». У 1818 годзе выйшлі 7 песень першай «рыцарскай» паэмы Забароўскага «Баляслаў Храбры, або здабыццё Кіева» («Boleslaw Chrobry czyli zdobycie Kijowa»), гістарычны кантэкст якой пазычана ў «Гісторыі» А. Нарушэвіча. У першай песні твор нагадвае класічную эпічную паэму ў стылі Гамера, але далей шчодра аздоблены рамантычнымі паданнямі і казачнымі сюжэтамі, дзе цяжка пазнаюцца гістарычныя асобы. Наватарская паэма адразу прынесла аўтару вядомасць. У прадмове да «Баляслава Храбрага» паэт выказаў і сваё крэда — пошук сюжэтаў не ў чужой, а ў айчыннай гісторыі. Таксама ў 1818 годзе ў «Ćwiczenia naukowe» выйшлі 2 песні паэмы «Анеля» («Aniela»).

Зварот да гісторыі — спадчына старой класічнай школы польскай паэзіі, паступовыя змены ў якой і пераход да рамантызму выдатна адлюстроўваюць творы Забароўскага, то насычаныя антычнымі героямі і сюжэтамі, то навеяныя славянскім фальклорам. Выбар жа старажытнаруска-польскіх ці польска-ўкраінскіх гістарычных сюжэтаў абумоўлены біяграфіяй самога паэта — паляка, які нарадзіўся і вырас на Украіне, на мяжы Аўстрыйскай і Расійскай імперый.

У 1822 годзе, у дзядзькі У. Шапціцкага ў Якубовіцах пад Люблінам, Забароўскі азнаёміўся з польскім вольным літаратурным перакладам «Слова пра паход Ігараў» К. Гадэбскага і пад яго ўплывам пачаў паэму «Баян» («Bojan»). У «Баяне» Забароўскі прапануе сваю паэтычную фантазію ў выглядзе «Pieśni Bojana» і «Śpiéwu Bojana». Цікавасць паэта да асобы Баяна, мабыць, збольшага тлумачыцца агульнаеўрапейскай модай на «Песні Асіяна». Першапачаткова ідэяй Забароўскага было стварэнне стылізацыі пад старажытны тэкст і ананімная публікацыя. Аднак, гэта не было здзейснена — паэт не здолеў выйсці за межы ўпадабаных вобразаў і тэм: у «Песнях Баяна» зноў з'яўляецца злы чарадзей Блуд, персанаж «Баляслава Храбрага», а падзеі выходзяць за межы Кіеўшчыны, уплятаюцца Медаборы і Збруч, Днестр і Падолле. Асоба паэта занадта ярка выявілася ў новым творы, у чытача не застаецца сумневу што «Баян» — сам Забароўскі. Не здолеўшы пажаданую стылізацыю, паэт страціў цікавасць да «Баяна» і пераключыўся на іншыя сюжэты. Урэшце паэма засталася няскончанай, фрагменты апублікаваны ў «Ateneum» толькі ў 1883 годзе.

Яшчэ адным вопытам стылізацыі была «Песня пра Гаральда» («Pieśn o Haraldzie»), дзе паэт даў сваю версію песні Гаральда да Мальвіны, дачкі Яраслава Мудрага.

У 1823 г. стварае вялікую скончаную паэтычную п'есу «Умвіт» («Umwit»). Падзеі адбываюцца ў славянскім племені, якое жыве ў Тоўтрах (г. зн. усё ў тых жа Медаборах) у часы «паганскай цемры», але і Польшча, і Русь ужо прынялі хрысціянства. Галоўны герой, вярхоўны жрэц Умвіт, хоча захапіць ўладу ажаніўшы свайго ўяўнага сына Сцібора з Лялінай, дачкой правадыра Мсцівоя. Планы Умвіта разбурае яго сапраўдны сын, у дзяцінстве захоплены ў палон і выхаваны ў хрысціянскай веры, які з'яўляецца пад імем Ярмілія. Праз канфлікт бацькі і сына ў драме паказваецца сутыкненне старой і новай веры. Ляліна, прымушаная да шлюбу з Ілжэ-Сціборам, паводле законаў рамантычнага жанру, пазнала Сцібора-Ярмілія і закахалася ў яго. Перад паганскім шлюбам Ляліны з Ілжэ-Сціборам яна атрымлівае ад Сцібора-Ярмілія крыж. Кульмінацыя драмы — шлюб у свяцілішчы Леля, калі Ляліна дастае крыж і зракаецца паганскіх багоў. Ад раз'юшаных паганцаў закаханых ратуе нечаканае з'яўленне хрысціянскага войска на чале з братам польскага караля. Умвіт раскайваецца, прызнанне сына-хрысціяніна і новую веру.

Летам 1823 г. Ц. Забароўскі піша п'есу «Bohdan Chmielnicki» з даволі не тыповай для польскай літаратуры трактоўкай вобраза гетмана.

У 1824 годзе паэт зноў звяртаецца да старажытнарускіх сюжэтаў, працуючы над п'есай «Tajemnica, czyli Borys i Milwiana». Сюжэт п'есы разгортваецца вакол усобіцы сыноў Уладзіміра Святаславіча, куды паэт уносіць інтрыгу — таемнае каханне князя Барыса і дачкі Баляслава Храбрага. Разумеючы аднак, што драматургія не самы моцны яго бок, Ц. Забароўскі ў далейшым засяроджваецца на лірыцы. Паэт ўрэшце не скончыў Баляславіяду (ці, як меркавалі яго сябры, спаліў гатовы варыянт).

Зноў да гістарычных сюжэтаў ён звяртаецца толькі ў цыкле дум, які быў апублікаваны пасмяротна ў 1830 г. як зборнік «Dumy podolskie za czasów panowania tureckiego w tej ziemi».

Магчымы стваральнік «Збруцкага ідала»[правіць | правіць зыходнік]

У 1848 годзе, праз 20 гадоў па смерці Ц. Забароўскага, у рацэ Збруч выпадкова знойдзена скульптура паганскага ідала. Сучасныя даследчыкі, грунтуючыся на выніках натуральнанавуковай экспертызы, лічаць, што ідал не старажытны, а верагодна створаны паводле эскізаў Ц. Забароўскага ў 1822—1823 гадах. Даследчыкі не лічаць «ідала» наўмыснай падробкай Забароўскага, а толькі прадметам створаным для ажыўлення фантазіі паэта. Ц. Забароўскі меў дастатковую адукацыю, веды, творчую фантазію, а таксама матыў, сродкі і тэхнічныя магчымасці стварэння падобнай скульптуры ў 1822—1823 гадах падчас працы над «Баянам» і асабліва «Умвітам». Таксама, даследчыкі лічаць, што схільны да тэатральных эфектаў Забароўскі мог загадаць утапіць «ідала» па завяршэнні «Умвіта» ў 1823 годзе, бо асноўная мараль «Умвіта» не ўхваленне паганства, а перавага і перамога хрысціянства.[1]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Ф. Кавальскі прысвяціў Ц. Забароўскаму паэму «Tymon»[2].

Зноскі

  1. Комар А., Хамайко Н.
  2. Fabianowski A.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Biegeliesen H. Tymon Zaborowski // Ateneum, t IV, z. II (Warzawa, 1883), 313—345; z. III, 536—588;
  • Barczyk W. Tymon Zaborowski — poeta «Wieszcz Miodoboru» // Głosy podolan, № 73. — Warszawa, 2005, 38-39;
  • Czwórnóg-Jadczak B. Tymon Zaborowski // Pisarze polskiego oświecenia, t. 3. — Warszawa, 1996, 641;
  • Danielewicz M. Tymon Zaborowski — Życie i twórczość (1799—1828). — Warszawa, 1933;
  • Fabianowski A. Gimnazjum Wołyńskie w Krzemieńcu: jego twórcy i uczniowie // «Niepodległość i Pamięć», Nr 27, 2008;
  • Zaborowski T. Pisma zebrane. — Warszawa, 1936;
  • Комар А., Хамайко Н. Збручский идол: памятник эпохи романтизма? // Ruthenica. — Київ, 2011. Том X. — C. 166—217.