Чалавек, які вынайшаў Каляды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чалавек, які вынайшаў Каляды (англ. The Man Who Invented Christmas) — біяграфічны фільм 2017 года рэжысёра Бхарата Налуры расказвае пра шлях Чарлза Дзікенса да стварэння аднаго з найпапулярнейшых сваіх твораў — «Калядны харал». Фільм натхнёны аднайменнай кнігай Лэса Стэндзіфорда «Чалавек, які вынайшаў Каляды». Ролю Дзікенса выканаў зорка «Абацтва Даўнтан» Дэн Стывенс.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

1843 год, Лондан, ужо знакаміты на той час пісьменнік Чарлз Дзікенс перажывае няпросты час — тры апошнія ягоныя кнігі не мелі жаданага поспеху і фінансавага прыбытку. Аўтар вырашае напісаць новую кнігу, але не ведае, з чаго пачаць. Сплятаючы ў адно цэлае рэальныя падзеі, сустрэчы, людзей і плён свайго ўяўлення, Дзікенс занураецца ў працу над калядным творам. Аднак, ідэя Каляд недаспадобы ні выдаўцам, ні калегам, ні блізкім самога аўтара. Па-першае, Каляды — другаснае, не самае любімае свята, па-другое, да Каляд застаецца шэсць тыдняў: ці магчыма напісаць, праілюстраваць, надрукаваць і прадаць кнігу ў такі кароткі тэрмін?

У гэты ж час да Дзікенса прыязджаюць ягоныя сваякі. Маці і бацька, з якімі ў аўтара нацягнутыя стасункі, ды сястра з мужам і хворым сынам. Усё гэта адцягвае Дзікенса ад працы і моцна злуе.

Выглядае, што адзіныя, каму давярае аўтар і з кім дзеліцца ідэямі, маладая служка-ірландка, Тара, і найлепшы сябар Форстар. Але калі яны абое выказваюцца супраць смерці Малога Ціма, аднаго з персанажаў твора, гэта выклікае абурэнне Дзікенса. Ён адасабляецца і закрываецца ад усіх, каб, урэшце, дапісаць твор і пераасэнсаваць важнасць чалавечых стасункаў, любові, дабрыні, спагады і цуду Раства.

Ролі[правіць | правіць зыходнік]

Морфелд Кларк, Майлз Джап, Элай Солан, Дэвід МакСавадж, Сайман Кэлаў, Дональд Самптэр ды іншыя.

Стварэнне фільма[правіць | правіць зыходнік]

Па словах рэжысёра фільма, Бхарата Налуры, ён быў проста зачараваны творам, прачытаўшы «Калядны харал» у дзяцінстве. Пасля гэтага ён стаў вывучаць жыццё Чарлза Дзікенса і яго імкненне змяніць жорсткія звычаі таго часу.[1] У пэўным сэнсе «Калядны харал» Чарлза Дзікенса адкрыў рэжысёру сапраўдны сэнс Раства.[2]

У стварэнні фільма яму моцна дапамаглі Мірыям Маргуліс, якая выканала ролю місіс Фіск, і Сайман Кэлаў, выканавец ролі выдаўца Ліча. Яны абое — аматары і знаўцы творчасці Чарлза Дзікенса.[1]

Гістарычная дакладнасць[правіць | правіць зыходнік]

Шчыра кажучы, мяне не вельмі хвалюе, наколькі гэта гістарычна дакладна. Мяне зацікавіў момант творчага працэсу, назіранне за змаганнем вялікага чалавека – для мяне гэта драматычна і камедыйна цікава. Безумоўна, я не хацеў прадстаўляць Дзікенса ў ролі барадатага старога мудраца. — Дэн Стывенс[3]

Выхад фільма[правіць | правіць зыходнік]

Даты выхаду фільма ў пракат:[4]

На беларускую мову фільм перакладзены і агучаны кампаніяй «Кінаконг». Выйшаў на платформе VOKA 22 снежня 2023 года.[5]

Касавыя зборы[правіць | правіць зыходнік]

Фільм трымаўся ў пракаце 57 тыдняў і зарабіў $8.1 млн. агулам, з якіх $5.7 млн. — дамашнія зборы і $2.4 млн. — міжнародныя зборы.[6]

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

На сайце Rotten Tomatoes фільм мае адзнаку 79% на аснове 172 рэцэнзій прафесійных крытыкаў і 78% на аснове больш за 2500 глядацкіх водгукаў. Агульная ацэнка крытыкаў гаворыць, што фільм «дадае святочнай магіі Каляднаму харалу, прадстаўляючы класічную калядную казку ў новым святле».[7]

На сайце Metacritic фільм мае адзнаку 60 са 100 на аснове водгукаў ад 32 крытыкаў.[8]

Цікавосткі[правіць | правіць зыходнік]

У час стварэння фільма Крыстаферу Пламеру, які выканаў ролю Скруджа, было 87 гадоў. Ён стаў самым старым акторам, які калі-небудзь выконваў гэтую ролю.[4]

Узнагароды і намінацыі[правіць | правіць зыходнік]

Намінацыя ў катэгорыі Найлепшы міжнародны фільм на 44-й прэміі «Сатурн» у 2018 годзе.[4]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Director Bharat Nalluri on The Man Who Invented Christmas the movie, and Charles Dickens Дата звароту:17 красавіка 2024
  2. Talking to Director Bharat Nalluri About The Man Who Invented Christmas Дата звароту:17 красавіка 2024
  3. Interview Dan Stevens: 'Dickens could be bleak, but also very silly' Дата звароту:17 красавіка 2024
  4. а б в [The Man Who Invented Christmas] Дата звароту:17 красавіка 2024
  5. Што паглядзець на VOKA ў святочныя выхадныя Дата звароту:17 красавіка 2024
  6. The Man Who Invented Christmas Дата звароту:17 красавіка 2024
  7. THE MAN WHO INVENTED CHRISTMAS Дата звароту:17 красавіка 2024
  8. The Man Who Invented Christmas Дата звароту 17 красавіка 2024

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Чалавек, які вынайшаў Каляды — афіцыйная старонка