Праваабарончы цэнтр «Вясна»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 23:42, 23 студзеня 2021, аўтар (удзельнік выдалены) (выдаленае кароткае апісанне змен)
«Вясна»
«Вясна-96» (да 15 чэрвеня 1999 года)
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Адрас Мінск, вул. Мяржынскага, д. 8, кв. 26[1]
Тып арганізацыі праваабарончае грамадскае аб’яднанне
Кіраўнікі
Старшыня Алесь Бяляцкі
Заснаванне
Дата заснавання 26 красавіка 1996 (28 гадоў таму) (1996-04-26)
Член у 200 чалавек (2006)
Узнагароды
www.spring96.org
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Праваабарончы цэнтр «Вясна» — няўрадавая праваабарончая арганізацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Уяўляе сабой рэспубліканскае аб'яднанне з цэнтрам у г. Мінску і рэгіянальнымі арганізацыямі ў большасці буйных гарадоў Беларусі. Асноўныя паўнамоцтвы па кіраванні арганізацыяй належаць Радзе і Старшыні Рады, якія абіраюцца на Агульным сходзе.

Гісторыя

Арганізацыя была створаная ў красавіку 1996 года падчас масавых акцый пратэсту дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі. Пасля арыштаў удзельнікаў дэманстрацый ПЦ «Вясна» займалася дапамогай арыштаваным і іх сем'ям. Таму першапачаткова арганізацыя мела назву «Вясна-96». Узначаліў арганізацыю Алесь Бяляцкі.

15 чэрвеня 1999 года арганізацыя была зарэгістравана як Грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр «Вясна»".

Са студзеня 1998 года арганізацыя выдавала праваабарончы бюлетэнь "Права на Волю", аўтарамі якога былі Міхась Кукабака, Алесь Бяляцкі, Паліна Качаткова, фатографам Уладзімір Сапагоў.

Рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 года за ўдзел у назіранні пад час прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. Грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр «Вясна»" было пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі.

6 сакавіка 2004 года ПЦ «Вясна» быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю праў чалавека.

З 1998 года "Праваабарончы цэнтр «Вясна»" актыўна выступае супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. У 2009 годзе намаганнямі арганізацыі ўзнікла кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання".

24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што ліквідацыяй ПЦ «Вясна» беларускія ўлады парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы. Аднак у самым Мінску гэты развязак праігнаравалі, выказаўшы думку, што меркаванні КПЧ ААН з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі.

Спробы зарэгістраваць «Вясну» наноў не завяршыліся поспехам.

Пераслед старшыні ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага з'яўляецца кульмінацыяй супрацьстаяння арганізацыі і афіцыйнай улады Беларусі.[2]

16 лютага 2011 г. старшыні ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М. І. Кукліса. У папярэджанні сцвярджаецца, што дзеянні А. Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца афіцыйна папярэджаны, што ў выпадку далейшай дзейнасці будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.

4 жніўня 2011 г. Алеся Бяляцкага затрымалі на 3 сутак па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Адбыліся ператрусы на офісе «Вясны», на кватэры ў праваабаронцы і на яго лецішчы. Алеся Бяляцкага дапыталі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў.

8 жніўня 2011 г. дакладчык ПАСЕ па Беларусі А. Херкель расцаніў арышт Бяляцкага як чарговы прыклад запалохвання грамадзянскага грамадства.

12 жніўня 2011 г. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры» — старшыні ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнту FIDH Алесю Бяляцкаму афіцыйна прад'яўленае абвінавачанне. 24 лістапада быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Восенню 2020 года арганізацыя ды Алесь Бяляцкі сталі лаўрэатамі прэміі Right Livelihood Award  (англ.)[3]. Яны атрымалі ўзнагароду за ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.

Дзейнасць

Мэта дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна»:

Задачы Праваабарончага цэнтра «Вясна»:

  • практычная дапамога ў рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў, звязаных з прававой абаронай грамадзян;
  • вывучэнне стану грамадскай супольнасці і прававой абароны ў Рэспубліцы Беларусь;
  • папулярызацыя грамадазнаўчых і прававых ведаў;
  • дэмакратычна-прававая адукацыя грамадзян;
  • падтрымка грамадскіх ініцыятыў у праваабрончай дзейнасці;
  • спрыянне духоўнаму і культурнаму адраджэнню беларускай дзяржавы, што з'яўляецца падмуркам павагі да правоў чалавека.

Метады дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна»:

  • збор інфармацыі пра працэс фарміравання грамадзянскай супольнасці і стан прававой культуры ў Рэспубліцы Беларусь;
  • арганізацыя і правядзенні адукацыйных сустрэч, канферэнцый, лекцый, круглых сталоў, у тым ліку для сяброў Праваабарончага цэнтра «Вясна»;
  • арганізацыя грамадазнаўчых даследаванняў, маніторынгаў стану забеспячэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, садзейнічанне ў выкананні міжнародных дагавораў па правах чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь;
  • выданне і распаўсюджванне ўласных інфармацыйных, навуковых і іншых праваабрончых матэрыялаў;
  • падтрымка кантактаў з усімі галінамі ўлады і дэпутатамі ўсіх узроўняў, з грамадскімі, гаспадарчымі, навуковымі і навучальнымі арганізацыямі і ўстановамі;
  • аказанне неабходнай дапамогі асобам, якія звярнуліся ў Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Міжнародныя і замежныя партнёрскія арганізацыі

Сяброўства:

  • FIDH (Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека)[4];
  • ENEMO (Міжнароднае аб'яднанне па арганізацыі назірання за выбарамі)[5];
  • Сеткі няўрадавых арганізацый «Глабальнае партнёрства па папярэджанні канфліктаў»;
  • Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі[6].

Супраца:

  • Міратворчая арганізацыя «Svenska Freds» — «За мір і арбітраж» (Швецыя, Стакгольм);
  • Адукацыйны цэнтр «Польшча-Беларусь» (Польшча, Беласток);
  • Шведскі фонд Emnesty Internationalё;
  • Інстытут правоў чалавека (Расія, Масква);
  • «Чалавек у нядолі» (Чэхія, Прага);
  • Польскі Хельсінкскі фонд па правах чалавека;
  • Шведскі Хельсінкскі камітэт па правах чалавека;
  • Нарвежскі Хельсінкскі камітэт па правах чалавека;
  • IDEE (Вашынгтон)[7];
  • Міжнародная Амністыя;
  • Дом правоў чалавека (Нарвегія);
  • Віленскі цэнтр грамадскіх ініцыятыў «Дэмакратыя для Беларусі» (Літва)

Спасылкі

Літаратура

  • Grigory Ioffe, Vitali Silitski. VIASNA (SPRING) // Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe) (англ.). — Third Edition. — Lanham: Rowman & Littlefield, 2018. — С. 334. — 476 с. — ISBN 978-1538117057.

Зноскі

  1. "У Мінску адкрыўся новы офіс ПЦ «Вясна»". Хартыя’97. 1 красавіка 2013. Праверана 1 мая 2014.
  2. Праваабарончы цэнтр «Вясна»: 15 гадоў пераследу
  3. 2020 Announcement – Press Release. rightlivelihoodaward.org. The Right Livelihood Foundation (1 кастрычніка 2020). Праверана 1 кастрычніка 2020.
  4. Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека
  5. Міжнароднае аб'яднанне па арганізацыі назірання за выбарамі
  6. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі
  7. Institute for Democracy in Eastern Europe