Віталь Вячаслававіч Сіліцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Віталь Сіліцкі
Vitali Silitski.jpg
Віталь Сіліцкі ў 2008 годзе
Дата нараджэння

25 снежня 1972(1972-12-25)

Месца нараджэння

Мінск, БССР, СССР

Дата смерці

11 чэрвеня 2011(2011-06-11) (38 гадоў)

Месца смерці

Мінск, Беларусь

Грамадзянства

СССР, Беларусь

Род дзейнасці

журналіст

Навуковая сфера

паліталогія, сацыялогія

Месца працы

Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў (Вільнюс)

Навуковая ступень

доктар палітычных навук[d]

Альма-матар

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт
Ратгерскі ўніверсітэт

Навуковы кіраўнік

Роберт Р.Каўфман

Вядомы як

першы дырэктар БІСС, распрацоўшчык канцэпцый прэвентыўнага аўтарытарызма і аўтарытарнага інтэрнацыяналу, палітолаг, сацыёлаг, аналітык

Віта́ль Вячасла́вавіч Сілі́цкі (25 снежня 1972, Мінск, Беларуская ССР — 11 чэрвеня 2011, Мінск, Рэспубліка Беларусь)[1] — беларускі палітолаг, аналітык, першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў[2]. Доктар паліталогіі Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Джэрсі, ЗША), распрацоўшчык канцэпцый «прэвентыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу», грамадскі дзеяч і блогер. Памёр у 38 год ад рака.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Мінску, маці — выхавацельніца ў дзіцячым садку, бацька і брат — працоўных спецыяльнасцей.

У 1989—1994 гг. навучаўся на аддзяленні сацыялогіі філасофска-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў «чырвоны» дыплом. Тэма дыпломнай працы: «Фарміраванне палітычнай эліты ў Беларусі».[3]

У 1993—1994 гг. навучаўся ў магістратуры Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта[4] (Будапешт, Венгрыя). Атрымаў ступень магістра палітычных навук у 1994 г. Тэма магістарскай працы: «Палітычныя аспекты працэсаў прыватызацыі ва Усходняй Еўропе».[3]

У 1994—1999 гг. навучаўся ў дактарантуры Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Джэрсі, ЗША). У 1999 г. абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені доктара палітычных навук на тэму «Знешнія абмежаванні і кааліцыі: палітыка эканамічных рэформ у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы пасля вяртання левых».[3] Навуковы кіраўнік — Роберт Р. Каўфман.[5]

У 1999—2003 гг. — дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) у Мінску. За публічную крытыку палітыкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі зведаў ціск з боку ўладаў і адміністрацыі ЕГУ, у выніку чаго быў змушаны звольніцца.[3]

У ЕГУ распрацаваў і выкладаў курсы: «Палітэканомія палітычнай рэформы ва Усходняй Еўропе і Лацінскай Амерыцы», «Уводзіны ў міжнародную палітэканомію», «Міжнародная палітэканомія індустрыялізацыі ва Усходняй Азіі», «Эканамічная палітыка», «Палітычная эканоміка еўрапейскай інтэграцыі», «Ад таталітарызму да грамадзянскай супольнасці: сацыяльная і палітычная трансфармацыя Цэнтральна-Усходняй Еўропы».[3]

У 2004—2005 гг. стажыраваўся ў межах стыпендыяльнай праграмы Рэйгана-Фасэла[6] пры Нацыянальным фондзе падтрымкі дэмакратыі (ЗША).

У 2006—2007 гг. быў запрошаным даследчыкам Цэнтра вывучэння дэмакратыі, развіцця і прававой дзяржавы ў Стэнфардскім універсітэце, ЗША.[3]

У якасці незалежнага эксперта браў удзел у даследаваннях няўрадавай арганізацыі Freedom House (ЗША), супрацоўнічаў з Радыё Свабода (Radio Free Europe/Radio Liberty) і міжнароднай кансалтынгавай кампаніяй Oxford Analytica.[3]

У 2007—2011 гг. — першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў,[7] аналітычнага цэнтра, заснаванага ў кастрычніку 2006 г. групай вядомых грамадскіх дзеячаў і інтэлектуалаў. Інстытут распрацоўвае і прапануе станоўчыя альтэрнатыўныя сцэнарыі палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай трансфармацыі краіны, а таксама шукае шляхі падвышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі і дабрабыту яе грамадзян.[8]

Ва ўспамінах аб Віталі Сіліцкім сябры і калегі адзначалі, што з ім проста немагчыма было не сябраваць, ён трывала ўваходзіў у жыццё ўсіх, хто з ім сутыкаўся. Віталь Сіліцкі быў таксама ярым заўзятарам футбольнага клуба Ліверпуль. Іншымі цікавымі звесткамі пра сябе падзяліўся сам у публікацыі «25+1 выпадковых фактаў» у сваім фэйсбуку.[9].

Калі ў ліпені 2010 г. Віталь даведаўся аб сваёй хваробе — раку ныркі — сябры і калегі падтрымалі яго. Аперацыя па выдаленні ныркі, праведзеная ў Беларусі, не дапамагла, і тады была арганізавана міжнародная кампанія падтрымкі і збору сродкаў на лячэнне. Доўгі час Віталь лячыўся ў Бельгіі, аднак хвароба прагрэсавала, і ён вярнуўся ў Беларусь, дзе правёў апошнія дні з сябрамі і сям'ёй.

«Я паміраю. Але зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — пакінуў запавет сваім сябрам Віталь Сіліцкі ў адзін са сваіх апошніх дзён.[10]

Асноўныя канцэпцыі[правіць | правіць зыходнік]

Прэвентыўны (апераджальны) аўтарытарызм: від аўтарытарызму, пры якім захаванне ўлады ажыццяўляецца праз апераджальныя (прэвентыўныя) удары (у адрозненні ад рэактыўных пры маніпулятыўным аўтарытарызме) супраць патэнцыйных пагрозаў (палітычных апанентаў, непадкантрольных сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, недзяржаўных арганізацый), а таксама праз парушэнне выбарчага заканадаўства нават пры наяўнасці безумоўных пераваг і магчымасці чэснай перамогі.[11]

Аўтарытарны інтэрнацыянал: сумесныя высілкі аўтарытарных рэжымаў па барацьбе з распаўсюдам дэмакратычнага «вірусу» і іх здольнасць да арганізаванасці на міжнародным узроўні і стварэння чагосьці кшталту самаабароны. Гэта апярэджванне на міжнародным узроўні і здольнасць аўтарытарных кіраўнікоў вучыцца на памылках сваіх калегаў і рабіць высновы з поспехаў пабудовы дэмакратыі ў іншых краінах. Гэта працэс, люстэркавы працэсу «віруснага» распаўсюду дэмакратыі ў міжнародным вымярэнні.[12]

Прэвентыўны аўтарытарызм (у тым ліку і на прыкладзе Беларусі) і яго развіццё да аўтарытарнага інтэрнацыяналу апісаныя ў працы Віталя Сіліцкага «Вірус стрыманы: прэвентыўны аўтарытарызм на постсавецкай прасторы (прыклад Беларусі)» (арыгінал анг. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus)[12], 2006, для Цэнтра вывучэння дэмакратыі, развіцця і прававой дзяржавы ў Стэнфардскім універсітэце (англ. Center on Democracy, Development, and The Rule of Law).

Тэрыторыя свабоды: незалежная прастора, арганізацыя жыцця людзей, не згодных з дзеючым рэжымам, але аб'яднаных агульнымі цікаўнасцямі і заняткамі; паралельнае грамадства, выдаткі існавання ў якім кампенсуюцца высокім узроўнем узаемадапамогі і каардынацыі, што дае шанец дысідэнцкаму руху перарасці ў будучыні ў рэальную палітычную сілу.[13]

Адкладзеная свабода: выданне аднаго з найбольш істотных тэкстаў Віталя Сіліцкага, у якім на аснове параўнальнага аналізу апісваюцца працэсы зараджэння і фарміравання персаналісцкіх рэжымаў у Сербіі і Беларусі.

Роджар Патоцкі, старшы дырэктар Еўразійскай праграмы Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі, ЗША сфармуляваў шэраг тэзаў, якія лейтматывам праходзілі праз асноўныя тэксты Віталя Сіліцкага:

  • Працаваць у краіне, а не за яе межамі (Inside and Not Outside): Сіліцкі выступаў у падтрымку арганізацый, якія працуюць у Беларусі, і супраць стварэння «дыяспары на Захадзе».
  • Аб'яднаная апазіцыя (Unified Opposition): Віталь заўсёды выступаў супраць таго, каб дазваляць прыватным амбіцыям палітыкаў раз'ядноўваць апазіцыю, сцвярджаў, што моцная апазіцыя — гэта аб'яднаная апазіцыя.
  • Палітычныя НДА (Political NGOs): Сіліцкі быў упэўнены, што недзяржаўныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у палітыцы, каб падтрымліваць і натхняць людзей.
  • Уключанасць (Be Engaged): Віталь верыў у абмеркаванне, размову з Расіяй і Захадам. Патоцкі падкрэсліў важнасць міжнароднага дыялогу для Беларусі сёння.
  • Глыбокі скептыцызм у адносінах да Расіі (Profound Skepticism of Russia): «Віталь зноў і зноў пісаў аб адмоўным уплыве Расіі ў тым, што тычыцца дэмакратычных каштоўнасцей». Роджар Патоцкі ўдакладніў: Віталь не верыў, што станоўчыя дэмакратычныя змены могуць прыйсці ў Беларусь з Расіі.
  • Развіццё дэмакратыі як годны ўчынак (Democracy Promotion as a Noble Act): Віталь разглядаў прасоўванне дэмакратыі не як дыверсію, але як жаданы, годны чын.[14]

Ацэнка прафесійнай дзейнасці калегамі[правіць | правіць зыходнік]

Па меркаванні дацэнта паліталогіі ўніверсітэта Таронта Лукана Уэя, Віталь Сіліцкі быў сярод першых, хто ўключыў аўтарытарныя рэжымы ў міжнародны кантэкст. Многія навукоўцы ў 1990-х гг. і напачатку 2000-х пісалі пра распаўсюджанне дэмакратыі, а Сіліцкі распачаў дыскусію аб супрацьлеглым працэсе. У пэўным сэнсе ён сфармуляваў новую праблематыку ў сферы распаўсюду аўтарытарызму. Сярод іншага, Віталь акрэсліў канцэпцыю «прэвентыўнага аўтарытарызму» — па сутнасці, гэта імкненне рэагаваць на кожны выклік звонку ўзмацненнем каардынацыі дзеянняў паміж недэмакратычнымі дзяржавамі.[15]

Крысці Фрыланд, рэдактарка выдання Томсан Рэйтэрс Дыджытал (анг. Thomson Reuters Digital), належыць да кола экспертаў, якія рэгулярна спасылаліся на працы Віталя Сіліцкага. Адна з апошніх яе спасылак — на канцэпцыю аўтарытарнага інтэрнацыяналу ў сваім аналізе для Рэйтэрс падзей у Егіпце і Тунісе, пад назвай «Аўтарытарны інтэрнацыянал займае абарону» (арыгінал анг. The Authoritarian International goes on the defensive), 4 лютага 2011 г.[16]

На думку Паўла Данейкі, дырэктара Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра[17], Віталь Сіліцкі прадэманстраваў высокі ўзровень акадэмічнай аналітыкі. Да яго аналітыка ў Беларусі існавала альбо як эсэістыка, альбо мела ідэалагічную сутнасць. Віталь прыцягнуў і з'яднаў вакол сябе новае кола экспертаў. Гэтыя спецыялісты зараз маюць разуменне і здольнасці прадстаўляць свае даследаванні на міжнародным узроўні.[18]

Штэфан Малерыус, Фонд Конрада Адэнаўэра, Германія (арыгінал ням. Konrad Adenauer Stiftung), засмучаны, што побач з Віталём не апынулася чалавека, здольнага распрацаваць на аснове яго даследаванняў план палітычных дзеянняў. Малерыус адзначае, што, з'яўляючыся аналітыкам і вучоным, Сіліцкі кансультаваў і даваў парады, калі яго пыталі, але ён не быў паліттэхнолагам і не жадаў ім станавіцца.[19]

Аб Віталі Сіліцкім таксама ўзгадвалі ў студзеньскім нумары «Journal of Democracy» (2012), дзе ён быў названы «лепшым палітолагам свайго пакалення, які толькі мог з'явіцца на постсавецкай прасторы». Таксама ў маі 2012 г. падчас святкавання дзесяцігоддзя праграмы Рэйгана-Фасэла, аб Віталі Сіліцкім узгадвалі як аб «пладавітым аўтары і вядучым грамадскім актывісце».[20]

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Віталь Сіліцкі жадаў бачыць яе дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе паважаюцца беларуская мова і нацыянальная культура.[21]

Віталь як шараговы грамадзянін прымаў удзел у мітынгах і шэсцях апазіцыі, у тым ліку і ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. Віталь пайшоў на плошчу, калі быў ужо хворы[22], і брутальны разгон мірных дэманстрантаў аказаў гнятлівы ўплыў на яго стан. Пазней ён удзельнічаў у акцыях салідарнасці з затрыманымі і палітзняволенымі.

У 1992 г. Віталь Сіліцкі, тады яшчэ студэнт, далучыўся да Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (пазней Аб'яднанай грамадзянскай партыі), займаўся яе моладзевай арганізацыяй. І хоць доўгі час не браў актыўнага ўдзелу ў жыцці партыі, афіцыйна выйшаў адтуль толькі ў 2010 г., у знак нязгоды з паводзінамі Яраслава Раманчука, партыйнага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 г., пасля разгону мірных дэманстрантаў і арышту кандыдатаў у прэзідэнты.[23]

Віталь Сіліцкі быў вядомым і ў беларускай благасферы як карыстальнік Жывога журнала nescerka. Але ўласнаручна выдаліў свой акаўнт, нягледзячы на папулярнасць і больш за 500 падпісчыкаў. У хуткім часе ён вярнуўся ў жывы журнал пад сваім імём, што, па яго прызнанні, «накладае пэўную адказнасць за базар», папярэдзіўшы, што «хуліганства і тролінга феміністак» ад яго больш не дачакаюцца[24]. Аднак у ЖЖ vitalsilitski з'явілася толькі тры запісы і Віталь Сіліцкі перайшоў у Facebook, дзе яго профіль пераўтварыўся ў своеасаблівую дошку памяці.[25]

Прэміі[правіць | правіць зыходнік]

У маі 1991 г. стаў пераможцам усесаюзнай алімпіяды юных сацыёлагаў, якая праходзіла ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя Ламаносава (г. Масква, Расія). Тэма даклада: «Токвіль і дэмакратычныя змены ва Усходняй Еўропе».[3]

У 1999 г. атрымаў[9] прэмію імя Маргарэт Тэтчэр ад Маладых еўрапейскіх кансерватараў (англ.) .

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 2011 г. у Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце (г. Будапешт, Венгрыя), дзе Віталь Сіліцкі атрымаў ступень магістра, была заснавана стыпендыя яго імя для беларускіх студэнтаў гэтага ўніверсітэта. Кандыдаты павінны прадэманстраваць поспехі ў навучанні, удзел у грамадскай дзейнасці і патрэбу ў дадатковай фінансавай падтрымцы. Заснавальнікі стыпендыі лічаць, што памяць аб Віталі Сіліцкім стане прыкладам для будучых пакаленняў беларускіх спецыялістаў.[26]

Таксама ў 2011 г. Інстытутам еўрапейскіх даследванняў і міжнародных адносін (анг. The Institute of European Studies and International Relations (IESIR, Slovakia)) і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, пры падтрымцы Славацкай агенцыі па кааперацыі міжнароднага развіцця(англ.)  (анг. Slovak Agency for International Development Cooperation (Slovak Aid)) была заснавана стыпендыяльная праграма імя Віталя Сіліцкага для беларускіх студэнтаў на 5-6-месячнае навучанне ў Славакіі.[27]

8 верасня 2011 г. у Вашынгтоне Нацыянальным фондам у падтрымку дэмакратыі (ЗША), Цэнтрам стратэгічных і міжнародных даследаванняў (анг. Center for Strategic and International Studies) і PONARS Eurasia была арганізавана экспертная панэль «Палітычная будучыня Беларусі», прысвечаная памяці Віталя Сіліцкага.[20]

29 лютага 2012 г. адбылася прэзентацыя пасмяротна выдадзенай кнігі Віталя Сіліцкага «Адкладзеная свабода» (кніжная серыя "Бібліятэка «Беларускі калегіюм»").

У гадавіну смерці Віталя Сіліцкага, 11 чэрвеня 2012 г., прайшоў вечар памяці з удзелам сяброў, калег, родных, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Памяці Віталя Сіліцкага быў прысвечаны першы беларускамоўны выпуск англамоўнага штомесячніка Belarus Headlines.[18]

18 чэрвеня 2012 г. у Фондзе Карнегі, што ў Вашынгтоне (ЗША), адбыўся круглы стол «Беларусь: стабільная нестабільнасць?», прысвечаны памяці Віталя Сіліцкага.[28]

У маі 2012 г., напярэдадні гадавіны смерці Віталя Сіліцкага, быў утвораны Камітэт па ўшанаванні яго памяці. Туды ўвайшлі вядомыя грамадскія і навуковыя дзеячы, якія добра ведалі Віталя.[29]

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага будзе займацца арганізацыяй мерапрыемстваў памяці, падрыхтоўкай да выдання кніг Сіліцкага, заснаваннем фонда і прэміі яго імя, арганізацыяй стыпендыальнай праграмы і г.д.

Працы[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар кнігі «Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі», апублікавана ў часопісе «ARCHE» ў 2002 г.,[30] выдадзена пасмяротна ў 2012 г.).[31]

Суаўтар другога выдання «Гістарычнага слоўніка Беларусі», разам з Янам Запруднікам (Vitali Silitski and Jan Zaprudnik, Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe), 2007, ISBN 0810858126).[32]

У 2015 выйшла кніга «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі» – зборнік прац Віталя Сіліцкага ў перакладах з англійскай пад рэдакцыяй Алеся Лагвінца. Значная частка надрукаванага накладу была знішчана пры няясных абставінах.[33]

Кнігі пад рэдакцыяй Віталя Сіліцкага[правіць | правіць зыходнік]

Главы ў кнігах[правіць | правіць зыходнік]

  • Шэраг главаў // Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006) / Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства; Беласток, Інстытут беларусістыкі. Вільня, 2012.
  • Беларусь в международном контексте // Беларусь и Европейский Союз: от изоляции к сотрудничеству (руск.)  / Ханц-Георг Вик, Штэфан Малериус. — Вильнюс: Фонд Конрада Аденауэра, 2011.
  • Дилеммы выбора // Беларусь: ни Европа, ни Россия. Мнения белорусских элит (руск.)  / Валерий Булгаков. — Варшава, 2006.
  • Расклад і тэндэнцыі пасьля выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму / Валер Булгакаў. — Беласток, 2005.
  • Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму // Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце / Валер Булгакаў. — Варшава: Вышэйшая школа гандлю і права, 2006. — С. 47-81. — 242 с. ISBN 978-83-60694-01-5.
  • Дыягназ беларускай эканомікі; Матывацыя эканамічных рэформаў у Беларусі; Пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі Беларусі // Беларусь: сцэнары рэформаў / Алесь Анціпенка, Валер Булгакаў. – Варшава: Фонд імя Сцяпана Батуры, 2003.
  • Рэжым Лукашэнкі паміж дзьвюма выбарчымі кампаніямі: вонкавыя і ўнутраныя фактары (дэ)легітымізацыі; Крызыс апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году; Зьмяненьне палітычнага раскладу пасьля мясцовых выбараў і пэрспэктывы наступных выбарчых кампаній // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі / Валер Булгакаў. – Менск: Аналітычны Грудок, 2003.
  • Эканамічная палітыка Лукашэнкі // Беларуска-расейская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы / Валер Булгакаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  • Belarus // Nations in Transit 2007-2011: Democratization from Central Europe to Eurasia / Rowman & Littlefield Publishers, Inc. (Freedom House publication), 2007-2011. (на англійскай мове)
  • Belarus (with Balazs Jarabik) // Is the European Union Supporting Democracy in its Neighbourhood?(англ.)  / Richard Youngs. - FRIDE in association with the European Council on Foreign Relations (2008)
  • Belarus and Russia: Comradeship-in-arms in Preempting Democracy // Political Trends in the New Eastern Europe: Ukraine and Belarus(англ.)  / Vitali Silitski and Arkady Moshes. - Strategic Studies Institute U.S. Army War Co (2007).
  • Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus) // Waves and Troughs of Post-Communist Transitions / Michael McFaul and Kathryn Stoner-Weiss, eds.- Johns Hopkins University Press, 2007. (на англ.)
  • Different Authoritarianisms, Different Patterns of Change // Civil society and Electoral Change in Central and Eastern Europe / Bratislava: German Marshall Fund, 2006. (на англійскай мове)
  • Signs of Hope Rather Than Electoral Revolution // Prospects for Democracy in Belarus / Pavol Deves, David Marples, and Joergg Forbig - German Marshall Fund, 2006. (на англійскай мове)
  • Internal Developments in Belarus // Changing Belarus. Chaillot Paper / Don Lynch. - Paris: Institute for Security Studies, 2005. (на англійскай мове)
  • Belarusian Economy: Diagnosis and Motivation for Reform; Perspectives of European Integration for Belarus // Belarus: Catching Up with Europe(англ.)  / Warsaw: The Bathory Foundation, 2004.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

Супраца са сродкамі масавай інфармацыі[правіць | правіць зыходнік]

Сталы аўтар часопіса «ARCHE»[34] і газеты «Наша ніва», партала «Наше Мнение»[35], эксперт беларускай службы Радыё Свабода і інш.

Меў больш за 100 публікацый у выданнях Беларусі, ЗША, краін Еўрапейскага Саюза, Расіі. Спецыялізаваўся ў пытаннях палітыкі эканамічных рэформ, дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы, электаральных рэвалюцыях і прэвентыўным аўтарытарызме, палітыкі Еўрапейскага Саюза на постсавецкай прасторы, адносінах Беларусі з Расіяй і ЕС.[36]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. У памяць Віталя Сіліцкага
  2. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 Vitali Silitski. Curriculum Vitae(англ.) 
  4. Vitali Silitski: CEU Alumni & Careers(англ.) 
  5. Robert R. Kaufman(англ.) 
  6. Reagan-Fascell Democracy Fellows Program(англ.) 
  7. http://belinstitute.eu/index.php?lang=be
  8. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў: пра інстытут
  9. 9,0 9,1 Vitali Silitski. 25+1 random facts about me.(англ.) 
  10. Памёр палітолаг Віталь Сіліцкі
  11. Preempting Democracy: The Case of Belarus, Journal of Democracy Volume 16, Number 4, October 2005 pp. 83-97.
  12. 12,0 12,1 Vitali Silitski. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus). CDDRL working papers, 2006.(англ.) 
  13. Віталь Сіліцкі. Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца // ARCHE 2006, № 7-8.
  14. R. Potocki. Decalogue for a Democratic Activist.(англ.) 
  15. Andrew Kuchins, Cory Welt, Mitchell Orenstein, Lucan Way, Rodger Potocki, «Vitali Silitski (1972—2011)», Journal of Democracy Volume 23, Number 1, January 2012 pp. 188—189.
  16. Chrystia Freeland. The authoritarian international goes on the defensive(англ.) 
  17. Белорусский экономический исследовательско-образовательный центр
  18. 18,0 18,1 Belarus Headlines. Памяці Віталя Сіліцкага
  19. Belarus Headlines ІХ
  20. 20,0 20,1 Advancing the Legacy of Vitali Silitski | National Endowment for Democracy(англ.) 
  21. Быць беларусам: Віталь Сіліцкі
  22. Бог пацалаваў яго…(бел.) 
  23. Віталь Сіліцкі выходзіць з АГП.
  24. Жывы журнал Віталя Сіліцкага.(бел.) 
  25. Профіль Віталя Сіліцкага ў сацыяльнай сетцы Facebook.
  26. Vitali Silitski Supplementary Annual Scholarship at CEU (англ.) 
  27. Vitali Silitski Fellowship (англ.) 
  28. Беларусь: стабильная нестабильность? (руск.) 
  29. Cоздан комитет по увековечению памяти первого директора BISS Виталия Силицкого (руск.) 
  30. Адкладзеная свабода: Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі
  31. Прэзентацыя кніг В.Сіліцкага і А.Анціпенка
  32. Amazon.com: Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe)(англ.) 
  33. http://belisrael.info/?p=5661
  34. Артыкулы Віталя Сіліцкага ў часопісе «ARCHE»
  35. Артыкулы Віталя Сіліцкага на партале «Наше Мнение»
  36. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў: пра нас