Ізяслаў (князь полацкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ізяслаў
князь полацкі
зг. 1265

Нараджэнне невядома
Смерць 1270-я

Ізяслаў (XIII ст. — пасля 1265) — князь полацкі (зг. 1265).

Упершыню згадваецца як полацкі князь разам з іншым Ізяславам — віцебскім князем, у грамаце 1265 года ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў рыжскаму біскупу пра вольны гандаль паміж Полацкам і Рыгай і захаванне міру паміж імі.

«Слов(о) Изяслав(а), княз(я) полочьког(о), к еп(иско)пу и к местерю и к всемь вельневицем и ратьманом, всем горожаном: Полотеск Видьбеск одно есть, а воли есми б(о)жии и в Молшелгове. А Изяслав со мною одн. На семь к мне целовати кр(е)ст в правду, любовь имети и мир, как было при первых княз(ья)х полочьскы полочаном видьбляном волное торгованье в Ризе, на Готьскомь бере(ге) и в Любьце. А рубежа не деяти. А кому с кым тяжа, суд дати без перевода. А суженого не посуживати. А где кому годно, ту тяжеться. Поручник(и), и должникы и холопы выдати. А што ся в рать деяло и в рубежех, про то вам не мьщати, ни нам вам мещати. Чего ся есме отступили в Ризе, к тому вам не приискывати ни людей, ни земли, ни воды, ни борти. На семь же целуйте ко мне кр(е)ст, по любьви в правду без всякого извета.»[1]

Грамата сведчыць, што Ізяслаў дзейнічаў са згоды Войшалка[2]. Імаверна, Ізяслаў заняў полацкі сталец з дапамогай Войшалка, змяніўшы на ім вылучэнца Траняты[3]. Хто быў гэтым вылучэнцам, меркаванні даследчыкаў розныя, адны лічаць, што Гердзень, другія — што Канстанцін, таксама ёсць іншыя версіі.

Гердзень згадваецца тым самым часам, таксама ў сувязі з пагадненнем паміж Полацкам і Рыгай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў Полацку адначасова магло быць некалькі князёў. Іншыя, што згадка ў грамаце двух Ізяславаў ёсць памылкай перапісчыка — абодва Ізяславы ў гэтай грамаце адна і тая асоба, гэта значыць віцебскі князь, а полацкім быў Гердзень. Але Ізяслаў згадвае ў сваёй грамаце заключанае Гердзенем пагадненне «ў Рызе», то-бок княжыў пасля яго. Таксама адзначалася, што Гердзень названы ў сваёй грамаце проста князем, не князем полацкім, якім такім чынам і не быў[4].

Пра паходжанне і асобу Ізяслава ёсць некалькі версій. Паводле адной з іх, Ізяслаў тоесны новагародскаму князю Ізяславу згаданаму разам з Міндоўгам у 1235 годам, некаторыя даследчыкі атаясняюць яго са свіслацкім князем Ізяславам, іншыя атаясняюць свіслацкага Ізяслава з князем новагародскім Ізяславам. Такім чынам, магчыма, полацкі Ізяслаў, наваградскі Ізяслаў і свіслацкі Ізяслаў — адна асоба. Паводле найбольш распаўсюджанай версіі, Ізяслаў паходзіў з роду віцебскіх князёў — Васількавічаў.

Зноскі

  1. Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. / Сост. А. Л. Хорошкевич. 4.1. М., 1977. С.36-37.
  2. «Молшелгове» — памылка пазнейшага перапісчыка, бо ў нямецкамоўнай копіі граматы імя Войшалка напісана правільна.
  3. Данилевич В. Е. Очерки истории Полоцкой земли до конца XIV ст. — К., 1896. С. 141—146.
  4. Александров Д. Н., Володихин Д. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. // Отв. редактор: академик В. Л. Янин. М.: Аванта+ 1994. — С. 37.