Ізяслаў Уладзіміравіч
Ізяслаў Уладзіміравіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ст.-рус. Изѧславъ | |||||||
![]() | |||||||
![]() Знак Ізяслава. Малюнак з пячаткі. | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Рагвалод | ||||||
Пераемнік | Усяслаў Ізяславіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 980 |
||||||
Смерць |
1001 |
||||||
Род |
![]() |
||||||
Бацька |
![]() |
||||||
Маці | Рагнеда Рагвалодаўна | ||||||
Жонка | імя невядома | ||||||
Дзеці |
![]() |
||||||
Веравызнанне |
![]() |
||||||
Дзейнасць | увядзенне пісьменства ў Полацкай зямлі[1] | ||||||
Вядомы як | першы князь полацкі з Рурыкавічаў | ||||||
![]() |
Ізяслаў Уладзіміравіч (ст.-рус. Изѧславъ, каля 980 — 1001, Полацк) — князь полацкі (каля 988—1001, першы з Рурыкавічаў, заснавальнік роду Ізяславічаў). Сын вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча ў яго шлюбе з полацкай князёўнай Рагнедай Рагвалодаўнай.
З Ізяславам Уладзіміравічам звязана ўзнаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і самастойнасці Полацкага княства. Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых усходнеславянскіх епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць княжацкая пячатка з надпісамі. Першы з усходнеславянскіх князёў, які ахарактарызаваны ў летапісу як кніжнік.
Паходжанне і роднасныя сувязі[правіць | правіць зыходнік]
Паводле дарэвалюцыйных расійскіх генеолагаў, Ізяслаў належыць да 5-га пакалення Рурыкавічаў. Па жаночай лініі — праз Рагнеду — унук першага вядомага полацкага князя Рагвалода[2]. З’яўляецца заснавальнікам асобнай галіны Рурыкавічаў — роду Ізяславічаў Полацкіх, якія кіравалі Полацкай зямлёй па праву спадчыннасці ад Рагвалода, і, такім чынам, працягвалі дынастыю Рагвалодавічаў[3].
Імя[правіць | правіць зыходнік]
Імя Ізяслаў складаецца з асноў ізя- (ст.-рус. изѧти — выбраць) і слаў- (параўн.: слава) і, такім чынам, верагодна значыць: «выбраны славай». Верагодна, Уладзімір Святаславіч, называючы сваіх сыноў, трымаўся створанай ім сістэмы, і такім чынам, заклаў асновы іменаслова роду сваіх нашчадкаў. Закладаючы ў імёны большасці сваіх дзяцей аснову слаў-, Уладзімір падкрэсліваў іх сувязь з дзедам — вялікім князем кіеўскім Святаславам Ігаравічам[4]. Хроснае імя Ізяслава невядома.
Рагвалодавічы — княжацкі род (да падзелу на ўдзелы) | ||||||||||||
|
Пазней імем Ізяслаў карысталіся як Ізяславічы Полацкія, так і іншыя галіны Рурыкавічаў.
Княжацкі знак[правіць | правіць зыходнік]
Асабістым знакам Ізяслава Уладзіміравіча быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца. Трызуб Ізяслава падобны да княжацкага знаку яго бацькі, Уладзіміра Святаславіча, і адрозніваецца сярэднім зубам. Знак захаваўся на адбітку пячаткі Ізяслава.
Лічыцца, што трызуб з крыжападобным сярэднім зубцом стаў родавым знакам Ізяславічаў Полацкіх. Сустракаюцца такія знакі і больш позняга часу, з дапаўненнямі і змяненнямі, яны атаясняюцца з полацкімі князямі — нашчадкамі Ізяслава[5].
У сучаснай геральдыцы трызуб Ізяслава ўвасоблены ў гербе горада Заслаўя (Мінскі р-н, Мінская вобл.).
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Шлюб Уладзіміра і Рагнеды[правіць | правіць зыходнік]
Паводле летапіснай легенды, якая змешчана ў «Аповесці мінулых часоў» (АМЧ), маці Ізяслава — Рагнеда Рагвалодаўна — да замужаства жыла ў Полацку. У іншых усходнеславянскіх землях княжылі браты-Рурыкавічы, паміж якімі ішла міжусобная барацьба — вялікі князь кіеўскі Яраполк Святаславіч і князь наўгародскі Уладзімір Святаславіч. Абодва яны пасваталіся да Рагнеды; Рагнеда адмовіла Уладзіміру. Вялікае войска Уладзіміра падчас паходу на Кіеў напала на Полацк, горад быў захоплены. Бацька Рагнеды — князь полацкі Рагвалод, яе маці і браты былі забіты, а Рагнеда прымусова ўзята Уладзімірам у жонкі. У далейшым Яраполк загінуў у міжусобнай барацьбе, вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір.
Рагнеда была другой з шасці жонак Уладзіміра ў яго дахрысціянскіх шлюбах. Княгіня была паселеная ля Кіева — на Лыбедзі (рэчка і мясцовасць), дзе ўтварылася вёска Прадславіна. (Назву звязваюць з імём дачкі Рагнеды — Прадславы; цяпер частка Галасееўскага раёна г. Кіева).
Ізяслаў — другі альбо трэці па старшынстве сярод 13 сыноў і не менш 10 дачок Уладзіміра (ад усіх шлюбаў) — пасля Вышаслава і, магчыма, Святаполка. Аповесць мінулых часоў перад Святаполкам ставіць Яраслава, таму ў публікацыях сустракаецца меркаванне аб Ізяславе як чацвёртым сыне. Але ў цяперашні час факт старшынства Святаполка перад Яраславам даказаны[6]. Наўгародскі першы летапіс лічыць Ізяслава другім па старшынстве сярод сыноў Уладзіміра — пасля Вышаслава. Пытанне старшынства Ізяслава звязана таксама з праблемамі храналогіі гісторыі Русі ў X ст., якая даецца крыніцамі вельмі ўмоўна.
Паводле Аповесці мінулых часоў, у шлюбе Уладзіміра і Рагнеды былі 4 сыны і 2 дачкі (магчыма, адзін сын — Мсціслаў — пададзены памылкова). Ізяслаў сярод іх названы першым. У Лаўрэнцеўскім летапісу і познім Маскоўскім летапісным зводе (1479 г.) паведамляецца толькі пра адно дзіця — Ізяслава.
Прыбыццё ў Полацкую зямлю[правіць | правіць зыходнік]
Каля 987 года Рагнеда, помсцячы за забойства сваіх бацькоў і братоў, зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра. За гэта Уладзімір вырашыў яе смяротна пакараць, загадаў ёй апрануцца ва ўсё княжацкае адзенне і чакаць яго. Ізяслаў, навучаны Рагнедай, сімвалічна з мечам у руках выступіў на абарону маці.
Заступніцтва Ізяслава ўразіла Уладзіміра, і ён звярнуўся па раду да сваіх баяраў. Баяры параілі:
«Оуже не оубии ея дѣтяти дѣля сего, но въздвигни отчину ея, и даи еи с сыном своимъ.» (Ст.-рус.)
«Уж не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, але аднаві отчыну яе, і дай ёй з сынам сваім.»

Уладзімір заснаваў у Полацкай зямлі новы горад — Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), куды былі адасланы Рагнеда і Ізяслаў.
Княжанне[правіць | правіць зыходнік]
У 988 г. адбылося хрышчэнне Русі. Ранейшыя шлюбы Уладзіміра, у т. л. з Рагнедай, былі скасаваны. Мяркуецца, што затым Уладзімір прызначыў сваіх сыноў на княжанні ў землях Русі. Ізяслаў стаў князем полацкім. Паводле позняга Цвярскога летапісу, Рагнеда ў 1000 г. прыняла манаства пад імём Анастасія.
На полацкім стальцы Ізяслаў, відаць, вёў актыўную ўнутры- і знешнепалітычную дзейнасць, у Ноўгарадзе (Расія) падчас археалагічных раскопак (1954) знойдзена яго пячатка.
Памёр у 1001 г., перажыўшы маці на 1 год, пры жыцці бацькі. Пакінуў ад невядомай па імю жонкі двух сыноў — Усяслава і Брачыслава. Уладзімір Святаславіч не пярэчыў супраць пераходу полацкай улады да іх у спадчыну (хоць у астатніх землях Русі ўлада ў такіх выпадках пераходзіла да наступнага па старшынстве сына Уладзіміра). Гэта вяло да ўзнаўлення полацкага княжацкага роду і аднаўлення незалежнасці Полацкай зямлі ад Кіева.
Летапісныя згадкі пра Ізяслава ў Поўным зборы рускіх летапісаў: I, 34, 52, 55, 131; II, 250, 259, 261, V, 2, 112, 124; VII, 28, 231, 294, 313, 317; IX, 57, 68, 155—156. Летапіс дае высокую ацэнку Ізяславу як чалавеку і хрысціяніну:
«Бысть жа сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив…» (руск.)
«Быў жа гэты князь ціхі і лагодны, і памяркоўны, і міласцівы, і любіў вельмі і ўшаноўваў святарскі чын манашскі, і рупліва перачытваў боскія пісанні, і пазбягаў нікчэмнай мітусяніны, і слёзны быў, і спагадны, і доўгацярплівы…»[7].
— Ніканаўскі летапіс. (Вялікае Княства Маскоўскае, XVI ст.)
Пячатка[правіць | правіць зыходнік]
Пячатка Ізяслава з’яўляецца адным з найстаражытнейшых помнікаў пісьменства Усходняй Еўропы. Адціснутая на палосцы свінцу, яна была прывешаная да граматы на скураным дзягужку.
На аверсе змешчаны мадыфікаваны знак «Трызуб» з надпісам ΝΖAC**OΖO (ст.-рус. ΝΖACΛΑOZO — напісанне кірылічнымі літарамі грэчаскага гучання імя Ізяслаў: Ізас[лав]ос). Рэверс без выявы з надпісам ГРΑΔ***** (ст.-рус. ГРΑΔΠΛΤСΚ — «Град Полацк»). Памеры: у шырыню 38 мм, у даўжыню 24 — 30 мм. Таўшчыня палоскі 11 мм, у месцы адбітку 8 мм.
Шлем[правіць | правіць зыходнік]
У красавіку 2019 года ў Бабруйску, калі супрацоўнікі мясцовага прадпрыемства паглыблялі дно Бярэзіны, выпадкова выявілі ўнікальны шлем. Артэфакт добра захаваўся дзякуючы таму, што доўгі час знаходзіўся ў вадзе. Перыяд існавання падобных шлемаў — X—XI стагоддзі. Знешні выгляд шлема сведчыць, што гэта праца па замове, адзінкавая, выкананая, мабыць, скандынавамі. Беларускія гісторыкі, напрыклад, Ігар Марзалюк, выказалі меркаванне, што ён, хутчэй за ўсё, належаў полацкаму князю Ізяславу[8][9].
Украінскі гісторык Арцём Папакін расказаў, што нельга дакладна вызначыць прыналежнасць гэтага артэфакта. Большасць з такіх шаломаў маглі трапіць на тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля разгрому Хазарскага каганата, і магчыма, яны пазначаюць удзельнікаў тых падзей, якія ў якасці трафеяў маглі іх вывезці. Таму і на тэрыторыі Беларусі такі шалом мог з’явіцца дзякуючы воіну, які ўдзельнічаў у паходзе 960-х гадоў. Шалом мог належаць заможнай асобе, вялікаму вядомаму воіну, бо большасць шаломаў гэтага тыпу былі пазалочаныя, яны дастаткова складаныя для вырабу. Але дакладна ідэнтыфікаваць знаходку з пэўнай гістарычнай асобай немагчыма[10].
Сям'я[правіць | правіць зыходнік]
Пра жонку Ізяслава Уладзіміравіча звесткі не захаваліся. Сыны:
- Усяслаў Ізяславіч (990-я—1003), князь полацкі (1001—1003);
- Брачыслаў Ізяславіч (990-я—1044), князь полацкі (1003—1044).
Радавод[правіць | правіць зыходнік]
Продкі Ізяслава Уладзіміравіча | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

- Помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі ля Дома культуры «Свiтанак» (1993, скульптар А. Арцімовіч, архітэктар І. Марозаў, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г.).
- Помнік Ізяславу ў Заслаўі на Цэнтральнай плошчы (2014, скульптар А. Прохараў).
- Скульптура ў Заслаўі на Вялікай вуліцы (2017).
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ Семянчук, Г. Ізяслаў Уладзіміравіч / Г. Семянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 477. ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Вяроўкін-Шэлюта У. Рурыкавічы / У. Вяроўкін-Шэлюта // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 592 с.: іл. — С. 134. ISBN 985-11-0214-8.
- ↑ Насевіч, В., Іоў А. Ізяславічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 476—477. ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1000 экз. — ISBN 5-85759-339-5. (руск.)
- ↑ Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси / С. В. Белецкий // «Повесть временных лет». — СПб.: Вита Нова, 2012. (руск.)
- ↑ Карпов, А. Ю. Ярослав Мудрый(недаступная спасылка) / А. Ю. Карпов. — Москва, 2001. (руск.)
- ↑ Пераклад з кнігі: Цвірка, К. Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў / Кастусь Цвірка. — Мінск: «Соврем. слово», 2006. — 400 с. — С. 36. ISBN 985-443-570-9.
- ↑ belta.by
- ↑ history.nashaniva.by
- ↑ svaboda.org
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Алексеев, Л. В. Полоцкая земля / Л. В. Алексеев. — Москва, 1975. (руск.)
- Загарульскі, Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам.(недаступная спасылка) / Э. М. Загарульскі. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 260 с.
- Заяц, Ю. А. Заславль в эпоху феодализма(недаступная спасылка) / Ю. А. Заяц. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-01350-3. (руск.)
- Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в.. — Москва: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с. (руск.)
- Семянчук, Г. Ізяслаў Уладзіміравіч / Г. Семянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 477. ISBN 985-11-0041-2.
Папярэднік: Рагвалод |
Князь полацкі Каля 988 — 1001 |
Пераемнік: Усяслаў Ізяславіч |