Іспанскае пытанне (ААН)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Амерыканская карыкатура 1945 года: Франсіска Франка спрабуе схваваць шкілет у шафе — доказы супрацоўніцтва з краінамі Восі.

Іспанскае пытанне (ісп.: Cuestioñ Española) — праблема адносін паміж Франкісцкай Іспаніяй і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у перыяд з 1945 па 1955 год.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1936—1939 гадах ў Іспаніі ішла грамадзянская вайна, перамогу ў якой атрымаў Франсіска Франка, шмат у чым дзякуючы нямецкай і італьянскай падтрымцы.

З пачаткам Другой сусветнай вайны рэжым Франка абвясціў нейтралітэт. На фоне перамог Германіі ў Еўропе ў 1940 годзе іспанскія войскі занялі міжнародную зону Танжэр. Яна была ўключана ў іспанскі пратэктарат Марока. Падчас нямецка-савецкай вайны Іспанія накіравала на Усходні фронт падраздзяленне добраахвотнікаў — так званую «Блакітную дывізію».

У 1943 годзе, калі поспех спадарожнічаў антыгітлераўскай кааліцыі, Франка перайшоў да строгага выканання нейтралітэту і адклікаў Блакітную дывізію.

З-за сімпатый афіцыйнага Мадрыда да краін Восі пасля вайны Іспанія трапіла ў міжнародную ізаляцыю[1].

Міжнародная ізаляцыя[правіць | правіць зыходнік]

На канферэнцыі 1945 года ў Сан-Францыска, па ініцыятыве дэлегацый Аўстраліі і Мексікі, была прынятая прапанова, паводле якой Іспанія не магла стаць членам ААН, паколькі яе рэжым усталяваны сілавым спосабам. Гэта рашэнне збольшага пралабіравана прадстаўнікамі Іспанскай рэспубліканскай партыі, што ў час грамадзянскай вайны выступала супраць прыхільнікаў Франка[2].

На Патсдамскай канферэнцыі тры дзяржавы-пераможцы (Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія і Савецкі Саюз) заявілі, што не прымуць краіну ў ААН пры яе цяперашнім кіраўніцтве[3].

У ААН пытанне Іспаніі было закранута па ініцыятыве польскай дэлегацыі[4]. 29 красавіка 1946 года Савет Бяспекі прыняў рэзалюцыю 4, у якой адзначыў сваё «аднадушнае маральнае асуджэнне рэжыму Франка»[5].

У перыяд з мая па чэрвень 1946 года Савет Бяспекі правёў даследаванне палітычнай сітуацыі ў Іспаніі, у выніку чаго прыйшоў да наступных высноў[4][6]:

  • Рэжым Франка, які ўсталяваны пры падтрымцы Германіі і Італіі, меў фашысцкі характар;
  • Мадрыд дапамог дзяржавам Восі, накіраваўшы Блакітную дывізію ў Савецкі Саюз і захапіўшы Танжэр у 1940 годзе.

12 снежня 1946 года Генасамблея прыняла рэзалюцыю 39, якая выключыла ўрад Іспаніі з міжнародных арганізацый і канферэнцый пад эгідай ААН. Акрамя таго, рэзалюцыя рэкамендавала Савету Бяспекі прыняць неабходныя меры, калі на працягу «разумнага часу» не будзе створаны новы ўрад. Рэкамендавалася неадкладна адклікаць паслоў, акрэдытаваных у краіне. Рэзалюцыя была прынятая 34 галасамі «за», 6 «супраць», 13 устрымаліся, 1 не галасаваў. Гэта зрабіла немагчымым удзел афіцыйнага Мадрыда ў міжнародных справах[6].

Аднак дадзеныя санкцыі не паўплывалі ні на ўнутраную абстаноўку ў краіне, ні на яе міжнародныя сувязі. Некаторыя дзяржавы (асабліва Аргенціна) не выканалі рэкамендацыі аб адкліканні сваіх паслоў, а многія іншыя проста пакінулі свае дэлегацыі ў якасці часовых павераных[7].

Змена становішча[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўмовах Халоднай вайны геаграфічнае становішча і антыкамуністычная палітыка краіны прымусілі заходнія дзяржавы змяніць сваё стаўленне да Франка[8][7]. Пазней Джярждэпартамент ЗША заявіў, што рэзалюцыя 39 была правальнай. Тым не менш, франкісцкі рэжым працягвалі асуджаць. Злучаныя Штаты нават выключылі Іспанію з плана Маршала і не запрасілі яе ў НАТА[8].

4 лістапада 1950 года Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю 386, якая адмяніла рэкамендацыю аб адкліканні паслоў і забарону Іспаніі быць членам міжнародных устаноў, створаных або звязаных з ААН. Рэзалюцыя была прынятая 38 галасамі «за», 10 «супраць», 12 устрымаліся.

Рэзалюцыя 386 праклала шлях для далучэння дзяржавы да сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Працэс пачаўся ў 1951 годзе з уключэння краіны ў Сусветны паштовы саюз, Міжнародны саюз электрасувязі і СААЗ[7][9]. Цалкам ён быў завершаны ўступленнем Іспаніі ў ААН 14 снежня 1955 года[10].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Fernández, Antonio; Pereira, Juan Carlos (1995). "La percepción española de la ONU (1945-1962)". Cuadernos de Historia Contemporánea [іспанская]. Madrid: Universidad Complutense (17): 121–146. ISSN 0214-400X. Праверана April 13, 2017.
  2. Fernández, Antonio; Pereira, Juan Carlos (1995). "La percepción española de la ONU (1945-1962)". Cuadernos de Historia Contemporánea [іспанская]. Madrid: Universidad Complutense (17): 121–146. ISSN 0214-400X. Праверана April 13, 2017.
  3. Berlin Potsdam Conference, 1945. pbs.org.
  4. а б Tash. Investigation of the Spanish question before the United Nations. University of Montana (19 красавіка 1951). Праверана April 13, 2017.
  5. United Nations Security Council Resolution 4
  6. а б Resolución 39(I) de la Asamblea General de la ONU sobre la cuestión española (ісп.). Fundación Acción Pro Derechos Humanos. Праверана April 13, 2017.
  7. а б в Sánchez. La esperanza frustrada. El exilio republicano ante la cuestión española en Naciones Unidas (ісп.). Temps i espais de memòria. Barcelona: Generalitat de Catalunya (21 студзеня 2016). Праверана April 13, 2017.
  8. а б Alarcón. El repudio internacional, el fin del aislamiento y el ingreso en la ONU (ісп.). El Mundo - Aventura de la Historia. Madrid: Unidad Editorial Información General (17 кастрычніка 2014). Праверана April 13, 2017.
  9. Fernández, Antonio; Pereira, Juan Carlos (1995). "La percepción española de la ONU (1945-1962)". Cuadernos de Historia Contemporánea [іспанская]. Madrid: Universidad Complutense (17): 121–146. ISSN 0214-400X. Праверана April 13, 2017.
  10. Our history. Government of Spain: Ministry of Foreign Affairs, European Union and Cooperation. Праверана 17 April 2024.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]