Абложны менталітэт
Абложны менталітэт, таксама вядомы як сіндром або псіхалогія абложанай крэпасці, — паняцце ў сацыялогіі, якое апісвае стан нейкага суб’екта, упэўненага ў варожых намерах навакольных, пры якім прымаюцца абарончыя, баязлівыя паводзіны[1], прылічэнне сябе да ўмоўна прыгнечанай ахвяры (самавіктымізацыя). Суб’ект можа быць як асобным чалавекам, так і групай людзей ажно да дзяржавы[2]. Часцей за ўсё прымяняецца ў кантэксце групавой з’явы[3]. Устаноўлена сувязь паміж абложнай псіхалогіяй і паранояй[4].
Назва паходзіць ад ваеннай аблогі, калі абаронцы адгароджаныя ад знешняга свету варожымі войскамі па перыметры.
Абложны менталітэт можа прывесці да чорна-белага мыслення, сацыяльнага канфармізму і адсутнасці даверу, а таксама да ўзмоцненай ксенафобіі і моцнага пачуцця сацыяльнай згуртаванасці «прыгнятаемых»[5]. Падобны менталітэт часта выкарыстоўваецца палітыкамі-папулістамі, якія прымушаюць электарат адчуваць пагрозу, а затым прапануюць выратаванне ад уяўнага прыгнёту. У гэтым сэнсе выкарыстанне сіндрому абложанай крэпасці з’яўляецца псіхаманіпуляцыяй.
На нацыянальным узроўні
[правіць | правіць зыходнік]У мінулым у выніку ідэалагічнай і палітычнай ізаляцыі абложны менталітэт развіўся ў Савецкім Саюзе (палітыка «жалезнай заслоны», як прыватны выпадак), Камуністычнай Албаніі, Радэзіі, Паўднёвай Афрыцы (палітыка апартэіду) і Паўночнай Ірландыі («паўночнаірландская смута» другой паловы 20 стагоддзя). Сярод сучасных прыкладаў наяўнасць абложнага менталітэту была апісана ў такіх краінах, як Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра, Кітайская Рэспубліка, Паўднёвая Карэя, Паўночная Карэя, Куба[6], Ізраіль[7], Дзяржава Палесціна, Венесуэла, Расійская Федэрацыя і Польшча. Верагодна, такая палітыка заахвочваецца як асобнымі ўрадамі дзеля апраўдання ўзурпацыі ўлады, так і апазіцыямі, каб, напрыклад, схіліць грамадскасць да звяржэння ўрада гвалтоўнымі спосабамі[8].
Найбольш вывучаным прыкладам абложнага менталітэта нацыянальнага ўзроўню з’яўляецца акружаная арабскімі краінамі Дзяржава Ізраіль, чый народ падвяргаўся шматвяковым ганенням аж да Халакоста[9][10].
У расейскамоўнай медыяпрасторы паняцце «псіхалогія абложанай крэпасці» часцей за ўсё ўжываецца ў адносінах да сучаснай Расеі, якая знаходзіцца ў адкрытай канфрантацыі з краінамі Захаду[11][12][13]. Асабліва моцнага развіцця падобная рыторыка набыла з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ на Украіну ў 2022 годзе. У часы расейскай грамадзянскай вайны адзін з выкарыстаных лозунгаў абвяшчаў, што «Савецкая Расея — абложаны лагер», бо гэта спосаб аб’яднаць дзяржаву супраць агульнага ворага[14].
У грамадстве
[правіць | правіць зыходнік]З сацыялагічнага пункту гледжання гэтая з’ява можа ставіцца да пачуцця пераследу ў нейкага чальца нейкай меншасці, якая лічыць сябе пад вызначанай пагрозай[15]. Таксама падобная з’ява можа сустракацца ў вобласці спорту, дзе трэнеры або менеджары часта ствараюць у сваіх гульцоў абложнае мысленне, пераконваючы ў варожасці за межамі іхняга клуба.
У бізнесе часцей сустракаецца паняцце «бункерны менталітэт», які асабліва распаўсюджаны ў выніку канкурэнцыі або скарачэння супрацоўнікаў[16]. Некаторыя рэлігійныя групы могуць прытрымлівацца гэтай парадыгмы, асабліва сярод маргінальных[17].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ (англ.) Siege mentality Definition & Meaning | Britannica Dictionary . Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2023. Праверана 12 чэрвеня 2023.
- ↑ (англ.) siege mentality Архівавана 21 верасня 2015.. Collins COBUILD Advanced Dictionary; Collins English Dictionary; Webster’s New World College Dictionary
- ↑ (англ.) D. J. Christie, The Encyclopedia of peace Psychology v1 (2011) p. 997
- ↑ (англ.) Mehwish Ahmed, Muhammad Naveed Riaz Predictors of siege mentality among early adults: moderating role of paranoid thoughts(недаступная спасылка) // J Pak Med Assoc. 2020 Oct;70(10):1684-1687. doi: 10.5455/JPMA.16559.
- ↑ Christie, p. 998
- ↑ (англ.) The Siege Mentality Problem . The New York Times. Праверана 8 ліпеня 2019.
- ↑ (англ.) Israel's siege mentality . The Economist. The Economist Newspaper Limited. Праверана 8 кастрычніка 2015.
- ↑ (англ.) Soong-hoom Kil, Chung-in Moon (2001). Understanding Korean Politics: An Introduction. SUNY Press. p. 295. ISBN 0-7914-4890-8.
- ↑ (англ.) Daniel Bar-Tal Siege Mentality in Israel // International Journal of Intercultural Relations, June 1992. 16(3): 251—275
- ↑ (англ.) Hani Ahkhorashida The Impact of Siege Mentality of Israel: How it Shaped a Society, and the Nature of the Arab-Israeli Conflict. Архівавана 2 верасня 2020.International Journal of Humanities and Social Science Vol. 7, No. 4; Красавік 2017
- ↑ (руск.) Эггерт К. Осажденная крепость как зона комфорта Архівавана 30 красавіка 2016.. Deutsche Welle
- ↑ (руск.) Стратиевский Д. Осажденная крепость. IPG — Международная политика и общество
- ↑ (руск.) Шлосберг Л. Кругом враги. Псковская губерния
- ↑ (руск.) Токмакова Полина Дмитриевна ФОРМИРОВАНИЕ ГРАЖДАНСКОЙ ИДЕНТИЧНОСТИ МОЛОДЁЖИ В СССР (НА МАТЕРИАЛАХ ИЗОБРАЗИТЕЛЬНОГО ИСКУССТВА) // Вестник Приамурского государственного университета им. Шолом-Алейхема. — 2022. — № 1 (46). — DOI:10.24412/2227-1384-2022-146-93-99 Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2023.
- ↑ (англ.) A. Samuels, The Father (1985) p. 8
- ↑ (англ.) C. Sargeant, From Buddy to Boss (2006) p. 366
- ↑ (англ.) J. R. Lewis, Oxford Handbook of New Religious Movements (2004) p. 151