Сацыялогія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Сацыялогія (ад лац.: socius — грамадскі і грэч.: λόγος — слова) — навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сацыяльных супольнасцей і працэсаў, пра сацыяльныя адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб'ектам сацыялагічнага пазнання з'яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сацыяльны арганізм.

Асноўная мэта сацыялогіі — аналіз структуры сацыяльных адносін у тым выглядзе, у якім яны складваюцца ў ходзе сацыяльнага ўзаемадзеяння. Метадалагічна сацыялогія ў значнай ступені базіруецца на эмпірычных даследваннях. Сацыялогію адносяць да грамадскіх альбо гуманітарных навук.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін увёў стваральнік гэтай навукі А. Конт, які сінтэзаваў найбольш плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сацыяльную дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»: тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай.

Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі сацыялогіі ажыццявіў Г. Спенсер, які стварыў канцэпцыю сацыяльных інстытутаў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей.

Канцэпцыя сацыялагізму найбольш поўна адлюстравана ў працах Э. Дзюркгейма, які вызначаў прадмет сацыялогіі як сацыяльныя факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай.

Імкненне знайсці аб'ектыўныя заканамернасці сацыяльных з'яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў сацыялогіі статыстыкі. М. Вебер вызначаў сацыялогію як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб'ектыўнай матывацыі індывіда або групы. Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сацыяльнага дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы.

П. А. Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» сацыялогію і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сацыяльных заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асноўных тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх інстытутаў, сацыяльная палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.

Працэс фарміравання сацыялогіі адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналітычнага падыходу, тэарэтычныя пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэтычныя арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філасофскіі плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб'ектывізму. «Разумеючая» сацыялогія Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сацыяльных дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х гады ў сацыялогіі існавала некалькі тэарэтычных арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т. Парсанс, Р. К. Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з'явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Звязаныя дысцыпліны[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральныя паняцці[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]