Абу-Муса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абу-Муса
перс. ابوموسی‎, ар. أبو موسى
Бераг
Бераг
Характарыстыкі
Плошча12,8 км²
Насельніцтва4 213 чал.
Шчыльнасць насельніцтва329,14 чал./км²
Размяшчэнне
25°52′19″ пн. ш. 55°02′05,40″ у. д.HGЯO
АкваторыяПерсідскі заліў
Краіна
Абу-Муса (Іран)
Абу-Муса
Абу-Муса
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Абу-Муса (перс.: ابوموسی, араб. أبو موسى‎‎‎) — востраў у Персідскім заліве. Кантралюецца Іранам, што аспрэчваецца з боку Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Плошча — 12,8 км². Насельніцтва (2016 г.) — 4 213 чалавек.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Абу-Муса месціцца на ўсходзе Персідскага заліва за 64 км на паўночны захад ад Шарджы і за 187 км на заходні поўдзень ад Бендэр-Абаса. Мае стратэгічнае значэнне, паколькі паміж ім і астравамі Тунб пралягае адзіны на ўсходзе заліва глыбакаводны шлях для буйнатанажных танкераў.

Паверхня Абу-Мусы ўзвышаецца ў сярэднім на 46 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт — гара Халва (110 м). На востраве некалькі калодзежаў з пітной вадой, якіх у наш час не хапае для забеспячэння насельніцтва. Таму частка вады паступае з апрасняльных станцый. На востраве здабываюць аксіды жалеза.

Клімат субрапічны, значна болей вільготны, чым на суседнім Аравійскім паўвостраве або на поўдні Ірана.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Як паказалі археалагічныя даследаванні іранскіх навукоўцаў у 2012 годзе, Абу-Муса быў населены ўжо ў эпоху Сасанідаў. Паводле версіі, прынятай у арабскіх краінах, сваю назву ён атрымаў ад імя аднаго з вучняў Магамета, які спыняўся на ім у 643 годзе. Па іранскай версіі, Абу-Муса — гэта або скажоны арабскі варыянт персідскай назвы گپ‌سبزو‎ («зялёная зямля»), або скажонае імя пасяленца эпохі Зендаў. Так ці інакш, у нашы дні абодва бакі афіцыйна выкарыстоўваюць толькі назву Абу-Муса.

З пачатку XX стагоддзя свае прэтэнзіі на востраў высунулі Іран і эмірат Шарджа. У 1908 годзе Іран уздымаў над Абу-Мусой свой сцяг, у 1964 годзе высаджваў на ім свае ваенныя фарміраванні. Аднак з-за пазіцыі Вялікабрытаніі, што падтрымоўвала Шарджу, гэтыя спробы аказаліся няўдалымі.

30 лістапада 1971 года ў сувязі з вывадам брытанскіх войск і пры падтрымцы эміра Рас-эль-Хаймы іранскія ваенныя зноў занялі Абу-Мусу і абвясцілі яго часткай іранскай правінцыі Хармазган. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты абвясцілі аб сваіх прэтэнзіях на востраў у Радзе Бяспекі ААН. Пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі Іран і Шарджа прынялі мемарандум аб узаемаразуменні. У адпаведнасці з ім Іран атрымаў права размяшчаць на востраве свае войскі, а Шарджа — мець аддзел паліцыі. Абу-Муса быў фактычна падзелены на 2 часткі. Большая па тэрыторыі паўночная частка апынулася пад кантролем Ірана і склала абвешчаны горад Абу-Муса. Меншая паўднёвая была абвешчана портам Абу-Муса пад кантролем Шарджы. Пры гэтым Іран працягваў разглядаць увесь востраў як частку сваёй краіны, а дамоўленасць з Шарджай — толькі як партнёрскую саступку.

У 1992 годзе іранскія ваенныя арыштавалі на востраве грамадзяніна ААЭ і стварылі цяжкасці для дзеянняў паліцыі Шарджы, што стала зачэпкай для пратэстаў з боку ААЭ і звароту за дапамогай да трэціх бакоў, у тым ліку ЛАД. Іран працягвае настойваць на тым, што Абу-Муса з’яўляецца часткай яго тэрыторыі і адмаўляецца ад перагавораў аб перадачы вострава Шарджы або кампенсацыі за занятыя тэрыторыі.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Абу-Муса з’яўляецца важным стратэгічным пунктам, дзе сканцэнтраваны значныя ваенныя сілы Корпуса Вартавых Ісламскай рэвалюцыі і арміі Ірана. Для садзейнічання хуткаму росту насельніцтва Іран увёў значныя падатковыя і транспартныя льготы для астравіцян, дазволіў ім бясплатны ўвоз аўтамабіляў. Грамадзяне Ірана, якія пражылі на Абу-Мусе болей за 3 гады, маюць права паступлення без экзаменаў і бясплатнага навучання ў вышэйшых навучальных установах Хармазгана. Акрамя таго, была створана сучасная інфраструктура, якая ўключае дарогі, шпіталь, школу, порт, аэрапорт, дробную прамысловасць. Іранскія ваенныя патрулі свабодна наведваюць усе часткі вострава. Каля 300 грамадзян ААЭ жывуць на поўдні ў значна горшых умовах, паколькі Іран блакуе перабудову мясцовай інфраструктуры. Яны не маюць права вольнага наведвання іранскай часткі і рыбалоўства ў навакольных водах без спецыяльнага дазволу.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]