Аб’яднаныя сілы абароны Дарфура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аб’яднаныя сілы абароны Дарфура
Лідары Міні Мінаві
Актыўная ў Дарфур
Удзел у канфліктах Канфлікт у Судане (з 2023)

Аб’яднаныя сілы абароны Дарфура (АСАД) — кааліцыя дарфурскіх груповак, створаная для абароны цывільнага насельніцтва падчас Суданскага канфлікту 2023 года. Фракцыя заяўлена як нейтральная і міратворчая[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кааліцыя сфармавана 27 красавіка 2023 года. У яе склад увайшлі чатыры групоўкі: Рух за справядлівасць і роўнасць, Суданскі альянс, Збор сіл вызвалення Судана і адна фракцыя ВРС. Падчас Дарфурскай вайны дадзеныя арганізацыі выступалі супраць афіцыйнага Хартума, але ў 2020 годзе ў рамках Джубінскага пагаднення прыпынілі антыўрадавую дзейнасць[3].

Альянс узначаліў губернатар Дарфура і былы ўдзельнік паўстанцкага руху Міні Мінаві[1].

Кіраўніцтва АСАД заяўляла, што жадае выступіць пасярэднікам ва ўсталяванні міру паміж прыхільнікамі генералаў Абдэля аль-Бурхана і Махамеда Дагала[4][5]. У той жа час кааліцыя заклікала жыхароў Дарфура ўзяцца за зброю ў мэтах самаабароны[6]. Адначасна падраздзяленні АСАД займаліся суправаджэннем і дастаўкай гуманітарнай дапамогі ў рэгіён[7].

27 лістапада групоўкі АСАД дасягнулі пагаднення з баевікамі Абдэлазіза аль-Нура аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў Эль-Фашыры ад нападаў САП[8].

Інцыдэнты з САП[правіць | правіць зыходнік]

  • 23[9] альбо 24 мая[10] байцы САП зладзілі засаду на канвой АСАД у суправаджэнні ўрадавых вайскоўцаў пад Эль-Генейнай у Заходнім Дарфуры. Чатыры чалавекі былі забіты, 17 паранены, 3 трапілі ў палон.
  • 3 ліпеня на захад ад Аль-Абейда адбыўся напад САП на калону групоўкі, якая накіроўвалася ў Эль-Фашыр для дастаўкі гаручага[11].
  • У канцы верасня распаўсюдзіліся чуткі, што прыхільнікі Дагала рыхтуюцца атакаваць гуманітарную калону Аб’яднаных сіл на шляху з Порт-Судана ў Эль-Фашыр. Нібыта разам з дапамогай жыхарам апалчэнцамі перавозілася таксама ваенная тэхніка для 6-й пяхотнай дывізіі ў Дарфуры. Інфармацыя аб верагоднасці ўзброенага здарэння стала распаўсюджвацца пасля таго, як атрады САП былі заўважаны на ўездзе ў Эль-Фашыр[12].
  • 24 кастрычніка трое байцоў Аб’яднаных сіл абароны Дарфура былі забітыя ў выніку нападу войск САП на іх базу ў Ньяле[13].
  • 6 лістапада маёр Бабакір Муса, палявы камандзір ВРС Міні Мінаві (частка Аб’яднаных сіл абароны Дарфура), быў забіты атрадам САП пад Эль-Фашырам[14].

Раскол[правіць | правіць зыходнік]

16 лістапада Рух за справядлівасць і роўнасць і атрады ВРС Мінаві адмовіліся захоўваць далей нейтралітэт, афіцыйна падтрымаўшы войскі Бурхана. Паводле пункту гледжання груповак, САП імкнецца толькі «фрагментаваць і падзяліць краіну ў партнёрстве з замежнымі апалчэнцамі і наймітамі»[15][16]. Іншыя члены АСАД на наступны дзень паведамілі, што апынуліся заспетымі знянацку рашэннем партнёраў. Як заяўлена, астатнія члены кааліцыі «будуць працягваць працаваць разам, каб абараніць грамадзянскае насельніцтва і забяспечыць задавальненне асноўных патрэбаў народа Дарфура»[17].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Аб’яднаныя сілы крытыкавалі за некампетэнтнасць у забеспячэнні бяспекі грамадзянскага насельніцтва Дарфура[18]. У прыватнасці, яны абвінавачваліся ў несвоечасовым прыбыцці да местаў нападаў на мірных жыхароў[19]. У некаторых выпадках байцы фракцыі наогул не з’яўляліся. Па словах маёра Ахмеда Хусейна Мустафы, кіраўніка камітэта па сродках масавай інфармацыі кааліцыі, абмежаваныя магчымасці і слабая матэрыяльна-тэхнічная база не дазваляюць АСАД у поўнай меры арганізаваць абарону цывільных грамадзян[18].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Lisa. Reports about RSF expanding combat scope in Darfur (англ.). Dabanga Radio TV Online (29 верасня 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  2. Camille. Heavy gunfire in North Darfur capital (англ.). Dabanga Radio TV Online (23 мая 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  3. SudanTribune. Minnawi warns against plans to attack Darfur joint force (англ.). Sudan Tribune (10 верасня 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  4. Kazemi, Elham. Fact Sheet: Conflict Surges in Sudan (англ.). ACLED (28 красавіка 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  5. SudanTribune. Minnawi withdraws troops from Khartoum to North Darfur (англ.). Sudan Tribune (9 мая 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  6. Nashed, Mat. Sudan war: What does Minnawi’s call to arms mean for Darfur? (англ.). www.aljazeera.com. Праверана 30 верасня 2023.
  7. Sarah. Rebel forces arrive in South Darfur to protect people trapped in Nyala (англ.). Dabanga Radio TV Online (29 жніўня 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  8. Darfur holdout groups arrive in El-Fasher to protect civilians from RSF attacks (англ.). Sudan Tribune (27 лістапада 2023). Праверана 28 лістапада 2023.
  9. SudanTribune. Rapid Support Forces ambush peace groups in West Darfur (англ.). Sudan Tribune (24 мая 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  10. SudanTribune. Rapid Support Forces ambush peace groups in West Darfur (англ.)(недаступная спасылка). Sudan Tribune (24 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2023. Праверана 29 мая 2023.
  11. SudanTribune. Darfur joint force, RSF clash outside the capital of North Darfur (англ.). Sudan Tribune (4 ліпеня 2023). Праверана 7 ліпеня 2023.(недаступная спасылка)
  12. "Sudan: Reports About RSF Expanding Combat Scope in Darfur". Dabanga [англійская]. 2023-09-29. Праверана 2023-10-01.
  13. RSF kill three combattants of peace groups in South Darfur’s capital (англ.). Sudan Tribune (24 кастрычніка 2023). Праверана 30 October 2023.
  14. Minawi’s field commander slain in suspected RSF ambush in North Darfur (англ.). Sudan Tribune (6 лістапада 2023). Праверана 8 November 2023.
  15. SudanTribune. Key Darfur groups join Sudanese army in its war against RSF paramilitary forces (англ.). Sudan Tribune (16 лістапада 2023). Праверана 22 лістапада 2023.
  16. Bergman, Andrew. Darfur armed movements renounce neutrality in Sudan war (англ.). Dabanga Radio TV Online (17 лістапада 2023). Праверана 22 лістапада 2023.
  17. SudanTribune. Three Darfur groups uphold neutrality in Sudan conflict (англ.). Sudan Tribune (18 лістапада 2023). Праверана 22 лістапада 2023.
  18. а б SudanTribune. Challenges mount for Darfur Joint Force after failure to protect civilians (англ.). Sudan Tribune (20 жніўня 2023). Праверана 30 верасня 2023.
  19. Lisa. Sudan war: Outcry over South Darfur Nyala ‘massacre’ (англ.). Dabanga Radio TV Online (30 жніўня 2023). Праверана 30 верасня 2023.