Адам Фалькоўскі
Адам Фалькоўскі | |
---|---|
Адукацыя | |
Нараджэнне |
1812 |
Смерць |
24 чэрвеня 1863 |
Адам Фалько́ўскі (1812 — 24 чэрвеня 1863, Ліда) — ксёндз, удзельнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў 1812 годзе ў вёсцы Трашчкова на Падляшшы[1] у шляхецкай сям’і, сын Бартламея Фалькоўскага. У 1826—1834 гадах вучыўся ў гімназіі ў Бельску. У 1838 годзе паступіў у Віленскую семінарыю, у 1841 годзе ў Гродне пасвечаны на святара віленскім біскупам Клангевічам. У розны час служыў вікарыем у Вышках і Дабжыневе каля Беластока, а таксама ў Кундзіне каля Саколкі.
У 1853 годзе прызначаны настаяцелем у Кузніцы Беластоцкай. У 1854 годзе пераведзены на пасаду пробашча касцёла ў Ішчалне Лідскага павета Віленскай губерні. У 1863 годзе зачытаў маніфест паўстанцаў і заклікаў сваіх вернікаў узяць удзел у паўстанні. Быў арыштаваны 3 мая 1863 года. Разам з ім былі асуджаны яшчэ двое каталіцкіх святароў — Станіслаў Ішора і Раймунд Зямацкі, уся віна якіх таксама складалася ў абвяшчэнні маніфеста. Тлумачыў, што рабіў гэта пад прымусам быць пакараным з боку паўстанцаў. Расстраляны 24 чэрвеня ў Лідзе ля дарогі на Крупы.
Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]
Месца пахавання людзі аблажылі камянямі, якія шмат разоў раскідвала паліцыя. 3 мая 1919 года лідскі дэкан Гіпаліт Баярунец пасвяціў на магіле жалезны крыж, фундаваны чыгуначнікам Стэфанам Лоўкісам. У 1932 годзе пастамент крыжу быў адрамантаваны магістратам горада Ліды. Таксама імем ксяндза была названа адна з вуліц, прылеглых да помніка. У 1940 годзе савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу Адама Фалькоўскага.
2 лістапада 1996 года сябры лідскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» асвяцілі ў фарным касцёле і ўсталявалі на магіле Адама Фалькоўскага драўляны 5-метровы крыж, які быў знесены праз 2 дні. 6 мая 1997 года крыж быў усталяваны паўторна, але яго знеслі ў той самы дзень. 22 чэрвеня 1997 года БНФ зноў усталяваў крыж. За гэту акцыю 6 чалавек былі арыштаваны (Віктар Аўгусцін, Міхась Бурачэўскі, Антон Пігулеўскі, Станіслаў Суднік, Уладзімір Хрышчановіч, Віктар Шырма), а крыж быў знесены. 11 ліпеня 1998 года сябры Згуртавання лідскай моладзі імя Гедзіміна ў чацвёрты раз усталявалі крыж на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, праз тры дні крыж быў знесены. У верасні 2010 года, перад правядзеннем рэспубліканскіх «Дажынак», магіла Фалькоўскага была спляжана бульдозерамі. У адсказ на тое моладзь 5 дзён ладзіла пікет на месцы пахавання. На 2 дзень пікетавання быў усталяваны драўляны крыж. Лідская грамада пачала прыносіць да крыжа знічкі. Улады прапанавалі замяніць крыж на памятны камень. 30 кастрычніка памяць Адама Фалькоўскага была ўшанавана на камяні[2].
У студзені 2024 года стала вядома, што на памятным камені зацерлі герб паўстання 1863-1864 гадоў. На ім былі выяўлены арол, Пагоня і арханёл Міхаіл — сімвалы Польшчы, Літвы і Русі[3].
Зноскі
- ↑ Па іншых даных у 1810 годзе
- ↑ Памяць кс. Адама Фалькоўскага ўшануюць належным чынам(недаступная спасылка)
- ↑ antonio. На магіле расстралянага ксяндза ў Лідзе знік герб Паўстання 1863 года . Hrodna.life (3 студзеня 2024). Праверана 3 студзеня 2024.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Станіслаў Суднік. Адам Фалькоўскі // «Лідскі Летапісец» № 6, май 1998.
- Rok 1863. Wyroki śmierci / Red. Wacław Studnicki. — Wilno: nakładem i drukiem Ludwika Chomińskiego, 1923. сс. 58 і 115.