Акадэмічны асяродак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Акадэмічны асяродак — назва груп і асобных людзей у Акадэміі навук БССР у 1960—1970-я, якіх характарызуюць нацыянал-дэмакратычныя перакананні[uk] і спробы легальнай актыўнасці ў тагачасных умовах.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Абстаноўка 1960-х гадоў у краіне характарызавалася ліквідацыяй беларускага школьніцтва, беларускамоўнага перыядычнага друку. Айчынную літаратуру пачыналі вывучаць па расійскіх перакладах, а чынавенства спяшалася здзейсніць заклік Мікіты Хрушчова хутчэй прыйсці да камунізму, пазбавіўшыся роднай мовы. Становішча ж у Акадэміі Навук БССР могуць тлумачыць такія факты: дырэктар Інстытута мовазнаўства не ўмеў гаварыць па-беларуску, не карысталіся беларушчынай дырэктары іншых навуковых інстытутаў, навуковая літаратура за рэдкімі выключэннямі друкавалася па-руску. Прыём у аспірантуру ішоў праз шчыльнае партыйнае сіта. Значная частка супрацоўнікаў, асабліва звязаных з беларусазнаўствам, з’яўлялася спецагентурай.

Усеагульная і ваяўнічая палітыка русіфікацыі выклікала пратэст многіх з беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і акадэмічнай. Праўда, далёка не кожны адважваўся на выказванне сваёй пазіцыі, тым больш на нейкія дзеянні. У выніку ўжо з пачатку 1960-х гадоў у асяроддзі маладых навукоўцаў і аспірантаў пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў Акадэміі пачынае складвацца нефармальнае кола аднадумцаў. Рух не быў фармалізаваны, не вялося ні спісаў, ні пратаколаў, не прымалася пісьмовых рашэнняў. Некаторыя яго ўдзельнікі нават не былі між сабою знаёмыя. Удзельнікі руху трапілі ў сталіцу ўжо пераважна нацыянальна свядомымі асобамі. Большасць з іх паходзіла з Заходняй Беларусі, або пэўны час там працавала. Менавіта на захадзе яны знаходзілі яшчэ жывых носьбітаў заходнебеларускага незалежніцкага руху, там маглі знаёміцца і з віленскімі беларускімі выданнямі, якіх нямала дзе ацалела ў куфрах.

Амаль кожны з акадэмічнага асяродку меў кантакты з аднадумцамі па-за Акадэміяй — з універсітэцкай групоўкай студэнтаў-філфакаўцаў, з аб’яднаннем «На Паддашку», куды ўваходзілі пераважна мінскія мастакі і мастацтвазнаўцы; з групоўкамі Гродзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз), Маладзечна (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч), Баранавічаў, Наваполацка, некаторымі афіцэрамі і курсантамі ВІРТВ. Важную ролю ў тагачасным патрыятычным руху адыгрывалі таксама забіты пры загадкавых абставінах у 1972 годзе мастак Лявон Баразна і асабліва Уладзімір Караткевіч.

Некалькі асоб з акадэмічнага асяродку практычна не ўдзельнічалі ў сходках, але яны назапашвалі і хавалі інфармацыю. Іх задачай было ўцалець пры магчымым разгроме руху і арыштах і стаць перадатчыкам ідэі Адраджэння наступнікам. Каля акадэмічнага асяродку знаходзіліся і пэўныя людзі, якіх дысідэнты падазравалі ў сувязях са спецслужбамі, даходзіла інфармацыя, што ўдзельнікамі патрыятычнага руху цікавяцца ў КДБ.

Асобы[правіць | правіць зыходнік]

У 1974—1975 гадах былі звольнены з працы, як «нацыяналісты»:

  1. Алесь Каўрус, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне
  2. Віктар Лапуць, загадчык аддзела Інстытута геалогіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям’і, дэпартаванай у 1937 годзе ў Казахстан, вучыўся ў Львове, нацыянальна абудзіўся пад уплывам Уладзіміра Караткевіча і Сцяпана Місько
  3. Сцяпан Місько, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Слонімшчыне
  4. Зянон Пазняк, аспірант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Івейшчыне
  5. Мікола Прашковіч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім раёне, працаваў настаўнікам на Смаргоньшчыне
  6. Валянцін Рабкевіч, старшы рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапэдыі, нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне
  7. Міхась Чарняўскі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне

Светапогляд і патрыятычная пазіцыя гэтых людзей фарміраваліся:

  • заходнебеларускай традыцыяй (кантакты з жывымі яе носьбітамі, знаёмства з адпаведнай патрыятычнай літаратурай)
  • традыцыямі беларусізацыі другой паловы 1920-х гадоў (праз знаёмства з тагачаснай літаратурай, якая ацалела ад знішчэння)
  • узнаўленнем гістарычнай памяці (забароненыя кнігі В. Ластоўскага, У. Ігнатоўскага, Я. Смоліча, польскамоўныя выданні)
  • дзейнасцю беларускай эміграцыі (праз радыё «Свабода» і дзякуючы «выкрывальным» савецкім публікацыям, з якіх выбіралі патрэбную інфармацыю)
  • уплывам украінскага нацыянальна-вызваленчага руху (праз кантакты з навукоўцамі Акадэміі Навук Украіны) і ў некаторай ступені аналагічных рухаў у краінах Балтыі
  • уплывам расійскага дысідэнцкага руху (праз самвыдат)
  • сціслымі кантактамі з прадстаўнікамі старога беларускага Адраджэння, якія вярнуліся з канцлагераў, або з іх бліжэйшымі родзічамі (Язэп Сушынскі, Ларыса Геніюш, Мікола Улашчык, Паўліна Мядзёлка, у некаторай ступені Гаўрыла Гарэцкі, жонка Аркадзя Смоліча.

Зноскі

  1. Акадэмічны асяродак (1960-1970-я). slounik.org. Праверана 15 верасня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арлоў У. Адзін у трох іпастасях: Нататкі няўдзячнага вучня // ЛіМ. 16.11.1990
  • Антановіч С. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // ЛіМ. 10.05.1991
  • Міско С. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1(6), ліпень 1994
  • Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3
  • Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. — Мінск, 1996. С. 374, 375.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]