Перайсці да зместу

Аканічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аканічы
Памятны знак вёскі аканічы
Агульная колькасць 1160
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова аканічы-тутэла
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы монакан, катоба

Аканічы (англ.: Occaneechi, Aconechos, Akenatzy, Hockinechy) — індзейскі народ, карэнныя насельнікі Віргініі і Паўночнай Караліны. У 2009 г. у ЗША жыло 1160 чалавек, якія вызначалі сваю тоеснасць як аканічы.

Упершыню ўзгадваюцца ў англійскіх пісьмовых крыніцах у 1650 г. як племя, што насяляла сучаснае памежжа Віргініі і Паўночнай Караліны. Належалі да ўсходней галіны сіўанскіх народаў. Дзякуючы стратэгічнаму месцазнаходжанню актыўна займаліся гандлем скурамі і футрам. У XVII ст. меўся гандлёвы шлях, што насіў назву аканічы. Археалагічныя раскопкі 1983 - 1986 гг. адной з пакінутых вёсак аканічы паказалі, што яны жылі ў вігвамах, мелі фартыфікацыйныя збудаванні, займаліся паляваннем і земляробствам, выраблялі кераміку.

У 1677 г., 1680 г., 1713 г. заключалі мірныя пагадненні з Віргінскай кампаніяй. У пачатку XVIII ст. з-за сутычак з іракезамі адступілі ўглыб Паўночнай Караліны. Лічыцца, што аб'ядналіся з іншымі ўсходнімі сіўанскімі плямёнамі ў канфедэрацыю сапоні, якая пазней далучылася да каюга і перасялілася разам з імі ў Канаду.

У 2002 г. штат Паўночная Караліна афіцыйна прызнаў групу аканічы нацыі сапоні. Яе чальцы лічаць сябе прамымі нашчадкамі старажытных аканічы.