Актыўная разведка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Актыўная разведка
Дата 1921—1925
Месца Усходняя Еўропа
Змены згортванне дыверсійнай дзейнасці
Праціўнікі
Разведвальнае ўпраўленне Штаба РСЧА
Прасавецкія паўстанцкія рухі
Польшча Польшча
Румынія Румынія
Балгарыя Балгарыя
КСХС

Актыўная разведка — тэрмін, які ў 1921—1925 гадах выкарыстоўвала Разведвальнае ўпраўленне Штаба РСЧА для абазначэння дзеянняў савецкіх дыверсійных атрадаў на тэрыторыях суседніх з Савецкай Расіяй і СССР дзяржаў.

Польшча[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора з Польшчай у сакавіку 1921 года Разведвальнае ўпраўленне Штаба РСЧА пачало стварэнне і перакідку на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны атрадаў баевікоў для арганізацыі там масавага ўзброенага супраціву польскім уладам. Меркавалася, што гэтыя атрады стануць ядром масавага партызанскага руху, які ў перспектыве прывядзе да ўз’яднання Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны з СССР.

Камандны склад для дыверсійных груп падбіраўся з ліку кадравых камандзіраў Чырвонай Арміі, якія мелі баявы вопыт. Таксама набіраліся вопытныя палітрукі і чэкісты. Касцяк атрадаў фармавалі і ўзбройвалі на тэрыторыі БССР і УССР. Пасля праходжання спецпадрыхтоўкі дыверсантаў перакідвалі ва ўсходнія ваяводствы Польшчы. Савецкія разведчыкі і мясцовыя паўстанцы забівалі асобных паліцэйскіх і нападалі на паліцэйскія ўчасткі, захоплівалі і рабавалі пасажырскія цягнікі, пускалі пад адхон грузавыя саставы, падрывалі паравозы, рабавалі і палілі польскія памешчыцкія сядзібы, забівалі памешчыкаў, чыноўнікаў, гмінных войтаў (стараст), здзяйснялі налёты на турмы — для вызвалення камуністаў, рабавалі аддзяленні і банкі — для атрымання сродкаў на «вызваленчую барацьбу».

Найбольш актыўна дзейнічалі атрады «актыўнай разведкі» пад камандаваннем Кірыла Арлоўскага, Васіля Каржа, Аляксандра Рабцэвіча, Станіслава Ваўпшасава.

З красавіка 1921 года па красавік 1924 года польскія ўлады зафіксавалі 259 пераходаў праз мяжу савецкімі атрадамі. З красавіка па лістапад 1924 года дыверсанты правялі ва Усходняй Польшчы не менш за 89 буйнамаштабных баявых аперацый па дэстабілізацыі абстаноўкі. Як лічылі аналітыкі «Двуйкі», Другога (разведвальнага) аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага, у Палессі, Налібоцкай, Белавежскай і Гродзенскай пушчах, а таксама на тэрыторыі Віленшчыны ў той перыяд дзейнічала не менш за пяць—шэсць тысяч баевікоў «актыўнай разведкі».

Пасля Ямпольскага інцыдэнту актыўная разведка ў Польшчы да канца 1925 года была спыненая, хоць з сакавіка па май 1925 года ў Заходняй Беларусі праведзена 59 баявых аперацый, з чэрвеня па жнівень таго ж года — яшчэ 50, усяго ж са снежня 1924 года па жнівень 1925 года савецкія дыверсанты правялі 199 місій.

Румынія[правіць | правіць зыходнік]

Актыўная разведка ў Румыніі вялася з выкарыстаннем нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый — Саюза рэвалюцыйных сялян Бесарабіі (малдаване), Дабруджанскай рэвалюцыйнай арганізацыі (балгары) і букавінскай нацыянальна-рэвалюцыйнай арганізацыі «Вызволение». Саюз рэвалюцыйных сялян Бесарабіі, які меў свае партызанскія атрады, быў сфармаваны ў пачатку 1925 года з рэшткаў мясцовай ваеннай арганізацыі (ВА); усе трое членаў яго аргбюро (А. Нікольскі, А. Рубінштэйн, І. Фартуна) былі членамі арганізаванага ў СССР замежнага бюро ЦК Камуністычнай партыі Румыніі.

Улетку 1924 года на румынскую тэрыторыю на лодках праз Днестр было перакінута і складзіравана ў схованках узбраенне, прычым не толькі стралковае, але нават і артылерыйскае, а таксама боепрыпасы, выбухоўка, амуніцыя. Затым савецкімі дыверсантамі разам з мясцовымі мяцежнікамі было пачата Татарбунарскае паўстанне. Першапачаткова меркавалася, што дапамогу акажуць рэгулярныя часці Чырвонай Арміі пад камандаваннем Рыгора Катоўскага, але з-за хуткаплыннасці падзей гэтага не адбылося, і праз чатыры дні румынскія войскі задушылі паўстанне.

Балгарыя[правіць | правіць зыходнік]

У Балгарыі ў 1924 г. дзейнічала 16 партызанскіх атрадаў, у тым ліку 11 камуністычных і 5 анархісцкіх. Інструктаж балгарскіх партызан ажыццяўляла група савецкіх ваенных разведчыкаў (Б. Іваноў, У. Несцяровіч, Х. Салнынь), шмат у чым дзякуючы якім 14 красавіка 1925 года быў ажыццёўлены тэрарыстычны акт у саборы Святой Нядзелі.

КСХС[правіць | правіць зыходнік]

У 1921—1924 гг. у Чарнагорыі дзейнічалі камуністычныя партызаны, якімі кіраваў Вукашын Маркавіч. Ён планаваў падняць паўстанне і абвясціць «Савецкую Чарнагорыю». Маркавіч паспрабаваў узначаліць узброенае паўстанне плямёнаў піперы і белапаўлічы пад лозунгам «Уся ўлада Саветам», напаўшы на найбліжэйшую жандармерыю. З-за адсутнасці каардынацыі частка яго паўстанцаў здалася. Пасля гэтага ён зладзіў базу ў бліжэйшым лесе, пачаўшы з трыццаццю баевікамі сваю партызанскую кампанію. Барацьба доўжылася да вясны 1924 года, калі атрад здаўся ўладам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ваупшасов С. А. На тревожных перекрестках. Записки чекиста. М., Политиздат, 1974.
  • Колпакиди А. И., Прохоров Д. П. Империя ГРУ. Очерки истории российской военной разведки. Книга вторая. М., «ОЛМА-ПРЕСС».
  • Лубянка. Сталин и ВЧК-ГПУ-ОГПУ-НКВД. Архив Сталина. Документы высших органов партийной и государственной власти. Январь 1922 — декабрь 1936. М., Международный фонд «Демократия», 2003.
  • Пограничные войска СССР 1918—1928. Сборник документов и материалов. М., Издательство «Наука», 1973.
  • Ф. Э. Дзержинский — председатель ВЧК-ГПУ. 1917—1926. Сборник документов. М., Международный фонд Демократия, 2007.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]