Ала Сяргееўна Талкач

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Біятлон
Ала Талкач
Поўнае імя Ала Сяргееўна Талкач
Нарадзілася 20 чэрвеня 1989(1989-06-20) (34 гады)
Шуміліна, Віцебская вобласць
Грамадзянства Сцяг Беларусі Беларусь

А́ла Сярге́еўна Талкач (нар. 20 чэрвеня 1989, Шуміліна, Віцебская вобласць) — беларуская біятланістка, удзельніца Кубка свету ў складзе зборнай Беларусі, чэмпіёнка Еўропы, чэмпіёнка Беларусі. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа.

Кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

Выпускніца Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, першы трэнер — Салапаеў Генадзь Мікалаевіч, таксама займалася ў трэнераў Ірыны Іванаўны і Уладзіміра Анатольевіча Махлаевых, Фёдара Анатольевіча Свабоды. Выступае за таварыства «Дынама» і Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Юніёрская кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

На буйных міжнародных спаборніцтвах прымае ўдзел з 2008 года. Першымі турнірамі для спартсменкі сталі юніёрскі чэмпіянат свету 2008 у Рупольдынгу і юніёрскі чэмпіянат Еўропы 2008 у Нове-Места-на-Мораве, на абодвух спаборніцтвах Толкач не трапіла ў топ-30 у асабістых відах.

На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы 2009 у Уфе выйграла сярэбраны медаль у эстафеце, у камандзе з Дар’яй Юркевіч і Марыяй Казлоўскай, а ў асабістых спаборніцтвах стала 32-й у індывідуальнай гонцы, 21-й у спрынце і 12-й у гонцы пераследвання. Таксама ў 2009 годзе выйграла срэбра ў змешанай эстафеце на чэмпіянаце свету сярод юніёраў па летнім біятлоне, у камандзе з Карынай Савосік, Сяргеем Руцэвічам і Уладзімірам Чапеліным.

У 2010 годзе прымала ўдзел у чэмпіянаце свету сярод юніёраў у Турсбю, дзе лепшым вынікам стала дзевятае месца ў гонцы пераследвання. На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы 2010 у Отэпя Ала двойчы трапіла ў топ-10, заняўшы чацвёртае месца ў індывідуальнай гонцы і сёмае ў гонцы пераследвання.

Дарослая кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

У сезоне 2009/10 дэбютавала на Кубку IBU на этапе ў Аўстрыі, заняла 59-е месца ў спрынце і 37-е ў гонцы пераследвання.

У тым жа сезоне дэбютавала на Кубку свету, на сёмым этапе ў Кантыялахці, дзе была 54-й у спрынце і 45-й у гонцы пераследвання. Гэта 45-е месца застаецца лепшым вынікам у кар’еры біятланісткі. У сезоне 2010/11 і 2011/12 таксама ўдзельнічала ў гонках Кубка свету, ачкоў не набірала.

Пяць разоў, у сезонах 2011—2015, Талкач прымала ўдзел у чэмпіянатах Еўропы, лепшым вынікам у асабістых відах стала дваццатае месца (тройчы, усе тры разы ў індывідуальных гонках). У 2014 годзе стала чэмпіёнкай Еўропы ў эстафеце, у камандзе з Ірынай Крыўко, Аксанай Шымановіч і Настай Калінай. На ўзроўні Кубка IBU лепшым вынікам беларускі з’яўляецца 13-е месца (у сезоне 2012/13 ў спрынце ў Бейтастолене і ў сезоне 2013/14 у індывідуальнай гонцы ў Валь-Рыдане).

У 2012 годзе выйграла золата чэмпіянату Беларусі ў індывідуальнай гонцы[1] і заняла другое месца ў спрынце. У 2014 годзе выйграла срэбра ў спрынце на чэмпіянаце краіны па летнім біятлоне[2], а ў гонцы пераследвання і мас-старце займала трэція месцы сярод беларускіх спартсменак, але прапусціла наперад украінку Вольгу Абрамаву.

Летам 2015 года ўдзельнічала ў чэмпіянаце свету па летнім біятлоне (лепшы вынік — 18 месца), пасля гэтага ў сезоне 2015/16 не прымала ўдзелу ў спаборніцтвах.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]