Алег Васілевіч Куржалаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алег Васілевіч Куржалаў
Дата нараджэння 18 кастрычніка 1953(1953-10-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 ліпеня 2017(2017-07-25) (63 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці краязнавец
Альма-матар
Член у

Алег Васілевіч Куржалаў (18 кастрычніка 1953, Віцебск, БССР — 25 ліпеня 2017, Віцебск, Беларусь) — беларускі краязнавец. Брат архітэктара і дызайнера Ігара Куржалава.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў СШ № 29. У 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1978 г. вярнуўся у Віцебск, дзе стаў працаваць адказным сакратаром Кастрычніцкага раённага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) і займаўся мемарыяльным краязнаўствам. Рыхтаваў інфармацыйныя даведкі, гістарычныя запіскі, абгрунтаванні, неабходныя для ўзяцця пад ахову выяўленых аб’ектаў. Вычытваў і пісаў абгрунтаванні на дасланыя гранкі другога тома «Збору помнікаў гісторыі і культуры», прысвечанага Віцебскай вобласці. Па ініцыятыве А. Куржалава было ўсталявана некалькі мемарыяльных дошак, у тым ліку ў гонар паўстання 1863 г. на будынку ратушы (была знятая пад час рэстаўрацыі будынка і не адноўленая).

Дамы на пл. Свабоды, знішчаныя ў другой палове 1980-х гадоў

У першай палове 1980-х гг. працягвалася руйнаванне старой забудовы Віцебска. Былі знішчаныя будынкі па вул. Леніна, старая аптэка на пл. Свабоды. Як кіраўнік раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў А. Куржалаў выказаўся супраць гэтага, пачаў пісаць дакладныя ў гарвыканкам, не паставіў подпіс пад рашэннем аб зносе аптэкі.

Выратаваны Пакроўскі сабор у наш час

У 1984 г. пачаліся падрыхтоўчыя працы па разбурэнні Пакроўскай царквы, на месцы якой планавалася пабудаваць шматпавярховы дом. Сталі нават свідраваць сцены царквы з мэтай закладкі толавых шашак. А. Куржалаў зрабіў шэраг захадаў, каб не дапусціць гэтага. Даслаў запыт у «Белрэстаўрацыю» аб гістарычнай каштоўнасці гэтага помніка архітэктуры. Звярнуўся да аднаго з архітэктараў Віцебска, Я. Калбовіча, з прапановай распрацаваць праект стварэння ў будынках манастыра карціннай галерэі, залы арганнай музыкі. Падрыхтаваныя матэрыялы даслаў у Міністэрства культуры СССР. Не чакаючы адказу, стаў збіраць супраць зносу будынка калектыўныя лісты ад некаторых арганізацый, будаўнікоў, якія ў той час працавалі на рэстаўрацыі ратушы. Нарэшце з Масквы ў Міністэрства культуры БССР, Рэспубліканскі савет БДТАПГіК і Дзяржбуд прыйшоў адказ, у якім станоўча ацэньвалася ініцыятыва стварэння культурнага комплексу ў будынках былога манастыра. Працы па разбурэнні былі прыпыненыя, а потым і згорнутыя ўвогуле. Новы кіраўнік вобласці У. Грыгор’еў пераглядзеў справу аб зносе будынкаў манастыра і праз пэўны час прыняў рашэнне аб перадачы будынка праваслаўнай царкве. Аднак А. Куржалава, дзейнасць якога супярэчыла жаданням абласнога кіраўніцтва, вырашылі ўзорна пакараць. Ён быў выкліканы на парткам і звольнены з працы з фармулёўкай «за неўзгадненне дзейнасці з кіраўніцтвам». Яшчэ некалькі гадоў А. Куржалаў працягваў плённа займацца аховай помнікаў.

У другой палове 1980-х — пачатку 1990-х гг. А. Куржалаў стаў арганізатарам і актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці віцебскага гісторыка-культурнага таварыства «Узгор’е», якое займалася вывучэннем гісторыі Беларусі, аказвала дапамогу ў правядзенні археалагічных раскопак, прапагандзе і папулярызацыі беларускай мовы, прыцягненні ўвагі да вострых экалагічных пытанняў на Віцебшчыне. Сябры таварыства ладзілі вандроўкі па славутых мясцінах Беларусі, суботнікі па падрыхтоўцы помнікаў да рэстаўрацыі.

Пасля звальнення ў 1985 г. з пасады кіраўніка раённага аддзялення БДТАПГіК А. Куржалаў працаваў загадчыкам аддзела экскурсіяў Віцебскай абласной станцыі юных турыстаў. З 1992 г. аддзел быў рэарганізаваны ў Віцебскае абласное аб’яднанне па арганізацыі пазашкольнай працы, у якім з восені 1995 па лета 2011 г. ён займаў пасаду загадчыка аддзела краязнаўства і беларусазнаўства. У 1989/1990 навучальным годзе ён быў адным з ініцыятараў і арганізатараў правядзення першай значнай справы па нацыянальным адраджэнні ў галіне народнай адукацыі на Віцебшчыне. Былі здзейсненыя экскурсійна-навучальныя спаборніцтвы настаўнікаў Віцебска «Літаратурная Віцебшчына», у выніку якіх да краязнаўства далучылася значная колькасць настаўнікаў. Гісторыяй сваёй мясцовасці зацікавілася шырокае кола жыхароў горада і вобласці. Шматлікія матэрыялы, сабраныя пад час конкурсу, былі перададзеныя ў фонды абласнога краязнаўчага музея.

Памёр 25 ліпеня 2017 года ад анкалагічнай хваробы[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]