Алеся Фурс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алеся Фурс (Умпіровіч)
Алеся Фурс.jpg
 
Адукацыя:
Член у:
Нараджэнне: 11 студзеня 1925(1925-01-11)
Смерць: 19 жніўня 2017(2017-08-19) (92 гады)
Бацька: Лявон Умпіровіч
Муж: Антон Фурс
Дзеці: Юрась Фурс

Алеся Фурс (дзяв. Умпіровіч) (11 студзеня 1925[1]19 жніўня 2017[2]) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), належала да пастаўскай групы СБП. [3]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў в. Азярава Віленскага ваяводства (сёння Браслаўскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям'і, дзе было сямёра дзяцей. У пачатковых класах хадзіла да польскай школы, што знаходзілася ў роднай вёсцы, пасля хадзіла ў Паставы. Пасля пачатку савецкай акупацыі ў 1939 г. працягнула вучобу ў адчыненай беларускай школе ў Паставах. Да пачатку Другой сусветнай вайны скончыла 6 класаў. Ужо пры нямецкай акупацыі хадзіла да 7 класа, калі пастаўскую школу зноў адчынілі.

Пасля адчынення настаўніцкай семінарыі ў Паставах паспяхова здае экзамены і паступае на другі курс, нягледзячы на імкнення мясцовых савецкіх партызанаў замінаць беларускаму школьніцтву. Пра гэта Алеся Фурс успамінала так: «Партызаны спалілі школу ў Казянах, яны былі супраць таго, каб пад нямецкай акупацыяй вучыліся дзеці. Не магла, і цяпер не магу зразумець гэтага. Новае пакаленне не павінна было ўмець чытаць, пісаць. Ці цэлы народ трэба было пакінуць у цемры?». Падчас навучання ў пастаўскай семінарыі, дзе ў гэты час выкладалі Барыс Кіт, Пётра Шчасны, Сяргей Мацука, далучаецца да беларускага нацыянальнага руху і ў 1943 г. стае сябрам Саюза Беларускай Моладзі (CБМ). Алеся Фурс прыгадвала: «Было прывабна надзець эсбээмаўскую форму, хоць на прыдзірлівае вока, можа, і благую, пашытую з таннай тканіны. Мы з ахвотай маршавалі ў калоне па вуліцах Паставаў, спяваючы свае родныя песні. Не прапускалі ніводнага сходу, якой-небудзь імпрэзы, вечарыны, што праводзіліся ў нашай суполцы СБМ. Асабіста я і мае сябры разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязні да іншых людзей і народаў».

У ліпені 1944 замест немцаў прыйшла Чырвоная Армія, якую Алеся Фурс сустрэла станоўча праз перажытае падчас нямецкай акупацыі. Пасля адыходу нямецкіх войскаў заставалася скончыць апошні (трэці) курс настаўніцкай семінарыі: вучобу пры саветах працягнула ў педагагічнай навучальні, адчыненай замест настаўніцкай семінарыі. Некаторыя настаўнікі памяняліся, бо сышлі з немцамі, а іншых арыштавалі савецкія спецслужбы, у тым ліку і былога дырэктара семінарыі, замест якога паставілі былога партызана. Усё навучанне стала весціся на рускай мове, новы дырэктар у адказ на жаданне навучэнцаў працягнуць навучанне па-беларуску аблаяў навучэнцаў «фашыстамі і нацыяналістамі» і прымусіў іх надалей вучыцца па-руску. Пра гэтыя змены Алеся Фурс успамінала так: «Педнавучальня ніколі не пераўзыходзіла семінарыю ні ў аб'ёмах, ні якасцю навучання. Наадварот, сярод выкладчыкаў былі людзі з нізкай кваліфікацыяй. На добры лад, чаму было не выкарыстаць тых спецыялістаў, хто меў высокую кваліфікацыю, хто працаваў раней у семінарыі. Зрабілі наадварот: іх арыштавалі. Апынуўся ў МГБ наш колішні дырэктар Пётра Шчасны. Дарма мы, навучэнцы, збіралі подпісы ў ягоную абарону, насілі ў МГБ. Як пасля высветлілася, на таго-сяго з колішніх сяброў СБМ энкавэдысты пазаводзілі справы».

Увосень 1945 года студэнтамі Пастаўскага педагагічнага вучылішча, Міколам Асіенкам, Алесем Дзікім, Алесем Адамовічам была заснаваная падпольная cуполка «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў. Алеся Фурс прысутнічала пры самым заснаванні гэтай арганізацыі, разам з сябрамі шыла для СБП бел-чырвона-белы сцяг: «Рыхтуючыся да гэтай падзеі, я намалявала «Пагоню». Старалася за гэтай працай, як ніколі. Як бы кідала выклік тым, ад каго пакутавала, хто ненавідзеў гэты наш старадаўні герб». Па залічэнні ў сябры СБП 25 сакавіка 1946 г. разам з іншымі патрыётамі бярэ ўдзел у прыняцці прысягі на вернасць Беларусі.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы раней увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак канспірацыя арганізацыі была слабай. Алеся Фурс была арыштаваная 12 мая 1948 г., атрымала 25 гадоў пазбаўлення волі з 5-гадовым пазбаўленнем праў. 18 мая быў арыштаваны яе бацька Лявон Умпіровіч, які быў асуджаны за «неданясенне» на 10 гадоў і памёр у мінскай турме. У лагеры сябравала з вядомай беларускай паэткай Ларысай Геніюш. Пасля вызвалення 17 чэрвеня 1956 г. выйшла замуж за сябра Глыбоцкай філіі СБП Антона Фурса, сям’я жыла ў Казахстане, дзе нарадзіліся сын і дачка. У 1965 удала скончыла Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў. Па выхадзе на пенсію ў 1982 г. сям'я Фурсаў вярнулася на радзіму, пасялілася ў Паставах.

Рэабілітаваная 23 лістапада 1992 г. Падтрымлівала сувязі з некаторымі былымі сябрамі СБП, брала ўдзел у напісанні артыкулу ўспамінаў да кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Пісала артыкулы-ўспаміны ў газетах «Наша слова», «Народнае слова», «Беларуская маладзёжная», часопісах «Спадчына», «Полымя» і шэрагу іншых выданняў.

Памерла ў Паставах 19 жніўня 2017 г. на 92-м годзе жыцця. Апошнія гады цяжка хварэла, амаль страціла зрок, але не шкадавала, што ахвяравала сваю маладосць дзеля свабоды Беларусі: «Я не змяніла б сваё жыццё. Яно такое, якое даў мне Бог. Інакш мне трэба было б здрадзіць сваім сябрам», — сказала ў інтэрв'ю TUT.BY у 2014 г.

Зноскі

  1. https://nn.by/?c=ar&i=142750 Наша Ніва. Алеся Умпіровіч з Саюза беларускіх патрыётаў https://nn.by/?c=ar&i=142750
  2. https://news.tut.by/society/556639.html Памерла беларуская патрыётка Алеся Фурс. У маладосці яна атрымала 25 гадоў лагера за "Пагоню"
  3. http://slounik.org/154930.html Біяграфія Алесі Фурс

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ANH, F-3.
  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 68, 75, 86-88, 89, 93-149, 182, 186, 194, 239, 252, 340;
  • Умпіровіч А. Памяць - незагойная рана // Наша слова. 1992, № 16
  • Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997, № 1.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]