Аляксей Логвін
Аляксей Логвін | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 26 лютага 1934 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 студзеня 2004 (69 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Міхаіл |
Жонка | Марыя Ненартовіч |
Аляксей Логвін (26 лютага 1934 — 12 студзеня 2004) — беларускі грамадскі дзеяч. Сябра і адзін з кіраўнікоў антыкамуністычнай Лідскай моладзевай падпольнай арганізацыі у 1950—1951 гадах[1][2], рэпрэсаваны савецкай уладай.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 26 лютага 1934 года ў в. Збляны Беліцкай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Лідскі раён). У 1939 г. годзе бацька купіў зямлю і сям’я перабралася ў вёску Фалькавічы, дзе Аляксей скончыў пачатковую школу.
У 1947 годзе паехаў у Ліду, каб прадоўжыць адукацыю. 15 верасня 1950 года, будучы вучнем 7 класа «чыгуначнай школы» г. Ліда (СШ № 12), далучыўся да антысавецкай Лідскай моладзевай падпольнай арганізацыі, якой кіраваў Іван Салдаценкаў. Да арганізацыі Аляксея Логвіна далучыў Сазонт Мазурок, перасяленец з Польшчы, якога там пераследавалі як беларуса. Спачатку асноўнай мэтай арганізацыі было выхаванне моладзі ў антысталінскім духу, а пазней мэтамі называлася звяржэнне савецкай улады, усталяванне шматпартыйнай сістэмы ўлады, абвяшчэнне дэмакратычных свабодаў і іншае. У 1950 г. Логвін перавёўся ў СШ № 3 для пашырэння арганізацыі. Агулам Аляксей Логвін быў кіраўніком лідскай моладзевай арганізацыі ў школах № 2, № 3 і № 12. Вядома, што Аляксей Логвін далучыў да арганізацыі прынамсі Аляксандра Рудзяка, Хведара Сягла і Міхаіла Лапко. У першым звяне Логвіна былі Хведар Сягла і Аляксандр Рудзяк. Другое звяно, якім ён кіраваў, было ў школе № 1. У яго ўваходзілі сябры на прозвішча Дзевяты (перасяленец з Францыі) і Сільвановіч.
У маі 1951 г. арганізацыя была раскрытая органамі МДБ. Аляксей Логвін быў арыштаваны 29 красавіка на Вялікдзень, калі па яго прыйшлі чатыры супрацоўнікі савецкіх спецслужбаў, зрабілі ператрус у яго памяшканні на вул. Белагрудскай, 22 (вул. Выдайкі) і знайшлі арганізацыйны шыфр. Спачатку яго памясцілі ў падвал цяперашняга вендыспансера, а ўначы быў перавезены ў Баранавічы. Следства вяла чыгуначная ўправа МДБ. Падчас следства Аляксея Логвіна, у адрозненне ад Хведара Казлоўскага, не білі, бо ён рашаў задачы свайму следчаму Боеву, які на той момант вучыўся ў вячэрняй школе. Следчы прыпісаў, нібыта Аляксей Логвін прабаваў купіць зброю ў свайго знаёмага Аляксея Баярчыка, жыхара в. Фалькавічы. На допытах Логвін прабаваў выгарадзіць Сазонта Мазурка і казаў, што аб арганізацыі даведаўся ад Івана Салдаценкава, за што потым на вочнай стаўцы Салдаценкаў яго вінаваціў, што хоча падвесці пад расстрэл, прыпісваючы таму тое, чаго не рабіў. Потым утрымліваўся ў гарадзенскай турме, бо суд адбываўся ў Гродне. Афіцыйна працэс называўся «па справе Салдаценкава». Як непаўналетняму, першы прысуд 6 гадоў за антысавецкую агітацыю, але пракурор Драгун абскардзіў прысуд, таму другі раз судзіў ужо ваенны трыбунал, які 23-24 кастрычніка 1951 г. асудзіў Аляксея Логвіна па артыкулу 63-1 (здрада радзіме) і 76 (арганізацыйная дзейнасць) КК БССР на 10 гадоў савецкіх канцлагераў. На прысудзе на гербавай паперы быў надрукаваны подпіс Сталіна. У сваіх успамінах ён пісаў «Калі эмгэбісты забіралі мяне, я не шкадаваў, што быў у арганізацыі».
Падчас зняволення ў гарадзенскай турме, дзе быў у адной камеры разам з іншымі антысавецкімі дзеячамі, навучыўся гуляць у шахматы. Першы лагер быў у Поцьме ў Мардовіі — лагер для непаўналетніх, дзе можна было пісаць адзін ліст на паўгода. Пазней быў пераведзены ў Варкуту, дзе працаваў на шахтах, а пасля ў Джэзказган. У спецыяльных лагерах, дзе ўтрымліваўся Логвін, сядзелі амаль адныя палітычныя вязні і было зусім мала расейцаў. Можна было атрымаць або напісаць два лісты ў год, а па першым часе ахова лютавала: «пры малейшай заварушцы» страляла з вышак з кулямётаў наўпрост па бараках — кулі прашывалі іх наскрозь. Потым вязні выносілі тых, у каго патрапілі. Аляксей Логвін працаваў на лесапавале, у Омску на падземных работах, «дзёўб вечную мерзлату». Там моцна захварэў: лопнуў апендыкс і ўзнік гнайнік — яму зрабілі аперацыю, пасля чаго лекавалі глюкозай. Два дні быў у крызісе і пайшоў на папраўку толькі 5 сакавіка 1953 г., у дзень, калі памёр Сталін, — паводле Аляксея Логвіна, у той дзень у лагеры было вялікае свята. Пасля выхаду з шпіталя быў пераведзены ў Камышлаг пад Омскам на будаўніцтва нафтаперапрацоўчага заводу, працаваў на падземных работах. Там праз тыдзень знясільваючай працы ён ужо не мог хадзіць: балела пячонка і быў надта слабы, за што шмат часу адбыў у карцары — у 1954 г. у карцары адбыў 55 содняў.
Вызвалены 20 снежня 1954 года па амністыі: з 10 гадоў адсядзеў 3 гады і 7 месяцаў. У войска не быў забраны, бо былым «ворагам народу» зброю ў рукі не давалі, але адправілі на два гады ў Данбас на будаўніцтва. Пасля застаўся там на некаторы час, бо меў добрую працу. Агулам прабыў на Данбасе 3 гады. Скончыў школу, паступіў у Новачаркаскую політэхнічную вучэльню на завочнае, але не давучыўся. У 1959 годзе вярнуўся ў Ліду. На пачатку 1960-х Аляксей Логвін жаніўся з Марыяй Аляксандраўнай Ненартовіч з вёскі Каршакі Дзятлаўскага раёна. Нарадзілася двое сыноў: Юры і Мікалай. Па стану здароўя перайшоў працаваць у гандаль. У 1965 годзе трапіў пад кампанію па барацьбе з хабарнікамі і быў асуджаны на 10 гадоў, якія адбыў цалкам. Пасля вызвалення працаваў на чыгунцы. Захапляўся шахматамі, стаў кандыдатам у майстры спорту. У 1979 годзе Аляксей Логвін быў цалкам рэабілітаваны з фармулёўкай аб адсутнасці ў дзеяннях складу злачынства.
Выйшаў на пенсію ў 1994 годзе. Быў грамадскім актывістам, браў актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах 1995 году. Аўтар успамінаў «Супраць „мудрага правадыра“», якія былі запісаныя і падрыхтаваныя Алесем Смаленчуком у снежні 2003 г. і надрукаваныя ў Бюлетэні БГА «Ветэраны Адраджэння» VERITAS № 1(2) 2004 (с. 15-18). Незадоўга да смерці Аляксей Логвін гаварыў:
«Калі вы чакаеце ад мяне словаў шкадавання за памылкі маладосці, то дарэмна. Тое, што не ўдалося вывучыцца мне, зрабілі мае дзеці, і так здорава ў іх гэта атрымалася, што мне застаецца толькі радавацца. Многае з таго, пра што мы марылі паўстагоддзя назад, сёння ўжо стала рэальнасцю. Так што, выходзіць, не такія ўжо мы былі наіўныя, не такія дурныя. Я ўдзячны жыццю за магчымасць сёння аспрэчваць ці згаджацца з выказваннямі тога ж Салжаніцына, таму што я знаёмы не па кнігах і газетах з тым, пра што гаворыць выдатны пісьменнік. І, наогул, калі будзеце пісаць артыкул, я не хацеў бы выглядаць у ім гэтакай ахвярай.».
Памёр 12 студзеня 2004 года ў Лідзе.
Зноскі
- ↑ http://www.slounik.org/154972.html Гісторыя Лідскай моладзевай падпольнай арганізацыі
- ↑ Антысавецкае моладзевае падполле ў Лідзе ў 50-х гадах 20-га ст. . Архівавана з першакрыніцы 12.05.2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Радыё Свабода. Імёны Свабоды: Аляксей Логвін
- Гарадзенская Вясна. Не скарыўся сталінскай сістэме Архівавана 17 лістапада 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- НА РБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 212.
- Вялікая В. Дзейнасьць падпольнай маладзёжнай антысавецкай арганізацыі ў г. Ліда // Паўсядзённае жыцьцё ў Беларусі: 1945—1965. Зборнік матэрыялаў і конкурсных працаў. 98/99. Укладальнік А. Дзярновіч. Менск, 1999. С. 86-92.
- Аляксей Логвін. Супраць «мудрага правадыра» // VERITAS № 1(2) 2004. Бюлетэнь БГА «Ветэраны Адраджэньня». C. 15-18.
- А. Соленков. Перчатка в лицо великому Сталину. Лідская газета, 13 красавіка 2002 г.