Перайсці да зместу

Ангоб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ангоб (фр.: engobe) — вадкая тонкадысперсная (дробна змолатая) белая ці каляровая гліна, прызначаная для пакрыцця ці дэкарыравання гліняных вырабаў (посуду, кафлі, прадметаў дробнай пластыкі). Наносілася на сыры ці падсушаны выраб. У эпоху бронзы ў Беларусі ангабаванне знешняй паверхні вырабаў ужывалася з мэтай яе ўшчыльнення. Да XVIII ст. замест ангобы ў Беларусі ўжывалі белую ці чырвоную гліну, разведзеную вадой да кансістэнцыі густой смятаны. У XVIXVII стст. яе выкарыстоўвалі для змянення колеру чарапка (карычневага ці чырвонага на белы), як грунтоўку пад празрыстую паліву (на посудзе і кафлі) ці для дэкарыравання вырабаў роспісам (Ліда, Мір, Гародня, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў і інш.). У Полацку канца XVI — пачатка XVII стст. з мэтай імітацыі маёлікі чырвонагліняныя дэкаратыўныя талеркі пакрываліся белым ангобам, па якім наносіўся геаметрычны арнамент чырвоным ангобам. У пачатку XVIII ст. полацкія майстры распісвалі белым ангобам свісцёлкі. Для размалёўкі талерак, кубкаў, збаноў ангобы падфарбоўваліся вокісламі металаў (пераважна меддзю), пасля арнаментаваная паверхня пакрывалася празрыстай бясколернай палівай. Мінскія ганчары канца XVI — 1-й паловы XVII стст., паліваючы ўнутраную паверхню гаршкоў, знешнюю пакрывалі ангобам крыху святлейшага колеру. Ангоб наносіўся спосабам аблівання, а роспіс — з дапамогай ражка ці пэндзля. 3 XIX ст. ангобная размалёўка выкарыстоўвалася ў вясковым ганчарстве (гараднянская кераміка). У сучаснай керамічнай традыцыі пашырана тэхніка напылення, або пульверызацыя.

  • Здановіч, Н. І. Ангоб / Н. І. Здановіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 29. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Раханскі, І. Я., Сінчук, І. І. Ангоб / І. Я. Раханскі, І. І. Сінчук // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 36. — ISBN 5-85700-077-7.