Аперацыя «Альберт I»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя «Альберт I»
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Дата 7 лістапада 1942
Месца Уздзенскі і Капыльскі раёны Беларуская ССР
Прычына дзейнасць савецкіх партызанскіх атрадаў
Праціўнікі
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава Трэці рэйх 14-ы нямецкі паліцэйскі полк СС
Трэці рэйх 2 ахоўных батальёна
Трэці рэйх некалькі танкавых рот, артылерыйскіх дывізіёнаў і спецыяльных падраздзяленняў

«Альберт I» (ням.: Operation «Albert I») — кодавая назва карнай антыпартызанскай аперацыі супраць партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава ва Уздзенскім і Капыльскім раёнах Беларускай ССР 7 лістапада 1942 г.

Праводзілася сіламі 14-га нямецкага паліцэйскага палка СС, 2 ахоўных батальёнаў, некалькіх танкавых рот, артылерыйскіх дывізіёнаў і спецыяльных падраздзяленняў пад камандаваннем обергрупенфюрэра СС Э. фон дэм Бах-Зялеўскага.

5 лістапада нямецкія войскі выйшлі на далёкія подступы да Старыцкага лесу з боку Слуцка, Грэска, Узды і Капыля. 7 лістапада матарызаваныя групы занялі в. Заполле, Свідзічы, Русакі, закрыўшы партызанам шляхі адыходу ў заходнім напрамку. З усходу і поўдня ў напрамку в. Ліневічы наступалі галоўныя нямецкія сілы, якія імкнуліся рассячы сілы партызан, акружыць і знішчыць іх па частках. Раніцай яны атакавалі Старыцкі лес з поўдня. Партызаны-артылерысты падбілі галоўны танк, падпалілі другі, дэсант збілі з брані і расстралялі, адбілі 3 нямецкія атакі. З Вялешынскага лесу па нямецкіх сілах з тылу ўдарыў атрад імя Катоўскага. На ўсходнім ўзлеску нямецкія сілы былі затрыманы партызанамі атрада імя Чапаева. Яны адбілі больш за 10 нямецкіх атак, двойчы самі пераходзілі ў контратакі. Да зыходу дня ў партызан скончыліся боепрыпасы і па загаду штаба брыгады яны адышлі ў Вялешынскі лес.

У час аперацыі загінуў начальнік партызанскага гарнізона і камандзір атрада імя Чапаева І. М. Тараховіч (Дунаеў).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Альберт I» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 35—36. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.