Перайсці да зместу

Арбалет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арбалет з храпавым калаўротам.

Арбалет (фр.: arbalète), самастрэл, куш — від кідальнай зброі, у сваёй аснове — удасканалены лук. Арбалет складаецца з ложа з прыкладам, звычайна драўлянага, з жолабам для ўкладання кароткай і масіўнай стралы-болта і пускавага механізму. На ложа мацуецца папярочны гарызантальны лук. Для функцыянавання арбалета патрабуюцца прыстасаванні для нацягвання цецівы, які могуць на яго не прымацоўвацца. Нацягнуты лук трымаецца за цеціву пускавым механізмам, а пушчаная цеціва выкідае болт з жолабу. Далёкасць стральбы да 200 метраў. Магчымая хуткастрэльнасць — 2 выстралы за мінуту.

Арбалет змяніў тагачасную вайсковую справу. У адрозненне ад луку, з арбалету мог страляць і малавучаны салдат, а моцай стрэлу болт арбалета перасягаў звычайны лук, і цягам амаль усёй гісторыі свайго развіцця прабіваў сучасны яму панцыр. Такім чынам, феадальная панцырная конніца атрымала небяспечнага ворага. Латэранскі сабор (1139) забараніў ваяваць гэтай зброяў супраць хрысціян, вядома, гэты ўказ не выконвалі.

Стралец з арбалету, з прычыны параўнальна невысокай хуткастрэльнасці і пройгрышу ў дальнасці перад, напрыклад, доўгім лукам, на полі бою мусіў мець абарону на час нацягвання цецівы. Таму звычайнай на полі бою была тактыка руху стральцоў парай, з якой адзін стралец нацягваў і страляў, а другі пераносіў і прыкрываў напарніка вялікім, часам вышэйшым за чалавека, шчытом — павезай.

Да XI ст. лук арбалета звычайна рабілі з дрэва, потым з’явіліся кампазітныя (дрэва-рогавыя), рогавыя і сталёвыя лукі. З павышэннем магутнасці лука павысілася і патрэбнае для яго нацягвання намаганне. Таму ад пачаткова распаўсюджаных стрэмяў для нагі і поясных крукоў перайшлі да «казінай нагі» (адмысловай формы рычага), а яшчэ пазней (XIII ст.) да накладаных на арбалет калаўротаў (дзвюх асноўных сістэм, з блокамі і з храпавіком). Пасля распаўсюджання агнястрэльнай зброі арбалет страціў сваё вайсковае значэнне, але яшчэ доўгі час, фактычна, да распаўсюджання крамянёвых замкоў, выкарыстоўваўся на паляванні.

У XXI ст. арбалетамі, сканструктаванымі і вырабленымі з сучасных, у тым ліку сінтэтычных матэрыялаў, карыстаюцца ў спецыфічных сферах дзейнасці, напрыклад, у спецслужбах, спорце, паляванні.

На землях Вялікага Княства Літоўскага арбалеты маглі ўпершыню з’явіцца ў канцы XII ст.[1]. Паводле Генрыха Латвійскага, палачане, якія ў 1206 годзе штурмавалі замак Гольм, не ведалі арбалетаў, хаця і былі дасведчаныя ў стральбе з лука[2]. У 1253 годзе пры вялікім князю Міндоўгу ўжо быў атрад нямецкіх арбалетчыкаў[1]. Да канца XIV ст. арбалет ужо даволі тыповая зброя ваяроў ВКЛ, хаця само слова «арбалет» не ўжывалася, замест яго, разам з лацінскім «balista», ужывалі «самастрэл», а пазней — «куш(а)». З другой паловы XIV да канца XV стст. пісьмовыя крыніцы даюць значна больш інфармацыі пра выкарыстанні ў ВКЛ арбалетаў, чым лукаў, што сведчыць пра важную ролю, якая адводзілася менавіта гэтаму віду кідальнай зброі[3]. Эфектыўнымі аказаліся арбалеты ў барацьбе з мабільнай татарскай конніцай, узброенай лукамі, падчас бітвы на Сініх Водах у 1362 годзе[4]. З 30 капійнікамі і 60 арбалетчыкамі (cum triginta lanceist et sexaginta balistrariis) здабываў Драгічын Надбужскі ў 1383 годзе Ягайла[5].

Падчас прыезда ў ВКЛ з Польшчы ў лістападзе 1390 годзе, Ягайла прывёз вялікую колькасць арбалетаў[6]. 20 арбалетаў па 1 грыўне і 5 скойцаў за кожны было выслана ў Вільню ў 1393 годзе. Пад 1394 годзе фіксуецца высылка ў Вільню яшчэ 17 экзэмпляраў, сумарны кошт якіх складаў 20 грывен і 7 грошаў. У 1394 годзе 4 арбалеты, за якія было заплочана 4 грыўны 16 скойцаў, вёз Вітаўту яго пісар Пётр. 1 капа грошаў была выдаткавана каралеўскім скарбам на набыццё арбалета нейкаму Добку, які знаходзіўся пры Скіргайле, а годам пазней за кошт каралеўскага скарбу арбалет за 7 вярдункаў набыў пасол Вітаўта Ваўчок[7].

Шэраг крыніц узгадвае арбалеты побач з артылерыйскай зброяй. Не выключана, што ў гэтых выпадках гаворка ідзе аб цяжкіх арбалетах, якія ўжываліся для выканання таксіх самых задач, што і артылерыя[8]. «Bombardis, balistis» захапіў з сабой Вітаўт, калі пасля прымірэння з Ягайлам вяртаўся ў 1392 годзе з Тэўтонскага ордэна[9]. Падчас бітвы на Ворскле ў 1399 годзе

" в кованых телегах на чепех железных, со многими пищалми и пушками и самострелы "

размяшчалася частка вялікалітоўскіх сілаў[10].

  1. 1 2 Медведев, А. Ф. Ручное метательное оружие (Лук и стрелы, самострел). VIII—XIV вв. — М.: Наука, 1966. — 184 с. — С. 92. — (Археология СССР. Свод археологических источников; Е1-36).
  2. Генрих Латвийский. Хроника Ливонии / Введ., пер. [с латин.] и комментарии С. А. Аннинского. Предисл. В. А. Быстрянского. — Л. — М.: Изд-во Акад. наук СССР, Тип. Акад. наук СССР в Лгр., 1938. — XV, 352 стр., 1 вкл. л. карт. — С. 91.
  3. Бохан, Ю. М. Арбалеіы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVI стст. / Ю. М. Бохан // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2001. — № 3: Да 70-годдзя з дня нараджэння П. Ф. Лысенка. — С. 214.
  4. Stryjkowski, M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego: wyd. nowe, będące dokładném powtórzeniem wyd. pierwotnego królewieckiego z roku 1582, poprzedzone «Wiadomością o życiu i pismach Stryjkowskiego» przez Mikołaja Malinowskiego, oraz «Rozprawą o latopiscach ruskich» przez Daniłowicza, pomnożone przedrukiem dzieł pomniejszych Stryjkowskiego według pierwotnych wyd. T. 2. — Warszawa: Nakład Gustawa Leona Glücksberga, 1846. — 568 s. — S. 7.
  5. Dlugossii, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / Joannis Dlugossii. Liber decimus (X) 1370—1405. — Varsaviae: PWN, 1985. — 443 p. — P. 133.
  6. Dlugossii, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / Joannis Dlugossii. Liber decimus (X) 1370—1405. — Varsaviae: PWN, 1985. — 443 p. — P. 189.
  7. Przeździecki, A. Życie domowe Jadwigi i Jagiełły z regestrów skarbowych z lat 1388—1417 / przedstawione przez Alexandra Przeździeckiego. — Warszawa: skł. gł. w Księgarni Kommissowéj Z. Steblera, 1854. — [4], 149, [3] s., [2] k. tabl.: err. — S. 26, 49, 53, 64.
  8. Бохан, Ю. М. Арбалеіы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVI стст. / Ю. М. Бохан // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2001. — № 3: Да 70-годдзя з дня нараджэння П. Ф. Лысенка. — С. 215.
  9. Dlugossii, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / Joannis Dlugossii. Liber decimus (X) 1370—1405. — Varsaviae: PWN, 1985. — 443 p. — P. 197.
  10. Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Т. 9—10: Патриаршая, или Никоновская летопись. — М.: Наука, 1965. — XXIII, 256, [4], 244 с. — С. 173.