Археалагічныя мікратапонімы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Археалагічныя мікратапонімы — народныя назвы помнікаў археалогіі, элементы этнакультурнага ландшафту, якія адлюстроўваюць міфапаэтычныя ўяўленні старажытных людзей. Амаль пра кожнае гарадзішча і курганны могільнік існуюць паданні, часам у некалькіх варыянтах, якія тлумачаць іх спецыфічныя назвы.

Сярод назваў гарадзішчаў шырока распаўсюджаны Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча, Замак, Ахоп, Батарэя, Татарская гара, Французская гара. З язычніцкімі вераваннямі звязаны назвы Капішча, Акураўшчына, Акунь-Гара, Дымакуры, Ігрышча, Гуслішча, Дзявочая Гара. Вядомы назвы, звязаныя з рэальнымі гістарычнымі персанажамі: Гара Рагвалода і Рагнеды (в. Перавоз Расонскага раёна), Гара князя Багуміла (в. Качановічы Нясвіжскага раёна), Замак каралевы Боны (гарады Мядзел, Рагачоў) і інш.

Для курганных могільнікаў найбольш характэрны назвы Валатоўкі, Капцы, Курганы. Часам яны маюць яшчэ і дублетныя назвы: Татарскія магілы, Шведскія магілы, Французскія магілы, Французскія валатоўкі. Асобнай назвай звычайна вылучаюцца вялікія насыпы (Волатава магіла, Княжая магіла, Дзявіч-Гара), а таксама адзіночныя курганы (Асілкава магіла, Магіла Міндоўга, Магіла Войшалка). Адметныя назвы маюць курганна-жальнічныя могільнікі (Галодныя магілы, Галоднік), каменныя магілы (Баярскія могілкі, Паганскія магілы, Яцвяжскія магілы), жальнікі (Халернік, Аўстрыйскія магілы, Жалі).

Захаваліся назвы месц старых могільнікаў — Кладавішча, Паганскі цвінтар, Чумныя могілкі, Мёртвае Поле; паселішчаў — Сяльцо, Гарадшчызна, Бабулін Бугор. Народныя назвы характэрны і для культавых камянёў — Божы камень, Чортаў камень, Волат, Пярун, Быкі, Кравец, Шавец; каменных крыжоў — Крыж-Баба, Кацярынінскі крыж, Каралеўскі камень, Растучы крыж.

Сувязь пэўных тапонімаў з наяўнасцю археалагічных аб'ектаў улічваецца пры правядзенні археалагічнай разведкі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аляксееў, Л. В. Старажытныя жыхары Беларусі аб сваіх помніках даўніны // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1985. — № 4. — С. 30 — 31.
  • Дучыц, Л. У. Археалагічныя мікратапонімы / Л. У. Дучыц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 47. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Дучыц, Л. У. Археалагічныя мікратапонімы / Л. У. Дучыц // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 51. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Дучыц, Л. У. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў / АН Беларусі,Ін-т гісторыі; Пад рэд. М. А. Ткачова. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 59 с. — ISBN 5-343-01292-2.
  • Дучыц, Л. У. Вытокі і назвы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1986. — № 2. — С.
  • Дучыц, Л. У. Да пытання аб вялікіх курганах Беларусі / Л. У. Дучыц // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2000. — № 15. — С. 76 — 80.
  • Дучыц, Л. Этнаграфія і міфалогія курганоў Беларусі / Людміла Дучыц // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2006. — № 21. — С. 119—124.
  • Касьпяровіч, М. Валатоўкі і зьвязаныя зь імі перажыткі (першапачатковыя вынікі даследавання) // Наш край. — 1929. — № 6 — 7. — С.
  • Каханоўскі, Г. А. Археалогiя i гiстарычнае краязнаўства Беларусi ў XVI—XIX cтст. / Г. А. Каханоўскі; навук. рэд. Л. Д. Побаль. — Мн..: Навука і тэхніка, 1984. — 118, [2] c.
  • Лобач, У. А. Курганы і гарадзішчы ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў // Вестник ПГУ. Серия А. Гуманитарные науки. — 2007. — № 7. — С. 2 — 11.
  • Мурзаев, Э. М. Словарь народных географических терминов / Э. М. Мурзаев. — М.: Мысль, 1984. — 653 с.
  • Соколова, В. К. Типы восточнославянских топонимических преданий // Славянский фольклор / АН СССР, Ин-т этнографии им. Н. Н. Миклухо-Маклая; Отв. ред. Б. Н. Путилов и В. К. Соколова]. — М.: Наука, 1972. — 328 с.