Аршанская ўпадзіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэктанічныя структуры Беларусі

Аршанская ўпадзіна — структура Усходне-Еўрапейскай платформы.

Упадзіна распасціраецца на поўнач і паўночны ўсход і падзяляе Беларускую і Варонежскую антэклізы. Невялікае адгалінаванне Аршанскай ўпадзіны цягнецца на паўднёвага захаду да г. Чэрвень і ўтварае Чэрвеньскі структурны заліў. На ўсходзе мяжуе з Ярцаўскім пахаваным выступам, на поўначы праз слаба выражаную Веліжскую седлавіну зліваецца з Таропецка-Вяземскім прагінам, на захадзе сучляняецца з Латвійскай седлавінай, Вілейскім пахаваным выступам Беларускай антэклізы, на паўднёвым усходзе — з Суражскім пахаваным выступам Варонежскай антэклізы, на поўдні — са Жлобінскай седлавінай, на паўднёвым захадзе — з Бабруйскім пахаваным выступам Беларускай антэклізы. Даўжыня Аршанскай упадзіны каля 250 км, шырыня ад 120 да 210 км.

Крышталёвы фундамент у межах упадзіны апускаецца ад адзнак −0,8 да −1,7 км. Запоўнена рыфейскімі і вендскімі адкладамі магутнасцю ад 1 км і больш. Рыфейскія і ніжневендскія ўтварэнні складаюць ніжнебайкальскі структурны комплекс. Вышэй рэзка нязгодна залягаюць сярэдне- (на ўсёй плошчы ўпадзіны) і верхнедэвонскія (на ўсходзе) адклады, якія ўтвараюць герцынскі структурны комплекс. На поўдні пашыраны таксама верхнеюрскія, мелавыя, месцамі палеагенавыя і неагенавыя і на ўсёй тэрыторыі ўпадзіны антрапагенавыя адклады. Як структурныя элементы 2-га парадку па паверхні фундамента і рыфейскіх адкладах у межах Аршанскай упадзіны вылучаюцца Віцебская мульда і Магілёўская мульда, падзеленыя Цэнтральнааршанскім горстам. Па паверхнях крышталічнага фундамента, верхне-пратэразойскіх і дэвонскіх адкладаў выдзяляецца шэраг лакальных структур. Большасць з іх слаба вывучаны. Фарміраванне Аршанскай упадзіны пачалося і закончылася ў познім пратэразоі, найбольш інтэнсіўна яе развіццё выявілася ў рыфеі. Па паверхні дэвонскіх адкладаў і адкладаў, якія залягаюць вышэй, Аршанская ўпадзіна не вылучаецца. Дэвонскія ўтварэнні монаклінальна апускаюцца на ўсход і складаюць заходні борт Маскоўскай сінеклізы. Юрскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя адклады апускаюцца на поўдзень і ўтвараюць паўночны борт Прыпяцкай сінеклізы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Оршанская впадина // Республика Беларусь: энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2007. — С. 611.