Жлобінская седлавіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэктанічныя структуры Беларусі

Жлобінская седлавінатэктанічная структура ў Беларусі (Гомельская вобласць), падзяляе Беларускую і Варонежскую антэклізы і з'яўляецца перамычкай паміж Аршанскай упадзінай і Прыпяцкім прагінам.

Мае асіметрычную будову: паўночны яе схіл з'яўляецца досыць спадзістым, а паўднёвы ўяўляе сабой сістэму ступенчатых разломаў. Даўжыня 50 км, шырыня 45 км. На захадзе мяжуе з Бабруйскім пахаваным выступам Беларускай антэклізы, на поўначы — з Аршанскай упадзінай, на ўсходзе — з Суражскім пахаваным выступам, на поўдні з Гарадоцка-Хацецкай тэктанічнай ступенню (некаторыя даследчыкі адносяць яе да глыбока пахаванай часткі Жлобінскай седлавіны) Прыпяцкага прагіну.

Крышталічны фундамент у межах седлавіны залягае на глыбіні ад -650 да -900 м. Платформавы чахол складзены пераважна з рыфейскіх і вендскіх адкладаў, якія перакрываюцца сярэднедэвонскімі, юрскімі, мелавымі, палеагенавымі, неагенавымі і антрапагенавымі ўтварэннямі.

Пачатак фарміравання Жобінскай седлавіны ў познім пратэразоі. Блізкі да сучаснага выгляд яна набыла ў канцы герцынскага этапу. У палеазоі і да сярэдняга мезазою на тэрыторыі седлавіны пераважалі ўзыходныя тэктанічныя рухі. У жывецкі час дэвонскага перыяду, юрскім, мелавым, палеагенавым перыядах раён падвяргаўся адмоўным тэктанічным рухам і быў неглыбокім морам. Ад неагену да антрапагену ўключна тэрыторыя Жлобінскай седлавіны ўзвышаецца над узроўнем мора і з'яўляецца месцам намнажэння кантынентальных асадкаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]