Асабняк па Савецкай вуліцы, 45 (Бабруйск)
Славутасць | |
Асабняк па Савецкай вуліцы, 45 | |
---|---|
53°07′58″ пн. ш. 29°13′30″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | класіцызм і мадэрн |
Дата пабудовы | 1914 год |
Статус |
![]() |
Асабняк — будынак у Бабруйску, размешчаны па Савецкай вуліцы, 45.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Пабудаваны ў 1914 годзе з элементамі стылю позняга класіцызму і мадэрну[1]. Да 1917 года ў асабняку засядаў дваранскі сход. Пасля рэвалюцыі (або пасля Вялікай Айчыннай вайны) у будынку размяшчалася ўпраўленне дарогі Масква-Брэст, паводле краязнаўца Святланы Калюты — упраўленне чыгункі. З 1965 года ў доме размяшчалася станцыя юных тэхнікаў, пазней — Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі[2].
У 2006 годзе да «Дажынак» быў праведзены рамонт, патынкаваны фасады. Будынак пустуе, але знаходзіцца на балансе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Бабруйска[2].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Двухпавярховы мураваны Г-падобны ў плане будынак. Планіроўка калідорная, з параднай лесвіцай у цэнтры крыла, арыентаванага на вул. Савецкую. У кампазіцыі галоўнага атынкаванага знадворку фасада спалучаюцца прыёмы сіметрыі і асіметрыі. Сіметрыю галоўнага фасада падкрэсліваюць партал цэнтральнага ўвахода і два паўкруглыя эркеры з калонамі іанічнага ордара на балконах, якія фланкіруюць цэнтральную частку. Асіметрыю будынка падкрэслівае рызаліт у месцы злучэння крылаў. Сцены галоўнага фасада расчлянёныя высокімі прамавугольнымі вокнамі (другі паверх рызаліта мае спаранае арачнае акно). Ніжні паверх, аддзелены ад верхняга антаблементам з плоскім фрызам і карнізам, аздоблены рустоўкай, міжкалонныя прасценкі вырашаны ў выглядзе пілястраў. Цэнтральная частка пабудовы і рызаліт завершаныя глухімі трохвугольнымі, а эркеры — сферычнымі складанай формы шчытамі з вокнамі[1].
Зноскі
- ↑ а б Ю. А. Якімовіч. Бабруйскія асабнякі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ а б Здесь был «Дворянский горисполком». А сейчас старый особняк, где когда-то решались главные вопросы города, пустует Архівавана 31 студзеня 2021.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Ю. А. Якімовіч. Бабруйскія асабнякі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Асабняк па Савецкай вуліцы, 45 (Бабруйск) на сайце «Архіварта»