Афіна Прамахас

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Спрошчаная рэканструкцыя Афінскага акропаля часоў Перыкла, злева ад Прапілеяў статуя Афіны Прамахас
Бронзавая Афіна Прамахас узвышаецца над Афінскім акропалем, ідэалізаваная рэканструкцыя горада часоў Перыкла, Леа фон Кленцэ

Афіна Прамахас (стар.-грэч.: Ἀθηνᾶ Πρόμαχος) — каласальная бронзавая статуя старажытнагрэчаскага скульптара Фідыя, прысвечаная багіні Афіне Прамахас — Афіне Ваяўніцы, заступніцы горада. Да гэтага часу не захавалася, знойдзены толькі фрагменты пастамента, на якім стаяла Афіна. Існуе некалькі рымскіх копій, адна з іх экспануецца ў Музеі К'ярамонці, Рым[1], іншая вядомая як Афіна Медычы і экспануецца ў Луўры[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля перамогі грэкаў пры Марафоне ў 490 да н.э. было вырашана стварыць на Акропалі побач са старажытным храмам Паліяды (Афіны Заступніцы горада) новы храм, прысвечаны Афіне Паладзе. Гэты храм быў вузейшым за Парфенон, меў толькі 6 калон. Аднак ён так і не быў завершаны, бо персы захапілі Афіны, цалкам разбурылі горад і ўсе святыні Акропаля. Вяртанне афінян у свой горад у 478 да н.э. стала пачаткам новага этапу ў жыцці Акропаля: ўзводзіцца паўднёвая сцяна Акропаля, часткова аднаўляецца храм Афіны Паліяды, ствараецца каласальная бронзавая статуя Афіны Прамахас.

Афіна Прамахас — адна з ранніх работ Фідыя, яна датуецца перыядам паміж 465—455 гадамі да н.э., верагодна каля 460 да н.э. 9-метровую бронзавую статую паставілі сярод руін пасля разбурэння персамі Акропаля (гл. Грэка-персідскія войны). Афіна Прамахас была пастаўлена на галоўнай вуліцы Афінскага акропаля паміж Прапілеямі і Парфенонам. Кампазіцыйная вось Прапілеяў цяпер стала амаль паралельнай Парфенону і была арыентавана на Афіну Прамахас[3].

Фідый стварыў іншы вобраз Афіны — ваяўніцы, грознай і строгай заступніцы горада. Правай рукой яна абапіралася на дзіду, у левай трымала шчыт, галаву вянчаў шлем. Апранута Афіна была ў падвойную туніку, якая спадала прамымі правільнымі складкамі. Афіна Прамахас ўвасабляла сабой ваенную моц Старажытных Афін. Скульптура Афіны Прамахас ўзвышалася над усім Акропалем. Усе падарожнікі, якія прыбывалі ў Афіны з мора, бачылі водбліскі сонца ад пазалочаных наканечніка яе дзіды і грэбня шлема, яшчэ на падыходзе да мыса Суніяна.

Існуе паданне, што пры стварэнні статуі Афіны Прамахас Фідый атрымаў перамогу ў творчай бітве са сваім калегам Алкаменам, якому даручылі распрацаваць другі праект у надзеі на больш эфектнае выкананне. Фідый, маючы веды ў оптыцы і геаметрыі, улічыў, што аддаленыя дэталі візуальна памяншаюцца ў памерах. Празмерна павялічаная галава статуі без пастамента здавалася выродлівай, прадставіўшы яе ў такім выглядзе афінскім грамадзянам, ён ледзь выратаваўся ад раз'юшанага дэмаса. Аднак на высокай калоне Афіна выглядала выдатна: убачыўшы такі дасканалы твор, афіняне праславілі Фідыя і высмеялі Алкамена[4].

Пазней Афіна Прамахас стала не адзінай скульптурай Афіны на Акропалі. Акрамя яе ва ўсходняй зале Парфенона была пастаўлена хрысаэлефанцінная статуя Афіны Парфенас, а таксама каля Прапілеяў стаяла скульптура Афіны Лемніі, абедзве створаныя Фідыем.

Больш за тысячу гадоў стаяла Афіна Прамахас на Афінскім акропалі, пакуль у сярэдзіне 3 стагоддзя, паводле іншых крыніц пазней — каля 460 нашай эры, скульптуру разам з іншымі скульптурамі Акропаля і скарбамі Парфенона вывезлі ў Канстанцінопаль, сталіцу Усходняй Рымскай імперыі. Іэн Джэнкінс, гісторык класікі, куратар Брытанскага музея, сцвярджаў, што ў 1203[5] годзе Афіну Прамахас беззваротна разбурыў натоўп хрысціян, якія лічылі, што яна прыцягвае ў горад крыжакоў[6][7].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]