Аўгусцін Ахрамовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аўгусцін Ахрамовіч
Дата нараджэння: 1882(1882)
Месца нараджэння: хутар каля в. Чарняты, Віленская губерня, Расійская імперыя
Дата смерці: 1976(1976)
Месца смерці:
Бацька: Фелікс
Жонка: Ганна Ахрамовіч
Дзеці: Зянон, Міхал, Тамара, Уладзімір

Аўгусцін Ахрамовіч (18821976) — сябра Мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля. Бацька іншага ўдзельніка падполля — Зянона Ахрамовіча[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1882 г. на хутары каля в. Чарняты Віленскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Перад Першай сусветнай вайной працаваў у Пецярбурзе на Пуцілаўскім заводзе. У той час да рэвалюцыі не далучаўся і палітыкай не займаўся. Там жа пазнаёміўся і пабраўся з жонкай Ганнай Максімовіч, якая таксама працавала ў Пецярбурзе. Пасля падпісання мірнай дамовы ў 1920 г. годзе паміж Польшчай і Савецкай Расіяй разам з жонкай вярнуўся ў Беларусь, на хутар каля в. Чарняты, на сваю гаспадарку. У сям'і было чацвёра дзяцей — дачка і трое сыноў. Зянон Ахрамовіч быў самы маладзейшы, старэйшымі былі Міхал, Уладзімір і Тамара.

У 1949 г. пасіўна далучыўся да антыкамуністычнай дзейнасці у складзе мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля. Сын Зянон разам з кіраўніком падпольнай арганізацыі Расціславам Лапіцкім распаўсюджваў улёткі, перахоўваў на хутары Аўгусціна Ахрамовіча друкарку, на якой друкаваліся ўлёткі. Паводле Зянона Ахрамовіча, яго бацькі падтрымлівалі дзейнасць юнакоў: «Бацькі мае ведалі, чым мы займаемся. Часам мы там у лазні друкавалі цэлымі днямі. То бацькі прыходзілі і клікалі есці. Усе ведалі, і брат старэйшы ведаў — Валодзя».

Арыштаваны ў сакавіку 1950 года. Сын Зянон заявіў савецкім карным органам, што бацькі нічога ня ведалі і ўзяў усё на сябе, але яны таксама былі арыштаваныя. Быў трыманы асобна ад жонкі і сына, сядзеў у адной камеры разам з іншым удзельнікам падполля — Эдуардам Сташынскім. 1720 ліпеня 1950 г. быў асуджаны вайсковым трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскага падполля на 25 гадоў зняволення ў савецкіх канцлагерах. У кнізе «Як пошуг маланкі» Міхась Чарняўскі пісаў:

«Аўгусцін Ахрамовіч, чалавек паважнага веку (меў тады ўжо амаль 70 гадоў), пачуўшы такі вялікі прысуд, падзякаваў Сталіну, што гэтак шмат яшчэ пражыве.».

Паводле Зянона Ахрамовіча, пасля суду спачатку быў у Мінску год ці два, а потым разам з жонкай быў вывезены ў Хабараўскі край, але ў розныя канцлагеры. У лагерах амаль не працаваў, бо быў стары.

Вызвалены ў 1955 г. Вярнуўся на Смаргоншчыну. Сын Зянон у 1958 годзе выехаў у Польшчу. Разам з жонкай Аўгусцін Ахрамовіч пераехаў у Лідзбарк да сына, пабылі ў Лідзбарку год, а потым пераехалі да Зянона ў Эльблёнг.

Памёр у 1976 годзе.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154734.html Біяграфія Аўгусціна Ахрамовіча

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі Міхась. Як пошуг маланкі: Расціслаў Лапіцкі, — Мінска: Тэхналёгія, 2006. ISBN 985-458-139-X.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.