Смаргонскі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Смаргонскі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Гродзенская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Смаргонь
Дата ўтварэння 15 студзеня 1940
Кіраўнік Генадзь Васільевіч Харужык[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 76,63 %, руская 18,54 %
Размаўляюць дома: беларуская 52,5 %, руская 34,83 %[2]
Насельніцтва (2009)
55 296 чал.[2] (4-е месца)
Шчыльнасць 37,17 чал./км² (4-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 87,36 %,
рускія — 6,45 %,
палякі — 2,0 %,
украінцы — 1,37 %,
іншыя — 2,82 %[2]
Плошча 1 490,01[3]
(8-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
149 м[4]
Смаргонскі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Смаргонскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, з верасня 1944 г. — Маладзечанскай, а з 20 студзеня 1960 г. — увайшоў у склад Гродзенскай вобласці. У 1985 годзе горад Смаргонь быў вылучаны ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання. У лістападзе 1996 г. адміністрацыйныя адзінкі Смаргонскі раён і горад Смаргонь былі аб’яднаны ў адну — Смаргонскі раён.

Раён размешчаны на паўночным усходзе Гродзенскай вобласці. Плошча 1,5 тыс.км², насельніцтва — 58 200 чалавек. У складзе раёна 324 сельскія населеныя пункты, 7 сельсаветаў.

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія і аўтадарога Мінск — Вільнюс.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

На большай частцы тэрыторыі раёна Нарачана-Вілейская нізіна, па поўдні — Ашмянскае ўзвышша. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі.

Усе рэкі і вадаёмы на тэрыторыі раёна належаць да басейна Нёмана, а ў яго складзе — да басейна Балтыйскага мора, большасць з іх адносіцца да басейна Віліі, правага прытока Нёмана. Самыя буйныя азёры ў раёне — Свір і Вішнеўскае. Балоты займаюць 3,8 % тэрыторыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Смаргонскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 19 сельсаветаў: Абрамаўшчынскі, Базарскі, Войстамскі, Вярэбушкаўскі, Данюшаўскі, Жодзішкаўскі, Завозерацкі, Залескі, Каранёўскі, Крэўскі, Кушлянскі, Міцкевіцкі, Панізоўскі, Ракавецкі, Рамцэльскі, Слабененскі, Сольскі, Стрыпунскі, Шутавіцкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Абрамаўшчынскі і Кушлянскі сельсаветы, Базарскі сельсавет перайменаваны ў Велікамыскі, Вярэбушкаўскі сельсавет — у Ардашынскі, Завозерацкі сельсавет — у Снігянскі, Панізоўскі сельсавет — у Сінькоўскі, Рамцэльскі сельсавет — у Лашанскі, Слабененскі сельсавет — у Бялкоўшчынскі. 10 сакавіка 1958 года скасаваны Лашанскі сельсавет, 27 сакавіка 1959 года — Снігянскі сельсавет. 31 жніўня 1959 года да раёна далучаны Вішнеўскі, Лылойцінскі і Сыраваткінскі сельсаветы скасаванага Свірскага раёна. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1960 года скасаваны Ардашынскі і Лылойцінскі сельсаветы, 2 снежня 1961 года — Велікамыскі і Данюшаўскі сельсаветы. 20 красавіка 1962 года Ракавецкі сельсавет перайменаваны ў Ардашынскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Гервяцкі, Міхалішкаўскі, Рындзюнскі, Спондаўскі сельсаветы скасаванага Астравецкага раёна. 23 сакавіка 1964 года скасаваны Рындзюнскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года Гервяцкі, Міхалішкаўскі і Спондаўскі сельсаветы перададзены адноўленаму Астравецкаму раёну. 11 лютага 1972 года скасаваны Стрыпунскі сельсавет, 19 красавіка 1973 года — Шутавіцкі сельсавет. 15 мая 1978 года скасаваны Міцкевіцкі сельсавет, утвораны Кушлянскі сельсавет. 17 лістапада 1986 года Сыраваткінскі сельсавет перайменаваны ў Лылойцінскі. 5 лістапада 1996 года горад Смаргонь і Смаргонскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 25 чэрвеня 2008 года скасаваны Ардашынскі, Бялкоўшчынскі і Кушлянскі сельсаветы[5]. 28 сакавіка 2016 года скасаваны Лылойцінскі сельсавет[6], 31 мая 2016 года — Войстамскі сельсавет[7].

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Смаргонскага раёна працуе 18 прамысловых прадпрыемстваў, дзе занята 4,2 тыс. чалавек.

Найбольш буйнымі прадпрыемствамі з’яўляюцца: РУП «Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання», РУП «Смаргонскі агрэгатны завод», ААТ «Смаргоньсілікатабетон». Прадпрыемствамі недзяржаўнай формы ўласнасці за 2005 года выраблена 57 % агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі.

На прадпрыемствах раёна выпускаюцца: матэрыялы сценавыя, цэгла будаўнічая, запасныя часткі да сельскагаспадарчых машын і аўтамабіляў, міні-трактары, мотаблокі, помпы шасцерневыя, піламатэрыялы, дзвярныя палотны, ліццё чыгуннае і каляровае, валакно льняное, прадукты харчавання (масла, натуральнамалочная прадукцыя, хлебабулачныя вырабы, збожжавыя шматкі, агароднінныя кансервы) і інш.

Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — льнаводства, мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу.

Будаўнічая галіна Смаргонскага раёна налічвае 4 будаўнічыя арганізацыі. Апошнія гады першачарговая ўвага ўдзяляецца жыллёваму будаўніцтву.

Раён абслугоўваюць 197 гандлёвых прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, у тым ліку: дзяржаўныя гандлёвыя прадпрыемствы — 8, дзяржаўныя ведамасныя прадпрыемствы — 36, недзяржаўныя прадпрыемствы — 64, спажыўкааперацыя — 89, дробная розніца — 318. Асноўнымі вытворцамі бытавых паслуг з’яўляюцца ВКУП «Смаргонскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва», індывідуальныя прадпрымальнікі, абласныя структурныя аб’яднанні: абласны тэхнагандлёвы цэнтр «Гарант», прадпрыемствы іншых ведамстваў, што аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву.

Адукацыя, культура, ахова здароўя[правіць | правіць зыходнік]

У сістэме адукацыі функцыянуе 57 устаноў. Атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі забяспечваюць 34 установы. Сярод іх спецыялізаваныя ўстановы і ўстановы новага тыпу. Паспяховай рэалізацыі творчых здольнасцей дзяцей і навучэнскай моладзі, адаптацыі да навакольнага соцыуму садзейнічаюць установы адукацыі «Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі», «Міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат», «Смаргонская дзіцячая юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву». Для аказання своечасовай карэкцыйна-рэабілітацыйнай, псіхолага-педагагічнай дапамогі і адукацыйна-выхаваўчых паслуг дзецям і іх бацькам працуюць установы «Смаргонскі сацыяльна-педагагічны цэнтр», «Смаргонскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі».

Насельніцтва раёна атрымлівае амбулаторна-паліклінічную дапамогу ў раённай паліклініцы, ва ўрачэбных амбулаторыях і амбулаторыях участковых бальніц, 22 ФАПах. У раённай паліклініцы аказваецца дапамога па 20 спецыяльнасцях. У горадзе разгорнута 13 тэрапеўтычных і 13 педыятрычных участкаў. Функцыянуюць 3 здраўпункты на прадпрыемствах.

У сельскай мясцовасці працуюць 2 участковыя бальніцы.

Культурная сетка раёна прадстаўлена 61 установай культуры: гарадскі Дом культуры, 25 устаноў клубнага тыпу, цэнтральная раённая, 2 гарадскія, 2 дзіцячыя і 26 сельскіх бібліятэк, 2 дзіцячыя музычныя школы, дзіцячая школа мастацтваў, гісторыка-краязнаўчы музей. 17 калектываў мастацкай самадзейнасці маюць званні «народны» і «ўзорны».

Для арганізацыі і правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне ёсць: стадыён на 3,5 тыс. месц, два 25-метровыя і 9 міні-басейнаў, 30 спартыўных і 5 трэнажорных залаў, 7 стралковых ціраў, 42 іншыя прыстасаваныя памяшканні, 27 комплексных спартыўных пляцовак, 2 хакейныя каробкі. Асноўнай базай для правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў горадзе з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва». На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу займаюцца тры ДзЮСШ, футбольны клуб «Смаргонь».

Дзейнічае Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей.

СМІ[правіць | правіць зыходнік]

  • «Светлы шлях». Дзяржаўная раённая газета. У савецкія часы — орган партыйных і савецкіх улад, сёння — газета Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта.
  • «Рэгіянальная газета» [1] Архівавана 18 верасня 2020. — рэгіянальная беларуская газета, якая выдаецца з 28 красавіка 1995 года.

Выдатныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

Крэўскі замак

У Смаргонскім раёне налічваецца 30 гісторыка-культурных каштоўнасцей, з іх: 17 — помнікі архітэктуры, 14 — помнікі археалогіі, 2 — помнікі гісторыі.

У вёсцы Крэва знаходзіцца адна з першых мураваных кастэляў Вялікага Княства Літоўскага — Крэўскі замак.

У вёсцы Залессе ёсць палацава-паркавы комплекс Агінскіх (1822), дзе жыў кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. У Кушлянах знаходзіцца сядзіба Францішка Багушэвіча (другая палова XIX ст.).

Часткова ці цалкам захаваліся сядзібы: сядзіба ў Гюнтэраў Дабраўлянах (1830), сядзібны дом у Шыманэлях (XIX ст.), сядзіба ў Жодзішках (1766), сядзіба Мілеўскіх «Цыцын» у Байбах (XIX — пач. XX ст.), сядзіба ў Чухнах, сядзіба ў Ажугерах (XIX — пач. XX ст.) і сядзіба ў Малых Рачунах (XIX — пач. XX ст.).

На Смаргоньшчыне захаваліся 10 каталіцкіх храмаў: кальвінскі збор у Смаргоні (1553), Жодзішкаўскі кальвінскі збор (1612), касцёл у Солах (1926—1934), касцёл у Вішневе (1811), касцёл у Войстаме (1939), касцёл у Данюшаве (1809), касцёл у Нястанішках (1911), касцёл у Крэве (1997), касцёл у Выгалянентах (1929), касцёл у Аславенятах (1938).

Праваслаўных храмаў у раёне 11: царква ў Смаргоні (1990), царква ў Міхневічах (1866), царква ў Вішневе (2001), царква ў Крэве (1854), царква ў Рацавічах (1993), царква ў Рыбаках (1936), манастыр у Богушах (2000), царква ў Кеўлах (1862) і царква ў Сукневічах (1911), царква ў Жодзішках (2006), царква ў Наваспаску (2000).

Капліца-пахавальня Качаноў у Івашкаўцах

У Смаргонскім раёне налічваюцца дзясяткі капліц: у Івашкоўцах, Дабраўлянах, Антасіне, Целяках, Краснаазёрскай, Семянках, Лешчанятах, Мілуцях, Лакачах, Навасёлках, Шчанях, Войстаме, Сяльцы, Вуглянах, Новым Сяле, Залессі, Сівіцы, Ардашах, Гавуцях, Смаргоні, Каранях, Асінаўшчыне 2, Расле, Дубатоўцы, Жодзішках і ў іншых месцах.

Помнікі Першай cусветнай вайны, якая пакінула на Смаргоньшчыне значны след: мемарыяльны комплекс у Смаргоні, могілкі салдат у Маркоўцах, Залессі, Баярску, Навасёлках, Круглянках, Крэве, могілкі і помнік у в. Белая, помнік у Асанах, Полтараўшчыне, Кутах, мемарыяльны камень у Мацюлянах, абарончыя збудаванні ў Абрамоўшчыне 3 і мемарыяльны камень нямецкага штабу ў Казянятах.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Дом-музей Ф. Багушэвіча ў Кушлянах

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Смаргонскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 674—675. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]