Зянон Ахрамовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Зянон Ахрамовіч
Род дзейнасці удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння 13 снежня 1932(1932-12-13) (88 гадоў)
Месца нараджэння хутар каля в. Чарняты, Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Бацька Аўгусцін Ахрамовіч
Маці Ганна Ахрамовіч

Зянон Ахрамовіч (нар. 13 снежня 1932) — сябра Мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да смаргонскай групы арганізацыі.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 13 снежня 1932 г. у сялянскай сям'і Аўгусціна і Ганны Ахрамовіч на хутары каля в. Чарняты Ашмянскага павета, Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Акрамя наймалодшага Зянона, у сям'і было трое дзяцей: Міхал, Уладзімір і Тамара.

Перад Другой сусветнай вайной пайшоў у школу ў Гарыдзеняты, да прыходу саветаў паспеў скончыць два класы. Пра навуку ў тыя часы ўспамінаў так:

«Пры немцах заняткі былі, можа, адзін год, а потым рускія партызаны спалілі школу і ўжо далей ніякай школы не было. А школа была не летувіская, а беларуская. Гэта Смаргонь вайной была пад Летувой, а мы былі за Вяллёй, таму адносіліся да Беларусі. І займаўся я дома на гаспадарцы, а ў іншую школу не пайшоў».

Пасля Другой сусветнай вайны вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе, але толькі ўзімку бо цёплым часам мусіў рабіць у гаспадарцы: брата Уладзіміра забралі ў штрафны батальён Чырвонай Арміі (пасля вайны перайшоў у Польскае Войска). Увосень 1949 г. у Смаргоні ў доме Цыбоўскіх праз свайго сябра Часлава пазнаёміўся з Расціславам Лапіцкім ды іншымі падземнікамі, пасля чаго актыўна ўключыўся ў антыкамуністычную дзейнасць у складзе мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля. Разам з кіраўніком падпольнай арганізацыі Расціславам Лапіцкім распаўсюджваў улёткі. Перахоўваў на бацькавым хутары друкарку, на якой друкаваліся ўлёткі. Распаўсюджваў улёткі па навакольных вёсках і на паромнай пераправе цераз Віллю. Паводле Зянона Ахрамовіча, яго бацькі падтрымлівалі дзейнасць юнакоў: «Бацькі мае ведалі, чым мы займаемся. Часам мы там у лазні друкавалі цэлымі днямі. То бацькі прыходзілі і клікалі есці. Усе ведалі, і брат старэйшы ведаў — Валодзя».

Арыштаваны ў 2 лютага 1950 года. Савецкім карным органам заявіў, што бацькі нічога ня ведалі і ўзяў усё на сябе, але яны таксама былі арыштаваныя ў канцы сакавіка. Тыдзень быў трыманы ў Смаргоні, потым — у Маладзечне. Пра допыты ўспамінаў так:

«У Смаргоні трымалі тыдзень. І штодня былі допыты, але ўдзень. Бывала, і ўначы выклічуць, але ня так рэгулярна, як у Маладзечне.

А ў Маладзечне дапытвалі толькі ноччу. Як час настане, дык і забіралі на допыт. Раніцай адводзілі ў камэру, але спаць нельга было. Мусіў быў хадзіць па камэры. І гэта было горай, чым біцьцё. Траціў памяць, пухлі ногі, бяз памяці чалавек быў. А ў Смаргоні такога яшчэ не было, там давалі спаць.

Біцьця мала было. Найбольш карцэр і бяссоннасць. Была такая адзіночка пад лесвіцай, там нават нельга і выпрастацца. Спрабавалі і біць, я зусім ня чую левым вухам — цалкам адбітае. Але найгорш было алоўкам. Сядзіць вось так насупраць і алоўкам стукае, як коле, у грудзі. Спачатку нічога, быццам забаўляецца, але потым, яшчэ аловак недаходзіць да тваіх грудзей, а боль ужо ажно ў мозг б'е. І тут вось на грудзёх плямы чорныя парабіліся ад таго алоўка. Кожны следчы меў свой спосаб допытаў.».

17-20 ліпеня 1950 г. быў асуджаны вайсковым трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскага падполля на 25 гадоў зняволення ў савецкіх канцлагерах. На судзе амаль ніхто не прасіў, каб далі лагаднейшы прысуд, а Расціслаў Лапіцкі сказаў, што калі б выйшаў з турмы, працягваў бы і надалей сваю барацьбу. Зянон Ахрамовіч успамінаў пра суд:

«Суд адбываўся ў Маладзечне, у Галінове — былым афіцэрскім казіно. Доўжыўся, можа, дні два. Нас на суд прывялі ўсіх разам, 21 чалавека. І тут мы ўсе ўбачылі адзін другога. Там доўгага разбіральніцтва не было. Адчыталі толькі абвінавачанне і за што. Які параграф і ўсё. Усіх так па чарзе. Урэшце прысуды. У сваю абарону амаль нічога і не давалі сказаць. Лапіцкі выступаў. І ў апошнім слове ён папрасіў прабачэнне ў нас, што так сталася».

Пакаранне адбываў у асноўным у Свярдлоўскай вобласці ў Паўднёвай Таліцы на лесапавале і будаўнічых работах разам з іншымі ўдзельнікамі арганізацыі Канстанцінам Іваноўскім і Эдуардам Сташкевічам.

Вызвалены ў 1956 г. вярнуўся на Смаргоншчыну, пасля звароту з лагеру на тры месяцы быў забраны на вайсковыя зборы і выдалі ваенны білет, бо быў ужо рэабілітаваны. Па вяртанню з войска пайшоў працаваць на тартак у Смаргонь. Стрыечная сястра з Лідзбарку ўгаварыла ехаць у Польшчу, бо там лягчэй. Каля 6 месяцаў Зянон Ахрамовіч вырабляў паперы. Перайшоў з тартака на працу вартаўніком.

У 1958 годзе выехаў у Польшчу. Спачатку разам з жонкай, братам Міхалам і цешчай працаваў на гаспадарцы ў Лідзбарку-Мазурскім. У Лідзбарку нарадзіліся два сыны і дачка. У 1965 г. пераехаў у Эльблёнг. Бацькі пабылі ў Лідзбарку год, а потым пераехалі да Зянона ў Эльблёнг. Удзельнічаў у напісанні успамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага Ня бойцеся ахвяраў і пакут.

Жыве ў Эльблёнгу.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154736.html Біяграфія Зянона Ахрамовіча

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў, Леанід АХРАМОВІЧ Зянон (беларуская). Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794—1991.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.