Антон Неманцэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Неманцэвіч)
Антон Неманцэвіч

Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар
Месца працы
Нараджэнне 8 лютага 1893(1893-02-08)[1]
Смерць 6 студзеня 1943(1943-01-06) (49 гадоў)
Пахаванне
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Антон Неманцэвіч (8 лютага 1893, Санкт-Пецярбург1 красавіка 1943; Псеўданімы: Злучэнец) — беларускі каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Антон Неманцэвіч у студэнцкія гады
Удзельнікі беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу на пачатку 1917 г. Злева направа: Міхал Пятроўскі, Антон Матвейчык, Андрэй Цікота, Антон Неманцэвіч, Карл Лупіновіч, Адам Станкевіч.

Антон Неманцэвіч нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям’і выхадцаў з в. Парчэўцы Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Першапачаткова вучыўся ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы, якое скончыў у 1909. З 1910 — студэнт каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. Падчас вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары 27.9.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда.

З прыходам да ўлады бальшавікоў пераследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25.5.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 служыў вікарыем у Маскве. Арыштаваны 31.05.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі. У 1925-27 г. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928-29 г. вёў заняткі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры ўніяцкай парафіі ў Сынкавічах. Арганізаваў рэстаўрацыю і аднаўленне помніка абарончай архітэктуры з элементамі готыкі — царквы ў Сынкавічах. У 1932-37 г. рэдагаваў і выдаваў беларускі ўніяцкі часопіс «Да злучэння». З 1934 — прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 рэдагаваў часопіс «Злучэнне». 17.9.1939 мітрапалітам А. Шаптыцкім прызначаны Беларускім экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.

У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур новастворанага Беларускага экзархата. Заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь, да якога спачатку належалі толькі святары, а потым далучыліся і свецкія.

Пасля паездкі ў Львоў па царкоўных справах да мітрапаліта Шаптыцкага 4 ліпеня 1942 Беларускі экзарх ГКЦ а. Антон Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў Мінск.

Да пачатку 1990-х г. дата, месца і акалічнасці смерці беларускага ўніяцкага экзарха заставаліся невядомымі. Лічылася, што ён памёр у Берліне ў вязніцы (згодна з польскімі крыніцамі). Аднак у 2004 годзе, сярод архіўных дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у справе «Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаванне мясцовага насельніцтва і па пытаннях царквы» быў выяўлены дакумент, у якім сцвярджаецца, што Неманцэвіч памёр «ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці, якая наступіла пасля сыпнога тыфу»[2]. Прычына смерці экзраха ад тыфу, якую назвалі ў СД, выклікае сумнеў. Святар меў на яго імунітэт, бо перахварэў ім раней, яшчэ ў дзяцінстве. Таму праўдзівай інфармацыяй у дакуменце СД гісторыкі ўважаюць толькі дату, месца смерці і пахавання экзарха. Падобна, ён памёр 6 студзеня 1943 як пакутнік, знясілены турэмнымі ўмовамі ў Мінскай вязніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці.[3] Быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай Царквы[4].

Цяпер у БГКЦ прыкладаюцца намаганні для таго, каб распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як вязня і пакутніка фашызму.

Зноскі

  1. NIEMANCEWICZ Antoni // https://www.jezuici.krakow.pl/cgi-bin/rjbo?b=enc&q=NIEMANCEWICZ&f=1
  2. Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15.
  3. 65-ая гадавіна смерці Экзарха Антона Неманцэвіча // Царква № 3 (58), 2008 Архівавана 20 лістапада 2011.
  4. Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]