Баляслаў Антонавіч Ялавецкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Баляслаў Антонавіч Ялавецкі
Партрэт
Род дзейнасці: палітык, інжынер
Дата нараджэння: 10 жніўня 1846(1846-08-10)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 10 ліпеня 1918(1918-07-10) (71 год)
Месца смерці:
Альма-матар:
Commons-logo.svg Баляслаў Антонавіч Ялавецкі на Вікісховішчы

Баляслаў Лаўрэнцій Антонавіч Ялавецкі (10 жніўня 1846, Віленская губерня — каля 1916) — інжынер і прадпрымальнік, надворны саветнік.

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і, бацька валодаў 500 дзесяцінамі зямлі. Скончыў Віленскую гімназію, у 1861—1865 гадах вучыўся ў Мікалаеўскім інжынерным вучылішчы у Пецярбургу. У 1867 годзе паступіў у Мікалаеўскую інжынерную акадэмію, якую выдатна скончыў у 1870 годзе — ягонае імя выбіта на мармуровай дошцы ў будынку акадэміі, — і быў прызначаны ў інжынерны корпус, у Галоўнае інжынернае ўпраўленне. Вайсковая кар'ера складаецца паспяхова, 22 кастрычніка 1870 г. Ялавецкаму прысвоены чын штабс-капітана, але 13 красавіка 1871 г., паводле ўласнага прашэння, ён звольнены са службы. Зноў пакліканы на службу 21 верасня 1872 г. і 1 кастрычніка 1872 г. прызначаны ў Пецярбургскае крапасное інжынернае ўпраўленне, 27 кастрычніка 1872 года Ялавецкага камандзіруюць на будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі. У Пецярбург, на старое месца службы, Б. Ялавецкі вяртаецца ў сакавіку 1873 г. Яму даручана кіраваць будаўніцтвам Адміралцейскай набярэжнай. За паспяховае выкананне гэтай працы ён 26 снежня 1874 г. атрымлівае асабістую падзяку імператара Аляксандра II, а 13 красавіка 1875 г. — чын капітана. Са жніўня 1875 г. па снежань 1878 г. у вайсковай службе Б. Ялавецкага ізноў перапынак — ён удзельнічае ў будаўніцтве чыгункі Растоў—Уладзікаўказ.

30 сакавіка 1885 г. Б.Ялавецкі падае на імя імператара прашэнне аб адстаўцы з-за хваробы. Да гэтага часу ён адслужыў 20 гадоў, узнагароджаны ордэнамі св. Станіслава 3-й ступені і св. Ганны 3-й ступені. Прашэнне было задаволенае 16 ліпеня 1885 г.

На працягу 15 гадоў Б. Ялавецкі быў дырэктарам Аляксандраўскага завода ў Пецярбургу, у гэты час прадпрыемства не саступала лепшым заводам Еўропы. Між іншага быў аўтарам канструкцыі спецыяльнага цягніка для царскай сям'і пабудаванага на Аляксандраўскім заводзе. Вучыўся і стажыраваўся за мяжой — у Аўстрыі і Чэхіі. Аўтар артыкулаў на тэхнічныя тэмы, дакладаў і выступленняў у Рускім тэхнічным таварыстве. У 1878—1879 гадах у Пецярбургу выйшла праца Б. Ялавецкага ў 2-х тамах «Вада, паліва і паравозныя катлы», папулярная сярод расійскіх інжынераў-чыгуначнікаў. Да часу калі Ялавецкі вырашыў заснаваць Першае таварыства пад'язных чыгуначых шляхоў у Расіі, яго аўтарытэт інжынера, арганізатара вытворчасці і знаўца чыгуначнай справы не выклікаў сумневу.

Першай будоўляй Таварыства была вузкакалейнай чыгуначнай лініі ад станцыі Свянцяны Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі да буйнога беларускага мястэчка Беразвеч (цяпер у межах Глыбокага). Хадайніцтва на дазвол будаўніцтва паступіла да імператара праз віленскага, гродзенскага і ковенскага генерал-губернатара і міністра ўнутраных спраў у лютым 1894 г., і 27 чэрвеня 1894 г. яно было зацверджана Аляксандрам III. Затым былі пабудаваны і паспяхова эксплуатаваліся вузкакалейныя чыгункі ў Прыбалтыцы і ва Украіне. Да 1913 года Таварыству належала 1149 вёрст чыгуначных шляхоў — амаль палова агульнарасійскай вузкай чыгуначнай каляі. Таварыства з'яўлялася найбуйнейшай чыгуначнай кампаніяй такога ўзору ў Расійскай імперыі, нашмат апярэджваючы найбліжэйшага канкурэнта — Маскоўскае таварыства пад'язных шляхоў, якое валодала толькі 301 вярстой. Б. Ялавецкі меў вялікі аўтарытэт у Расіі і за мяжой, ён быў у ліку заснавальнікаў і стала прысутнічаў у складзе праўлення Руска-Бельгійскага металургічнага таварыства з асноўным капіталам 20 млн руб. Таварыству належалі Пятроўскі чыгуна-плавільны і жалезаробчы завод (4200 рабочых), вугальныя шахты ў Екацярынаслаўскай губерні і Данской вобласці. Пры гэтым Б. Ялавецкі заставаўся сталым старшынём праўлення Першага таварыства пад'язных шляхоў, яно месцілася ў Санкт-Пецярбургу, на Неўскім праспекце, 11. Таварыства займалася не толькі перавозкай пасажыраў і грузаў па сваіх чыгунках, але і будавала на замову пераносныя рэйкавыя шляхі з рухомым складам, вырабляла вагоны і ваганеткі, гандлявала машынамі і прыладамі для здабычы і прасавання торфу і пераноснымі лесапільнымі заводамі. Перад 1-й сусветнай вайной маёмасць Таварыства ацэньвалася амаль у 27 млн руб., яно рэгулярна выдавала справаздачы па эксплуатацыі пад'язных шляхоў і каштарысы даходаў і выдаткаў.

Б. Ялавецкі не менш вядомы і праз сваю грамадскую дзейнасць. Як выбарны прадстаўнік ад Свянцянскага павету ён прымаў удзел у распрацоўцы Палажэння аб земскіх установах у Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губернях, а ў 1906 г. абраны ад Віленскай губерні дэпутатам Першай Дзяржаўнай Думы. У Думе Ялавецкі далучыўся да «Кола тэрытарыяльнага» — фракцыі «краёўцаў», і ягоныя погляды на будучыню Беларуска-Літоўскага краю, выкладзеныя ў «Нацыянальным маніфесце Літвы», сведчаць пра глыбокую неабыякавасць да эканамічнага і культурнага развіцця ўсіх нацыянальных, рэлігійных і моўных груп насельніцтва краю, якое бачылася яму адзінай «літоўскай нацыяй» (narodem).

Быў жанаты з дваранкай Анжалікай Ігнатаўнай з Віткевічаў, меў сына Мечыслава і дачку Ядвігу. Памёр каля 1916 года.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кіштымаў А. Беларусь на вузкай каляіне: Баляслаў Ялавецкі і будаўніцтва чыгункі Свянцяны — Беразвеч // «Спадчына» № 4, 2002.