Барыс Суравы
Барыс Суравы | |
Дата нараджэння: | 15 верасня 1907 |
---|---|
Месца нараджэння: | Брэст, Расійская імперыя |
Дата смерці: | снежань 1998 |
Месца смерці: | Лондан, Вялікабрытанія |
Альма-матар: |
Барыс Суравы (15 верасня 1907 — снежань 1998) — беларускі настаўнік і грамадзкі дзяяч. Падчас Другой сусьветнай вайны быў школьным інспектарам, кіраўніком СБМ па Слонімскай акрузе. Дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся 15 верасня 1907 г. у Брэсце. Скончыў гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце.
З восені 1939-га працаваў дырэктарам Дзярэчынскай школы (сёньня Зэльвенскі раён).
На пачатку нямецкай акупацыі пераехаў у Слонім, дзе з восені 1941 года арганізаваў 4-класную беларускую прагімназію для амаль 100 вучняў. Быў яе дырэктарам, выкладаў гісторыю Беларусі. Пэўны час быў Слонімскім акруговым школьным інспектарам. Як пісала ў сваіх успамінах Надзея Дземідовіч, Барыс Суравы «быў першым дырэктарам і выкладаў нам гісторыю Беларусі. Гэта быў малады чалавек, меў дзіцятка гадоў чатырох. Спяваў вельмі прыгожа. Было відно, што ён вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю»[1].
З мая 1943 г. актыўна заняўся арганізацыяй Саюзу беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. У чэрвені 1943 г. скончыў курс вышэйшых кіраўнікоў СБМ, а ў ліпені 1943 г. быў прызначаны кіраўніком Слонімскай акруговай арганізацыі СБМ. З'яўляўся супрацоўнікам часопісу для кіраўнікоў моладзі СБМ «Жыве Беларусь!». За сваю беларускую дзейнасць атрымліваў пагрозы з боку мясцовых палякаў. Працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы, стаў удзельнікам II Усебеларускага Кангрэсу ў Мінску 27 чэрвеня 1944 г.[2]
У ліпені 1944 выехаў з групай слонімскіх беларускіх дзеячоў у горад Бад-Заўльгаў (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у Германіі. З 1947 г. жыў у Вялікабрытаніі. 15 сакавіка 1948 г. абраны віцэ-старшынём ў Часовую ўправу Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў (ХАБР), якое згуртавала прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. 26 снежня 1948 г., на 1-ым Агульным з'езьдзе ХАБР, абраны старшынём Галоўнай управы. Быў старшынём гэтай арганізацыі да яе заняпаду: з канца 1948 г. па 1950 г. ды з чэрвеня 1954 г. па 1966 г. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопісу «Аб’еднанне», дзе пісаў пад псеўданімам Старшы Праваднік, а таксама ў склад Галоўнай дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. У 1948–1953 гг. быў кіраўніком Прадстаўніцтва БЦР у Вялікабрытаніі.
У 1960—1980-ыя гг. Барыс Суравы — актывіст беларускай праваслаўнай парафіі св. Эўфрасінні Полацкай (канстантынопальскай юрысдыкцыі).
Паводле інфармацыі Юрыя Туронка меў уласны рэстаран у Лондане[3]. Аднак Барыс Кіт сцвярджаў, што ягоны сябар Барыс Суравы «быў кухарам у польскім рэстаране ў Лондане»[4].
Апошнія гады жыцьця быў паралізаваны. Памёр у Лёндане, у снежні 1998 г.
Зноскі
- ↑ Надзея Дземідовіч: «Я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу». Інтэрв’ю Людмілы Майсені
- ↑ [1] Другі Усебеларускі Кангрэс. Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1954.
- ↑ Юры Туронак. Людзі СБМ
- ↑ Цярновы шлях. Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне