Беларуская народная самапомач

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Дакументы членаў Беларускай народнай самапомачы

Беларуская народная самапомач (БНС) — грамадская нацыянальная арганізацыя, якая дзейнічала ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генеральнай акрузе «Беларусь». Паводле нямецкай задумы, арганізацыя мусіла пераняць усе функцыі Чырвонага Крыжа[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская народная самапомач была створана 13 кастрычніка 1941 паводле загаду генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ.

БНС узначальвалі І. Ермачэнка (22.10.1941 — красавік 1943), В. Іваноўскі (30.6.1943 — лістапад 1943), Ю. Сабалеўскі (лістапад 1943 — 1.2.1944). Кіруючы орган — Цэнтральная рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы.

БНС дзейнічала пад кантролем і кіраўніцтвам нямецкіх акупацыйных улад. Склад цэнтральнай рады зацвярджаў Кубэ, праўленні акруговых, раённых і старшыняў валасных аддзелаў прызначалі адпаведныя гібетскамісары, раённыя і валасныя нямецкія кіраўнікі.

Статут БНС абвяшчаў яе як дабрачынную народную арганізацыю, якая ставіць за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага панавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашырыць і развіць беларускую культуру». БНС займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцей, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй устаноў аховы здароўя, дастаўкай друкаваных выданняў у акругі і паветы (напрыклад, газеты для сялян «Голас вёскі»).

У пачатку 1942 быў праведзены з'езд усіх лекараў Беларусі. На ім было пастаноўлена стварыць беларускую лекарскую прафесійную арганізацыю, адкрыць беларускі медыцынскі ўніверсітэт і арганізаваць матэрыяльную дапамогу мясцовым дактарам у цяжкі ваенны час.

БНС утрымлівала многія шпіталі, праводзіла рассяленне дзяцей у прытулкі, арганізаваныя на базе савецкіх санаторый (да 10000 дзяцей).[2]

Члены БНС удзельнічалі ў гвалтоўным медыцынскім аглядзе для высылання рабочай сілы ў Германію.[3]

З'езд кіраўнікоў БНС (ліпень 1942), у якім удзельнічалі Мужы Даверу, кіраўнікі БНС з акруг і вядучыя бурмістры і кіраўнікі беларускай паліцыі, дамагаўся ўнясення змен у статут БНС і прызнання за ёй права самакіравання. На з'ездзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС (сакавік 1943) быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэнне беларускага ўрада і войска. Падкрэслівалася, што «ўрад абвясціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб'явіць яму вайну, як ворагу беларускага народа». Пры садзейнічанні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. Аднак нямецкая акупацыйная адміністрацыя распараджэннем ад 18.3.1943 абмежавала дзейнасць БНС толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. І. Ермачэнка быў зняты з пасады кіраўніка БНС і высланы з Беларусі.

У чэрвені 1943 БНС рэарганізавана ў Беларускую самапомач, дзейнасць якой у адпаведнасці з новым статутам была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. Кіраўніком арганізацыі стаў Юрый Сабалеўскі, былы пасол у польскім сейме.

1 сакавіка 1944 БНС перададзеная ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.

Вядомыя асобы-дзеячы БНС: Ян Станкевіч (намеснік кіраўніка), Вінцэнт Гадлеўскі, Радаслаў Астроўскі, архіепіскап Філафей (Нарко), Вацлаў Іваноўскі, Антон Адамовіч, Уладзіслаў Казлоўскі, Іван Касяк, Юльян Саковіч (сябры Галоўнай Рады), Надзея Абрамава (узначальвала дзіцячы сектар).

Члены Цэнтральнай рады БНС[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць членаў БНС (канец 1942)[4][правіць | правіць зыходнік]

Акруга Раённых прадстаўніцтв Валасных прадстаўніцтв Членаў
Баранавіцкая 8 81 8910
Наваградская
Слонімская 6000
Глубокская 1000
Лідская 743
Мінская гарадская 5628
Вілейка 8 40
Мінская сельская 9000
Слуцкая 5 1004
Ганцавіцкая 270
Барысаўская 2 2050
Разам 29605

Зноскі

  1. К'яры, Б. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціўленне у Беларусі (1941—1944 г.) / Бернгард К'яры; Пер. з ням. Л. Баршчэўскага; Навук. рэд. Г. Сагановіч. — Мн., 2008. — 390 с. — С. 130. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»; 13). — ISBN 978-5272-20-6. Спасылка ў кнізе: Gartenschläger, U. Die Stadt Minsk während der deutschen Besatzung: Magisterarbeit. — Köln, 1990. — S. 86; Die Ostkartei. Grundriß des des Neuaufbaus im Osten. H. 4. № 20. S. 2, 3.
  2. Шаблон:Крыніцы/Беларусь учора і сяння
  3. Шаблон:Крыніцы/Беларусь учора і сяння
  4. К'яры, Б. Штодзённасць за лініяй фронту...С. 133.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі / Пасьляслоўе А. Грыцкевіча; Уклад. Н. Дашкевіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 414 с.: іл.
  • Сервачынскі, І. Беларуская народная самапомач (з гісторыі калабарацыянізму на Беларусі) // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. Гісторыя, філасофія, палітыка, сацыялогія, эканоміка, права. – 1997. – № 3. – С. 11–14.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / пераклад з польскага В. Ждановіч; каментарыі А. М. Літвіна. — Мн.: Беларусь, 1993. — 236 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь у Другой сусветнай вайне
Польская абарончая вайнаУз'яднанне Заходняй Беларусі з БССРВялікая Айчынная вайна
Аперацыі: Абарончая аперацыя на Беларусі, 1941✯ Аперацыя «Баграціён»
Звязаныя тэмы: Нямецкая акупацыя Беларусі, 1941—1944Беларуская народная самапомачБеларуская цэнтральная радаСавецкі партызанскі рух, 1941—1944Армія Краёва