Баскскія землі
Баскскія землі (баскск.: Euskal Herria, ісп.: País Vasco, фр.: Pays Basque) — тэрыторыя традыцыйнага рассялення баскаў на стыку Францыі і Іспаніі, у заходніх Пірэнеях і на ўзбярэжжы Біскайскага заліва). Радзіма баскскай нацыі і баскскай мовы. Баскскія землі складаюцца з, перш за ўсё:
- Паўднёвай Краіны Баскаў, размешчанай у Іспаніі (па-баскску: Hegoalde — «Паўднёвая краіна»). Яна ж — Іспанская Краіна Баскаў.
- Паўночнай Краіны Баскаў на поўдні Францыі (па-баскску: Iparralde — «Паўночная краіна»). Яна ж — Французская Краіна Баскаў.
Іспанская Краіна Баскаў[правіць | правіць зыходнік]
Большасць баскскай нацыі пражывае ў межах Паўднёвай Краіны Баскаў. Іспанская, або Паўднёвая Краіна Баскаў складаецца з:
- Т.зв. аўтаномнай супольнасці Краіна Баскаў (тоеснасць назваў часткі і цэлага нярэдка спараджае блытаніну);
- Т.зв. аўтаномнай супольнасці Навара, тоеснай аднайменнай іспанскай правінцыі. (ісп.: Comunidad Foral de Navarra, баскск.: Nafarroako Foru Erkidegoa). Адміністрацыйны цэнтр Навары — Памплона (Ірунья).
Аўтаномная супольнасць Краіна Баскаў складаецца з вельмі старажытных і невялікіх па плошчы правінцый:
- Алава, ці Араба (ісп.: Álava, баскск.: Araba), адміністрацыйны цэнтр — Віторыя. Віторыя адначасова з'яўляецца сталіцай аўтаномнай супольнасці Краіна Баскаў;
- Біская (ісп.: Vizcaya, баскск.: Bizkaia), адміністрацыйны цэнтр — Більбаа;
- Гіпускаа (ісп.: Guipúzcoa, баскск.: Gipuzkoa), адміністрацыйны цэнтр — Сан-Себасцьян.
Яшчэ ў жніўні 1992 г. баскская партыя Эры Батасуна (Herri Batasuna) і Саюз Наварскіх Народаў паднялі пытанне аб далучэнні Навары да аўтаномнай супольнасці Краіна Баскаў, але ідэя так і не была рэалізавана.
Французская краіна баскаў[правіць | правіць зыходнік]
Да Вялікай французскай рэвалюцыі Французская, або Паўночная Краіна Баскаў складалася з правінцый Лабурдан, Зуберу, а таксама Ніжняй Навары (былога Каралеўства Навара). Пасля рэвалюцыі падзел Францыі на правінцыі быў адменены. Станам на 2008 год Паўночная Краіна Баскаў з'яўляецца часткай дэпартамента Атлантычныя Пірэнеі, які ўваходзіць у рэгіён Аквітанія.
Гісторыя Баскскіх земляў[правіць | правіць зыходнік]
Паводле некаторых версій паходжання баскаў, яны з'яўляюцца адным з найменш асіміляваных і змяшаных з іншымі народаў, якія пражывалі на тэрыторыі Заходняй Еўропы з часоў палеаліту.
З I стагоддзя да н.э. да сярэдзіны V стагоддзя тэрыторыя, заселеная баскамі, намінальна была пад уладай Рымскай імперыі. З-за гарыстага характару мясцовасці рымлянам не ўдалося пракрасціся ва ўсе населеныя баскамі вобласці, што дазволіла Краіне баскаў захаваць сваю мову і нацыянальную самабытнасць.
У перыяд панавання вестготаў, а затым арабаў на Пірэнейскім паўвостраве, большая частка Баскскіх земляў заставалася незалежнай і стала апорай Рэканкісты. У XI—XV стст. Паўднёвая Краіна Баскаў была пад уладай Каралеўства Навары і Кастыліі.
Іспанская частка Краіны баскаў з пачатку XVI стагоддзя ўвайшла ў склад адзінай Іспанскай дзяржавы, часткова захоўваючы аўтаномію да 1876 года. Французская частка захоўвала некаторую аўтаномію да Вялікай французскай рэвалюцыі. У найноўшай гісторыі частка Краіны баскаў упершыню атрымала аўтаномію ў Іспаніі пасля перамогі Народнага фронту ў 1936 годзе, аднак была пазбаўлена самакіравання пасля падзення рэспублікі ў 1939 годзе.
У 1953 г. студэнты Універсітэта Більбаа (Біская, Іспанія) стварылі падпольную арганізацыю «Экін» (у перакладзе: «Трымацца!»), якая ставіла сваёй мэтай аб'яднанне ўсіх Баскскіх земляў) у адзіную суверэнную дзяржаву. Пад уплывам «Экіна», у Францыі ў 1963 годзе ўзнік баскскі нацыяналістычны рух «Эмбата» (Embata, забаронена ў 1974 годзе)…
У адпаведнасці з канстытуцыяй Іспаніі 1978 года частка Іспанскай краіны баскаў атрымала спачатку часовую, са студзеня 1980 года — пастаянную аўтаномію.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Баскскія землі