Беатук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беатук
Музейная рэканструкцыя
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Ньюфаўндленд
Мова беатук
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы мікмак

Бе́атук (англ.: Beothuk, фр.: Béothuk)  — індзейскі народ, карэнныя жыхары Ньюфаўндленда. Вымер у першай трэці XIX ст.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Індзейцы-алганкіны перасяляліся на Ньюфаўндленд з сярэдзіны I ст. да н. э. Да першых стагоддзяў 2 тысячагоддзя да н. э. на востраве таксама жылі палеаэскімосы, прадстаўнікі культуры Дорсет, у пачатку 2 тысячагоддзя часова сяліліся нарманы з Грэнландыі. Да XV ст. індзейцы Ньюфаўндленда перажылі 3 культурныя фазы, кожная з якіх можа з'яўляцца як этапам развіцця культуры першасных пасяленцаў-індзейцаў, так і вынікам новых міграцый з паўночнаамерыканскага кантынента. Даследаванне палеагенетыкаў выявіла агульнае паходжанне беатук і мікмак.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Да канца XV ст. беатук насялілі ўсю тэрыторыю Ньюфаўндленда, акрамя крайняй поўначы і ўсходу. Яны займаліся сезонным рыбалоўствам і паляваннем на карыбу. Археолагі выявілі рэшткі паселішчаў беатук у гротах, пячорах, аднак найчасцей яны стваралі сезонныя стаянкі з разборных канічных хацін на адкрытай або ў лясной мясцовасці ўздоўж рэк і марскога ўзбярэжжа.

Тубыльцы Ньюфаўндленда не мелі адзінай сацыяльнай арганізацыі. Жылі невялікімі групамі. Джон Кабат, які адкрыў Ньюфаўндленд 24 чэрвеня 1497 г., называў іх чырвонаскурымі з-за звычая пакрываць цела охрай. Пазней гэта мянушка была перанесена на астатніх індзейцаў Паўночнай Амерыкі. У кароткіх паведамленнях еўрапейцаў пазнейшай пары сцвярджалася, што беатук шанавалі сонца і месяц. Сучасныя археолагі мяркуюць, што важную ролю ў пахавальных абрадах адыгрываў культ птушак.

Беатук не здабывалі металаў, але пасля з'яўлення еўрапейскіх рыбакоў і перасяленцаў запазычвалі і апрацоўвалі жалезныя цвікі і пасткі.

Знікненне[правіць | правіць зыходнік]

Французскія і англійскія перасяленцы пачалі ствараць сталыя калоніі на Ньюфаўндлендзе ў XVII ст. Беатук імкнуліся не сутыкацца з імі, таму кантакты заставаліся вельмі абмежаванымі, практычна не мелася гандлёвых зносін. З-за таго, што перасяленцы займалі прыбярэжныя землі, беатук былі вымушаны мігрыраваць углыб вострава.

У 1713 г. правы на Ньюфаўндленд перайшлі да Вялікабрытаніі. У 1768 г. каланіяльныя ўлады арганізавалі місію лейтэнанта Джона Картрайта для ўсталявання афіцыйных зносін з індзейцамі, але яна скончылася беспаспяхова. У 1792 г. абследаванне паселішчаў паляўнічых і рыбакоў на паўночным усходзе паказала, што яны перыядычна ўступалі ў канфлікт з беатук, паколькі тыя кралі іх жалезныя рэчы. З 1797 г. губернатары Ньюфаўндленда выдавалі распараджэнні, якія забаранялі ўжываць супраць індзейцаў агнястрэльную зброю і нападаць першымі. У 1819 г. улады ўмяшаліся ў канфлікт паміж гандлярамі і беатук, падчас якога перасяленцы захапілі ў палон індзейскую жанчыну. У 1823 г. перасяленцы выратавалі некалькі жанчын-беатук, знясіленых з-за голада. Меліся факты выратавання і выхавання дзяцей-беатук. Сярод іх была Нэнсі Шанаўдытыт. Яна была выратавана пасля смерці бацькі. Нэнсі гадавалася сярод дзяцей перасяленцаў і стала апошняй вядомай прадстаўніцай свайго народа, памерла 6 чэрвеня 1829 г.

Канчаткова не высветлены ўсе абставіны знікнення беатук. Мяркуецца, што яны пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў, завезеных еўрапейцамі. Перасяленцы з Вялікабрытаніі і мікмак занялі найбольш каштоўныя паляўнічыя тэрыторыі, што прывяло да голаду і нястач.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]