Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы. Існавала ў лістападзе 1921 — пачатку 1927 г. Заснавана паводле дырэктыў Цэнтральнага Савета па асвеце народаў нярускай мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР, пастаноў агульнага сходу прадстаўнікоў беларускай грамадскасці Гомельскай губерні ад 27 мая 1921 г. і губернскага з’езда працаўнікоў асветы (чэрвень 1921 г.). Непасрэдна падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве.

1921—1922[правіць | правіць зыходнік]

Задачы секцыі: арганізацыя школ і культурна-асветных устаноў для беларускага насельніцтва Гомельскай губерні, арганізацыйнае і метадычнае кіраванне іх дзейнасцю, падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў і забеспячэнне вучэбнай літаратурай. На тэрыторыі Гомельскай губерні кіравала Гомельскай, Магілёўскай і Рэчыцкай павятова-гарадскімі беларускімі секцыямі. Прадстаўнік беларускай секцыі ўваходзіў у склад губернскага Саўнацмена. 3 лета 1924 г. загадчык секцыі В. Смігельскі. Працавала ў атмасферы нядобразычлівасці і перашкод з боку губернскіх органаў асветы, партыйнага і савецкага апарату, якія выступалі супраць стварэння нацыянальнай сістэмы асветы для беларусаў і адмаўлялі існаванне самастойнай беларускай нацыі. У студзені 1922 секцыя была ліквідавана.

1923—1926[правіць | правіць зыходнік]

У 1923 г. пасля ўмяшання Наркамата асветы РСФСР адноўлена. Супрацоўнікі секцыі выкладалі курс беларусазнаўства ў Гомельскім педагагічным тэхнікуме (1921—1926), кіравалі навуковым гуртком настаўнікаў с. Прасна, дапамагалі беларускай мастацкай самадзейнасці; з яе дапамогай у 1922 годзе арганізаваны беларускія хоры і драматычныя трупы ў Гомелі і Магілёве, падабраны кандыдаты на Цэнтральныя беларускія настаўніцкія курсы ў Мінску, праводзіліся губернскія летнія курсы беларускіх настаўнікаў. Летам 1923 г. пад кіраўніцтвам беларускай секцыі працавалі 6 беларускіх школ у Гомельскім, Магілёўскім і Рагачоўскім паветах, беларуская хата-чытальня ў вёсцы Азяраны Рагачоўскага павета. У жніўні 1923 г. па яе ініцыятыве ўзніклі беларускія гурткі ў Навазыбкаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і Рагачоўскім педагагічным тэхнікуме. Летам 1924 г. выпрацаваны план беларусізацыі школ Гомельскага, Рэчыцкага, Клінцоўскага, Навазыбкаўскага паветаў. У 1924—1925 гг. навучальным годзе пад кіраўніцтвам секцыі пераведзены на беларускую мову школы Горвальскай, Юравіцкай, Хойніцкай, Брагінскай, Веткаўскай, Свяцілавіцкай валасцей, у 1925—1926 — 17 школ у Чачэрскай воласці; на 1926—1927 навучальны год планавалася перавесці на беларускую мову школы Уваравіцкай воласці, Клінцоўскага і Навазыбкаўскага паветаў, справаводства ў 30 раённых педагагічных саветах Гомельскай губерні. Пад кіраўніцтвам секцыі працаваў гурток беларусазнаўства ў Клінцах. Вясною 1926 ёй было падначалена 96 беларускіх школ розных ступеняў, 75 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, 5 хат-чытальняў, 10 перасоўных культурных пляцовак. Па ініцыятыве секцыі ў маі 1926 года адбылася губернская канферэнцыя настаўнікаў-беларусаў, на якой абмеркаваны пытанні развіцця школьнай сеткі і пашырэння беларусізацыі на Гомельшчыне. Супрацоўнічала з Гомельскай філіяй літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Удзельнікі секцыі выступалі з артыкуламі і нататкамі ў перыядычных выданнях Гомельскай губерні і БССР.

Ліквідавана ў сувязі з далучэннем Гомельскай губерні да БССР.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Васілеўскі, Ю. Р. Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы / Ю. Р. Васілеўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 413—414.
  • Г—скі [Гуткоўскі, Н.] Беларуская культурная праца на Усходзе // Вестник народного комиссариата просвещения ССРБ. — 1922. — № 3—4. — С.
  • Сьмігельскі, В. Асобныя моманты культурна-асветнай працы сярод беларускага насельніцтва Гомельшчыны ў сучасны момант // Маладняк. — 1926. — № 4 (13). — С.