Беларускі архіў старажытных грамат
«Беларускі архіў старажытных грамат» (Белорусский архив древних грамот) — зборнік дакументаў па гісторыі ўсходніх зямель Беларусі XVI—XVIII стст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І. І. Грыгаровічам пры ідэйнай і фінансавай падтрымцы графа М. П. Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824).
У прадмове складальніка адзначана, што старажытныя хартыі «даваляюць узнавіць дух продкаў ва ўсім яго развіцці, высветліць патаемныя матывы, прычыны і суадносіны спраў іх». На думку Грыгаровіча, старажытная Беларусь з'яўлялася прыналежнасцю Расійскай дзяржавы і ўжо ў сярэдзіне XVII ст. была зноў часова далучана да Расіі царом Алексеем Міхайлавічам. Уплыў афіцыёзнай гістарыяграфіі і ўласных поглядаў Грыгаровіча адлюстраваўся ў пэўных антыкаталіцкіх тэндэнцыях выдання. Але ў цэлым яно было наватарскім паводле зместу, аб'екта даследавання і крыніцазнаўчай дакладнасці.
Зборнік быў выдадзены на высокім для таго часу археаграфічным узроўні. Ён адкрыў перад даследчыкамі і грамадскасцю неабсяжнае поле археаграфічнай дзейнасці, узняў заслону над амаль невядомай шматвяковай трагічнай і гераічнай гісторыяй старажытнай Беларусі.
Частка 1
[правіць | правіць зыходнік]У 1-й частцы змешчана 57 грамат (прывілеяў і актаў), выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны XV ст. да 1768. Акты надрукаваны на беларускай, рускай, польскай і лацінскай мовах, ёсць спасылкі на архівы, археаграфічныя каментарыі. Тэматычна пераважаюць матэрыялы па сацыяльна-эканамічнай гісторыі (прывілеі на вызваленне ад падаткаў, на маёнткі і гандаль, мытныя пошліны, розныя ўстаўныя, магдэбургскія граматы) і царкоўна-рэлігійных адносінах. Многія грамадска-прававыя акты вярхоўнай улады датычацца Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска, у тым ліку «Устаўная грамата караля Жыгімонта Аўгуста жыхарам Магілёва аб вольнасцях, падатках і павіннасцях» (1561), прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578, прывілей магілёўскім мяшчанам і купцам на бяспошлінны гандаль у Расіі 1618, на мясцовую юрысдыкцыю 1672 і інш. Дзве трэці дакументаў асвятляюць царкоўна-рэлігійную палітыку вярхоўнай улады. Акрамя асноўных прававых актаў (прывілеі вялікага князя Аляксандра праваслаўнаму духавенству 1499, Жыгімонта I праваслаўным епіскапам аб незалежнасці іх ад свецкай улады 1511 і падобны акт 1592), апублікаваны разнастайныя дакументы, што вызначалі сацыяльна-эканамічныя і прававыя функцыі царквы, духавенства, падаткі і павіннасці залежнага насельніцтва, зямельныя ўладанні феадалаў і інш.
Некалькі тэматычна адасобленых актаў тычацца дыпламатычных адносін (граматы цара Пятра маршалку Падбярэзскаму, вяльможам і шляхце Польшчы і ВКЛ аб саюзе з Рэччу Паспалітай 1709), духоўнага і палітычнага жыцця Беларусі (прывілей С. Баторыя праваслаўнаму насельніцтву ВКЛ на права карыстацца юліянскім календаром 1584, граматы 1602 і 1768 аб стварэнні ў Магілёве царкоўнага брацтва, грэка-лацінскай школы і друкарні і інш.). Апублікавана копія зацверджанага каралём герба Магілёва з выявамі гарадской брамы, рыцара і герба «Пагоня».
Частка 2
[правіць | правіць зыходнік]2-я частка захавалася ў рукапісе, выяўленым А. А. Праабражэнскім у калекцыі Г. В. Юдзіна ў Дзяржаўнам архіве Краснаярскага краю (захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі). Дакументы да яго рыхтавалі прафесар Віленскага ўніверсітэта І. М. Лабойка, уніяцкі ксёндз Сасноўскі, наглядчык вучылішчаў Дарашкевіч і інш. на базе архіваў Вільні, Магілёва, Полацкай уніяцкай кансісторыі, Румянцаўскай бібліятэкі Каралеўца (Кёнігсберга), Метрыкі ВКЛ у Маскве і інш. Рукапіс складаюць 66 дакументаў за 1252—1707 на мове арыгіналаў (беларуская, руская, польская, лацінская, грэчаская), часткова з перакладамі. Сярод найбольш значных матэрыялаў — агульназемскі прывілей вялікага князя Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596. Змешчана «Родословие князей Мстиславских» (генеалагічная табліца).
Частка 3
[правіць | правіць зыходнік]Для часткі прызначаліся дакументы XVII ст., але праца над ёю была спынена (смерць Румянцава, фінансавыя цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Галенчанка, Г. Я. «Беларускі архіў старажытных грамат» / Г. Я. Галенчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 1: А—Беліца. — Мн.: БелЭн, 1993. — 495 с. — С. 424. — ISBN 5-85700-074-2.
- Козлов, В. П. Колумбы российских древностей / Отв. ред. В. И. Буганов. — М.: Наука, 1985. — 174 с. — (Страницы истории нашей Родины).
- Переписка протоиерея Иоанна Григоровича с графом Н. П. Румянцовым // Чтения в обществе истории и древностей российских. Кн. 2. — М., 1964.
- Преображенский, А. А. Коллекция Г. В. Юдина в Государственном архиве Красноярского края: (Краткий обзор) // Археографический ежегодник за 1958 год. — М., 1960.
- Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик; Академия наук СССР, Институт истории СССР. — М.: Наука, 1973. — 302, [1] с. — С. 16—28.