Белорусский учительский вестник

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Белорусский учительский вестник»
Тып часопіс
Выдавец М. Я. Казлоў
Галоўны рэдактар М. Я. Казлоў
Заснавана 1910
Спыненне публікацый 1911
Палітычная прыналежнасць заходнерусізм
Мова руская
Галоўны офіс

«Белорусский учительский вестник» — штомесячны часопіс «для настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі», створаны па ініцыятыве Таварыства ўзаемадапамогі настаўнікам народных вучылішчаў Магілёўскай губерні. Выдаваўся з мая 1910 да пачатку 1911 года ў Магілёве на рускай мове. Рэдактар-выдавец М. Я. Казлоў.

Пэўнай грамадска-палітычнай пазіцыі не выявіў, але ў культурна-нацыянальным аспекце прымыкаў да акцябрыстаў (ігнараваў праблемы развіцця беларускай літаратуры і нацыянальнай школы, публікаваў рэкламу рэакцыйнай газеты «Минское слово»). Вядомыя настаўнікі Магілёўшчыны (А. Бонч-Асмалоўскі, В. Іваноўскі, С. Мядзведскі) у інтэрв’ю падтрымалі ідэю настаўніцкага часопіса, але не вызначалі яго кірунку. Праграма часопіса ўключала артыкулы і нарысы па тэматыцы «разумовага і маральнага школьнага і пазашкольнага выхавання, адукацыі, самаадукацыі і фізічнага развіцця», дзейнасць земскіх і гарадскіх устаноў народнай асветы, артыкулы і нарысы прафесійнага і бытавога зместу, аналіз літаратуры па народнай адукацыі, хроніку мясцовага і школьнага жыцця, дзейнасць настаўніцкіх таварыстваў узаемадапамогі, літаратурныя навіны, крытыку, бібліяграфію і інш. 3-за адсутнасці літараткрных і навуковых сіл праграма выконвалася часткова, большасць публікацый не вызначалася высокім прафесійным узроўнем. Часопіс друкаваў і прагрэсіўныя матэрыялы па народнай асвеце: крытыкаваў «дамастроеўскія» парадкі ў школе, спасылаўся на педагагічныя ідэі К. Дз. Ушынскага (арт. «Школа і пакаранне ў ёй» пад крыптанімам П. Я.). У артыкуле «Сутнасць паэтычных твораў» настаўніка В. Трусевіча (1910, № 4) раскрывалася своеасаблівасць мастацкага ўяўлення і выяўленчых сродкаў літаратуры. Часопіс змяшчаў вершы мясцовых паэтаў, агляды педагагічнай літаратуры, успаміны былога настаўніка, які наіўна прызнаваўся, як ён «адвучваў» беларускіх дзяцей ад лексікі і фанетыкі роднай мовы. Друкаваліся паведамленні пра з’езды настаўнікаў, апісанні вучнёўскіх экскурсій і інш.

Выйшла 6 нумароў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г. / [М. М. Абраменка і інш.; рэдкалегія: М. А. Лазарук (адк. рэд.) і інш.]. — Мінск: Народная асвета, 1985. — 462, [1] с.: іл., факсім., партр. — С. 362—363.
  • Конан, У. М. «Белорусский учительский вестник» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 7—8.