Бельбог
Бельбог — прамавугольны кавалак тканіны, абвязаны вакол таліі, састаўная частка ўзбекскага нацыянальнага касцюма . Узбекская варыяцыя кушака[1].
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
Прадстаўляе сабой платок памерам прыкладна метр на метр, які складваўся вуглом і абвязваўся вакол таліі. Бельбог вырабляюць з тканін квятчастага ці аднатоннага колеру, у тым ліку з баваўняных, шаўковых ці атласных тканін, і ўпрыгожваюць вышыўкай. Моладзь носіць дэкаратыўна-стракатыя бельбогі, а старыя выкарыстоўваюць белае палатно. У буднія дні насілі бельбогі з саціну, а ў святочныя — з шоўку, атласу ці адрасу[1]. У багатых людзей для парадных выхадаў бельбогі рабіліся з аксаміту, багата аздабляліся вышыўкай і срэбнымі бляхамі[1]. Арнаментацыя бельбога залежыць ад рэгіёну стварэння[1].
Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]
У Туркестане мужчынскае адзенне (чапан , яктак і іншыя) падпярэзваюць вакол таліі бельбогам, часам сустракаецца звычай завязваць два і больш бельбогі. Завязванне бельбога існуе са старажытных часоў і стала нацыянальнай традыцыяй. Ім мужчыны падпяразвалі ўзімку сцёганыя халаты, а ўлетку — прасторныя кашулі[1].
Бельбог акрамя асноўнага прызначэння мог выкарыстоўвацца і для іншых мэтаў: паміж яго зморшчын завязвалі дробныя рэчы, у тым ліку часам хлеб ці табак, грошы ці дробныя прылады[1]; ён служыў абрусам (дастарханам) або ручніком у далёкіх дарогах, выкарыстоўваўся як кілімок для намазу[1].
Абрадавыя мэты[правіць | правіць зыходнік]
У пасаг узбекскай нявесты абавязкова ўваходзіла некалькі зробленых ёю бельбогаў, мудрагеліста аздобленых вышыўкай, якія дараваліся жаніху, яго бацьку, братам і іншым блізкім мужчынам[1]. Падчас абрадаў, у тым ліку і вясельных, бельбогам падпярэзвалі жаніха, апранаючы яму начную кашулю. І мужчыны, і жанчыны завязваюць бельбог, калі памірае хто-небудзь з блізкіх.
Атрымаць бельбог у падарунак заўсёды лічылася знакам асаблівай павагі і праявай увагі[1]. Даўней яго ўручалі пераможцам народных спаборніцтваў або ў якасці суюнчы — узнагароды за прынесеную добрую і радасную вестку[1]. Падчас абраду пасвячэння вучня ў ранг майстра яму ўрачыста павязвалі бельбог, і з таго часу ён меў права працаваць самастойна[1].
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- OʻzME. Birinchi jild. Toshkent, 2000-yil