Кушак (дэталь адзення)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
К. В. Лебедзеў  (руск.). Купец Калашнікаў. 1911

Кушак[1][2] — пояс  (руск.) з шырокага і доўгага кавалка тканіны, скуры, шнура[3], дадатак да мужчынскага і жаночага касцюма[4]. У Расійскай імперыі пояс насілі з народнай вопраткай, ён таксама з’яўляўся прыналежнасцю форменнай вопраткі  (руск.)[5].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Слова кушак мае ўсходняе паходжанне, слова было запазычанае з цюркскіх моў і азначае «падпяразваць».

Тканіна[правіць | правіць зыходнік]

Кушакі і кушаковыя (шаўковыя) тканіны мелі назву па месцу вытворчасці, месцу вывазу, транзітнага гандлю («гірэйскія», «шэмаханскія», «брускія», «місюрскія», «перскія», «турскія», «польскія»)[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Кушакі былі рознай даўжыні (да 4 метраў) і шырыні (да 0,6 м), звычайна не мелі махроў (у рэдкіх выпадках махры з’яўляліся працягам нітак асновы ці прышытымі), па кампазіцыі і арнаментацыі падзяляліся на тры часткі: «сярэднік», «канцы», «шляк», вырабляліся адна- і двухбаковымі, адна- і двухчастковымі, суцэльнымі і сшыўнымі. Арнаментацыя канцоў складалася з чаргавання кветак, букетаў, вянкоў, зорчатых кампазіцый, медальёнаў, якіх было ад 3 да 7. Сярэднік затыкаўся раслінным, геаметрычным, «лусковым», «у гарошак» узорам ці быў без арнаменту. Залотная нітка выкарыстоўвалася ў асобных месцах, звычайна на «канцах»[1].

Сярэдняя Азія[правіць | правіць зыходнік]

У Сярэдняй Азіі тканевым поясам падпяразвалі ніжні халат  (руск.): старыя — белым, мужчыны сярэдняга ўзросту — сінім, моладзь — чырвоным, малінавым або жоўтым. У складках кушака насілі грошы, табакерку, дробныя пакупкі, ежу ў дарогу. Кушаком выціраліся пасля абмывання перад малітвай, ён служыў кілімком для намаза і абрусам для дарожнай трапезы. Кушак таксама намотвалі на галаву чалмой[3].

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Шаўковы пояс мануфактуры Д. Я. Земскага ў Купаўне

Выраб кушакоў для продажу ў Расіі быў наладжаны армянскімі майстрамі ў Астрахані (мануфактуры Равіза Зеліева[6], 1752 год, і братоў Буніятавых[6], 1760 год), з сярэдзіны XVIII стагоддзя — у Маскве і яе ваколіцах (Купаўна  (руск.), Хамутова  (руск.), Пакроўскае)[1]. У 1730—1760 гадах у Маскве было заснавана звыш дваццаці шаўкаткацкіх прадпрыемстваў[7]. Майстры, якія выраблялі кушакі, называліся кушачнікамі. Тканіны, якія ішлі на кушакі, атрымалі назву кушачных[8][9].

Вытворчасць паясоў-кушакоў узнікла амаль адначасова на землях Расіі і Беларусі, цэнтры — Масква і Слуцк. Абедзве вытворчасці развіваліся незалежна адна ад другой. Паясы ткаліся народнымі майстрамі-мастакамі. Рускія і беларускія майстры, кожныя па-свойму, перапрацоўвалі ўсходнія арыгіналы і надавалі ім свае нацыянальныя рысы[10].

Аднак, нягледзячы на знешняе адрозненне, паміж маскоўскімі і слуцкімі паясамі ёсць унутраная агульнасць. Яна можа быць выяўлена толькі ў працэсе параўнальна-гістарычнага вывучэння мастацкага ткацтва абодвух народаў[10].

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Кушак белгародскі

У Расійскай імперыі пояс для падпярэзвання верхняга адзення ўяўляў сабой тканую або вязаную паласу ваўняной або паўваўняной тканіны шырынёй 5-15 см і даўжынёй да 250—300 см, яны маглі быць гладкімі або з рэльефным узорам. Жанчыны падвязвалі пояс толькі на левым баку, мужчыны — на любым. Царскія, баярскія і вялікакняскія кушакі выраблялі з рознакаляровых шоўкаў з золатам і срэбрам. У Барыса Гадунова кушак быў з «залатой і шаўковай рознакаляровай камкі і з аб’яры», Аляксей Міхайлавіч насіў з кушаком апраўлены золатам і камянямі нож[11]. Заможныя людзі падпяразваліся кушаком высока, пад грудзі, каб выпіраў жывот, а беднякі — нізка, амаль па крыжу. Маладыя хлопцы абкручваліся поясам у два абароты, пачынаючы спераду, і падтыкалі пад яго канцы. Без кушака — распаяскам — хадзілі толькі дзеці. Асноўныя віды кушакоў — вузкі тканы ўзорысты пояс-пакромка і скручаны джгутам шырокі каляровы пояс, канцы якога запраўлялі па баках[4][5]. Зімовую вопратку — кажухі, шубы, дахі  (руск.) — падпяразвалі трохметровымі ваўнянымі або шаўковымі кушакамі[3].

У XIX стагоддзі кушакі абавязкова насілі рамізнікі  (руск.): за пояс рамізніка хапаліся на павароце пасажыры; тузаючы за яго, яны таксама патрабавалі прыпынак[12]. На поясе ў рамізнікаў-ліхачоў, якія забаўлялі публіку хуткай яздой, са спіны вісеў кішэнны гадзіннік  (руск.) і попельніца. Ламавікі  (руск.) насілі доўгія кумачовыя кушакі ў некалькі абаротаў, на канцы кушака быў прымацаваны жалезны кручок, якім лягчэй узваліць груз на спіну і несці, утрымліваючы за іншы канец кушака[3]. У рускіх гусар  (руск.) пояс складаўся з каляровых шнуроў, перахопленых у некалькіх месцах аплёткай — «гомбамі» і зашпільваўся ззаду на петлі і кастылькі, а з яго правага боку звісалі фестонам  (руск.) два шнуры з кутасамі. Уланы  (руск.), коннаегеры і драгуны  (руск.) насілі суконныя кушакі ў колер мундзіра з каляровымі выпушкамі. У другой палове XIX стагоддзя форму кушака атрымаў афіцэрскі шалік[5].

Другаснае выкарыстанне кушакоў як тканіны[правіць | правіць зыходнік]

Усходнія кушакі як каштоўныя тканіны выкарыстоўваліся для вырабу адзення, а таксама прадметаў свецкага і царкоўнага жыцця[7].

Самым раннім прыкладам выкарыстання тканіны кушаку для швейнага царкоўнага адзення з’яўляецца падрызнік мітрапаліта Алексія (1290—1375)[13].

У больш позні час, ужо ў XVI стагоддзі, часта згадваецца мужчынскае свецкае адзенне, пашытае з шаўковых усходніх кушакоў. Да пачатку XVII стагоддзя адносіцца згадка пра жаночае адзенне, пашытае з шаўковых усходніх кушакоў[7].

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Пояс-кушак складаў неабходную частку ўкраінскага, рускага і беларускага адзення. Таму ён меў вялікае дэкаратыўнае значэнне і багата арнаментаваўся. Упрыгожванне адзення найбольш ярка выражалася ў распрацоўцы каларыту і арнаментацыі пояса. Матэрыял, размер і назначэнне пояса давалі магчымасць майстру-ткачу выявіць свае мастацкія здольнасці. Кожны пояс-кушак можна разглядаць як узор ткацкага майстэрства свайго часу[14].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г Лазука 2015, с. 119.
  2. Кушак // Толковый словарь живого великорусского языка  (руск.) / авт.-сост. В. И. Даль. — 2-е изд.. — СПб.: Типография М. О. Вольфа, 1880—1882.
  3. а б в г К. А. Буровик 1996.
  4. а б И. И. Шангина 2006.
  5. а б в Л. В. Беловинский 2007.
  6. а б М. Чулков. Историческое описание российской коммерции при всех портах и границах от древних времён до ныне настоящего и всех преимущественных, узаконений по оной Гос. Имп. Петру В. и ныне благополучно царствующей Гос. Имп. Екатерины В. М., 1785, стр. 619.
  7. а б в Л. І. Якуніна. Слуцкія паясы (руск.)
  8. гл. «Тлумачальны слоўнік» У. Даля
  9. Якуніна 1960, с. 9.
  10. а б Якуніна 1960, с. 11.
  11. Кушаки // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  12. Вечерняя Москва: Лихачи и ваньки. Зачем пассажиры вешались извозчикам на шею
  13. Аружэйная палата, № 12026
  14. Якуніна 1960, с. 7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазука, Барыс Андрэевіч. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII стагоддзя. Малы лексікон / Б. А. Лазука; [фота: Б. А. Лазука, М. П. Мельнікаў]. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170, [2] с. : каляр. іл., партр. ; 30 см. Фактычная дата выхаду ў свет ― 2014. ― Бібліяграфія: с. 170―171.
  • Беловинский Л. В. Кушак // Иллюстрированный энциклопедический историко-бытовой словарь русского народа. XVIII — начало XIX в. / под ред. Н. Ерёминой. — М.: Эксмо, 2007. — С. 340. — 784 с. — 5000 экз. — ISBN 978-5-699-24458-4.
  • Буровик К. А. Кушак // Красная книга вещей: Словарь. — М.: Экономика, 1996. — С. 129—130. — 215 с. — ISBN 5-282-01639-7.
  • Глинкина Л. А. Кушак // Иллюстрированный словарь забытых и трудных слов русского языка: ок. 7000 единиц: более 500 ил. / Л. А. Глинкина; худож. М. М. Салтыков. — М.: Мир энциклопедий Аванта+, 2008. — С. 88. — 432 с. — ISBN 978-5-98986-208-5.
  • Кушак // Русский традиционный костюм: Иллюстрированная энциклопедия / Авт.: Н. Соснина, И. Шангина. — СПб.: Искусство — СПб, 2006. — С. 156—157. — 400 с. — 3000 экз. — ISBN 5-210-01612-9.
  • Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.